Пашырэнне антыкамуністычнага руху 1968-1985 гг.

Выспяванне эканамічнага крызісу. Нафтарублі не маглі паступаць безупынна. Ужо ў першай палове 70-х гг. кошт нафты папоўз уніз. Атрыманыя на хвалі рыначнай канюнктуры сродкі былі хутка праедзеныя. У 1971—1985 гг. тэмпы росту выдаткаў на сацыяльную сферу і заработную плату апярэджвалі тэмпы росту нацыянальнага даходу. Рэформы А. Касыгіна праваліліся. Сацыялістычная планава-дзяржаўная сістэма не спрацоўвала, якія грашовыя ін’екцыі яна ні паглынала б. У 70-х гадах у Беларусі, як і ва ўсёй дзяржаве, залаволі ся, а потым і спыніўся рост матэрыяльнага дабрабыту. Стагнацыя перарасла ў спад вытворчасці. Абвастрылася харчовая праблема. БССР саступала міжнародным стандартам па спажыванні мяса, малака, агародніны, садавіны. Неабходная каларыйнасць харчавання кампенсавалася за кошт спажывання бульбы і хлеба. Назіраўся востры недахоп гарадскіх кватэраў, прамтавараў.
Ахвяры “імперскіх амбіцыяў”. Беларускія юнакі пасылаліся на задушэнне антыкамуністычнага выступлення ў Чэхаславакіі (1968) і бессэнсоўна пралівалі сваю і чужую кроў. У 1970 г. камуністычныя ўлады правялі буйное ваеннае вучэнне “Дзвіна”, якое ахапіла і Беларусь. Былі ахвяры. Толькі дзесяцігадовая вайна ў Афганістане (1979— 1989) забрала жыцці 723-х беларускіх грамадзянаў. А на пачатку 80-х гадоў, калі выспяваў антыкамуністычны рух у ГІольшчы, сканцэнтраваная на тэрыторыі БССР Савецкая Армія чакала загаду.
За жалезнай заслонай. Савецкі грамадзянін меў права толькі на гарачую падтрымку палітыкі партыі і на марксісцка-ленінскі светапогляд. Камуністычныя “князі” імкнуліся ўтрымаць сваіх падданых у паслухмянасці шляхам палітыкі ізаляцыянізму. Выезд за мяжу быў практычна немагчымы. Жадаючым адмаўлялі з прычыны нізкага маральнага ўзроўню, недастатковай палітычнай свядомасці, неўрэгуляванасці сямейных адносінаў, наяўнасці сваякоў за мяжой або дзеля захавання дзяржаўных сакрэтаў. Гаворка пра тых, хто пабываў у германскім палоне ці ў турмах, увогуле не вялася. Міжнародная дзейнасць БССР зводзілася да дзяжурных выступленняў яе дэлегатаў у ААН і ЮНЕСКА ды прыёму замежных дэлегацыяў па складзеным у Маскве графіку.
“Другое слуцкае паўстанне”. Незадаволенасць камуністычным кіраўніцтвам час ад часу праяўлялася стыхійна. Трагічныя падзеі разгарнуліся ў 1967 г. у Слуцку. Тамтэйшы камуніст, загадчык аддзела мясцовага выканкама учыніў забойства чалавека. ГІрызначаны на кастрычнік савецкі суд даверу ў жыхароў Слуцка не выклікаў. Шматтысячны натоўп настойліва патрабаваў для забойцы смяротнай кары. Дайшло да сутыкнення з сіламі аховы. Меліся ахвяры. Памяшканне суда было спаленае. 70 удзельнікаў антысавецкага выступлення арыштавалі. Дваіх асудзілі на расстрэл, астатнія атрымалі ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Рэакцыя на чэхаславацкія падзеі. Спроба Чэхаславакіі пазбавіцца маскоўскага дыктату і ўвод туды савецкага войска (1968) прыцягнулі да сябе ўсеагульную ўвагу. Камуністычныя наглядчыкі ў той год фіксавалі сярод беларускага насельніцтва “апалітычнасць, нездаровыя размовы і настроі”. Падчас выбараў 1969 г. каля 20 тыс. выбаршчыкаў галасавалі супраць кандыдатаў у мясцовыя Саветы БССР. У 1970 г. беларускі паэт і перакладчык Сяргей Панізнік, які не па сваёй волі трапіў у склад савецкіх акупацыйных войскаў, знайшоў мужнасць публічна папрасіць прабачэння ў чэшскіх вучоных і журналістаў, за што падпаў пад рэпрэсіі.
Паласа рэпрэсіяў супраць дысідэнтаў. Пасля XXIII з’езда КПСС (1966) злоўжыванні ўладай у асяроддзі партыйнай наменклатуры яшчэ больш узраслі. Ствараліся неабмяжаваныя магчымасці кланавага кіраўніцтва на ўсіх узроўнях. Вярталіся рэпрэсіўныя метады кіравання. У другой палове 60-х гадоў пад нагляд КДБ трапляе пісьменніца Лідзія Вакулоўская, на кватэры якой збіралася вольнадумная інтэлігенцыя Мінска. У 1973 г. па ўсёй краіне пракацілася хваля асуджэння акадэміка Андрэя Сахарава, да якой далучылася і кіраўніцтва АН БССР. На пачатку 1974 г. у такой самай кампаніі асуджэння расійскага пісьменніка Аляксандра Салжэніцына прымусілі ўдзельнічаць і некаторых дзеячаў мастацтва БССР. Дысідэнтаў, як і пры Сталіне, садзілі ў турмы, адпраўлялі ў высылку, а то і запіралі ў псіхіятрычных лякарнях (гэта ўжо было вынаходніцтва неасталіністаў). На змену рэпрэсіям фізічным прыйшлі рэпрэсіі маральныя. Дысідэнты станавіліся парыямі грамадства, перад якімі зачыняліся ўсе дзверы. Найбольш вядомым беларускім дысідэнтам быў бабруйскі рабочы Міхась Кукабака. За адмову ад удзелу ў выбарах савецкіх уладаў, абарону правоў чалавека і асуджэнне русіфікацыі ў публіцыстычных творах яго восем гадоў (1969—1976) трымалі ў псіхіятрычнай лякарні, а потым дзевяць (1979—1988) — у турме. Міхася Кукабаку ведалі і абаранялі ў ЗША, Англіі, Даніі. Знакаміты дысідэнт падтрымліваў сувязі з праваборцамі Расіі. Толькі ў самой Беларусі голас у яго абарону не прагучаў ні разу. Ахвярамі карнай псіхіятрыі ў Беларусі ад канца 60-х гадоў сталі таксама такія праваборцы, як публіцыст і гісторык Анатоль Сідарэвіч, літаратуразнаўца і касмолаг Вячаслаў Зайцаў (1917—1992), паэт і медык Алесь Наўроцкі, загадчык кафедры Мінскага медінстытута прафесар У. Мірончык, які ў сваіх “Сустрэчных закліках да ЦК КПСС” выступаў за дэмакратызацыю савецкага грамадства. У 1981 г. студэнтаў філасофскага аддзялення БДУ прымусілі пакінуць вучобу толькі за тое, што яны выступілі ініцыятарамі прашэння аб дэмакратызацыі навучальнага працэсу. Адзін з іх у знак пратэсту скончыў жыццё самагубствам, выкінуўшыся з шостага паверха галоўнага корпуса універсітэта.
Юнацкі нонканфармізм. На пачатку 60-х гадоў у Беларусь з Захаду прыйшла новая форма музыкі - біт. Яе прыхільнікі (бітнікі, біт-гурты) з’явіліся найперш у Гародні і Мінску. 3 канца 60-х гадоў мацнеў рух хіпі. Савецкае грамадства (і не толькі яно) асуджала моладзь. У другой палове 60-х гадоў студэнцкія хваляванні назіраліся ў Францыі і Германіі. 7 красавіка 1970 г. у Мінску на вул. Энгельса падчас бойкі з невядомым быў смяротна паранены мінскі хіпі Вячаслаў Максакаў. На другі дзень на месцы забойства нехта зрабіў графіці ў памяць пра загінулага. 9 красавіка па вяртанні з пахавання сябры В. Максакава сталі выпадковымі сведкамі знішчэння графіці. Яны прыпынілі знішчэнне. Узнік стыхійны мітынг. Сабралося ад 100 да 400 чалавек. У адказ на патрабаванне міліцыі разысціся ўдзельнікі выступлення сашчапілі рукі ў лакцях і сталі ля сцяны. Між хіпі і міліцыяй адбылася бойка. Пасля мінскага выступлення супраць хіпі паўсюдна наладжваліся аблавы, іх выключалі з навучальных установаў. У адказ у кастрычніку 1971 г. адбылася несанкцыянаваная дэманстрацыя гарадзенскіх і прыбалтыйскіх хіпі ў падтрымку ідэі свабоды асобы. Ахоўнікі збівалі хіпі, дралі на іх джынсы, адразалі доўгія валасы. У ліпені 1972 г. выступленне гарадзенскіх хіпі паўтарылася. Гэты раз да іх далучыліся хіпі з Прыбалтыкі, Львова, Масквы і Ленінграда. Дэманстранты, якія патрабавалі свабоды слова, свабоды выбару, свабоды кахання, былі разагнаныя дэсантнікамі.

© Шыбека 3.
 Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.