Разбурэнне бальшавіцкай сістэмы ўлады. 1985 – 1991

3 сярэдзіны 80-х гадоў стала відавочным неабходнасць у СССР рэформаў, а для патрыётаў Беларусі – і неабходнасць ратавання беларускага народа ад уціску цэнтра. Тады меркавалася – Саюз лягчэй і прасцей рэфармаваць, чым яго разбурыць ці з яго вырвацца.

Апошняя “перабудова” забракаванага сацыялізму

Вылучэнне Міхаіла Гарбачова. Пасля смерці Леаніда Брэжнева (1982 г.) і яго паслядоўніка Канстанціна Чарненкі да вышэйшай улады ў СССР прыйшоў Міхаіл Гарбачоў (сакавік 1985). Красавіцкі (1985) пленум ЦК КПСС, а потым і XXVII з’езд партыі, што адбыўся ў лютым-сакавіку 1986 г., абвясцілі рэвалюцыйнае абнаўленне сацыялізму, карэнную перабудову савецкага грамадства. Міхаіл Гарбачоў пачаў вынішчаць тое, на чым трымалася бальшавіцкая дзяржава – азіяцкі дэспатызм і камандна-адміністрацыйную эканоміку.
Гарбачоўскія рэформы і Беларусь. На фоне глыбокага гаспадарчага крызісу ў СССР забеспячэнне харчовымі і прамысловымі таварамі насельніцтва Беларусі пэўны час выглядала яшчэ даволі прыстойна. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у другой палове 80-х гг. прамысловая вытворчасць рэспублікі нават павялічвалася (у 1988 г. – на 8%). У 1990 г. Беларусь вывозіла таварнай прадукцыі на 4,1 млрд. руб., а імпартавала на 2,1 млрд. руб. Гэта забяспечвалася традыцыйнай працавітасцю беларускага народа, наяўнасцю значнага сектара закладзенай яшчэ ў даваенныя гады лёгкай прамысловасці, больш эфектыўнай сельскай гаспадаркай заходняй Беларусі, дзе нават пры панаванні калгасна-саўгасных парадкаў сяляне не паспелі страціць звычку да руплівай працы. Гэтую акалічнасць мясцовыя камуністы адносілі да “перавагаў” сацыялізму і асабліва ўпарта трымаліся за старыя парадкі. 3 усіх перабудовачных навацыяў пэўныя вынікі дала толькі антыалкагольная кампанія. На працягу гэтай кампаніі (1985— 1989) у Беларусі ў чатыры разы знізілася смяротнасць, выкліканая папярэднім спойваннем народа гарэлкай, і было ўратавана, прынамсі, 20 тыс. жыццяў.

На парозе радыкалізацыі рэформаў. У 1990 г. эканамічны крызіс савецкай сістэмы ахапіў і Беларусь. Спатрэбілася каля пяці гадоў, каб узнікла разуменне,’ што прымусіць працаваць камандна-адміністрацыйную сістэму ў новых умовах немагчыма ніякімі спосабамі. 3 сярэдзіны 1990 г. пачаўся пераход ад адзінай формы агульнадзяржаўнай уласнасці да прыватнай, кааператыўнай, змяшанай. Найбольш энергічныя і прадпрымальныя людзі пачалі ствараць першыя ў Беларусі прыватныя прадпрыемствы. Узніклі першыя фермеры, першыя сумесныя беларуска-замежныя фірмы. Але рэформы не мелі поспеху. У сельскай гаспадарцы ўжо не было сялянаў-уласнікаў – іх вынішчыла калгасна-саўгасная сістэма. У прамысловасці рэфарматары сутыкнуліся з жорсткім супраціўленнем ваенна-прамысловага комплексу. Выходзіла, рэформы трэба было пачынаць з палітычнай сферы. А яны тут маглі быць эфектыўныя за дзвюма ўмовамі: пры поўным адхіленні ад улады камуністычнага кіраўніцтва, якое кармілася за кошт дзяржаўнай уласнасці, і поўнай адмове ад імперскага прынцыпу пабудовы Савецкага Саюза, гіганцкія маштабы якога выключалі эфектыўнае гаспадаранне і кіраванне.
Галоснасць. Савецкі Саюз ператварыўся ў дыскусійны клуб. Грамадства ўпарта шукала прымальныя для сябе шляхі мадэрнізацыі. У Мінску ў студзені 1987 г. па ініцыятыве групы грамадазнаўцаў (эканамістаў, філосафаў, гісторыкаў, журналістаў) узнік дыскусійны паліт-клуб “Современник”. Пасяджэнні праходзілі на кватэры старшыні клуба філосафа Льва Крывіцкага, потым у кінатэатры “Вільня’”, а пазней у Доме палітасветы. Дыскусіі часам збіралі больш за тысячу слухачоў і ўдзельнікаў спрэчак. У 1989 г. напалоханыя гарадскія ўлады пазбавілі палітклуб памяшкання. Многія актывісты былі звольненыя з працы. Большасць кіраўнікоў клуба ўвайшло потым у Аб’яднаную дэмакратычную партыю, брало ўдзел у стварэнні партыяў сацыял-дэмакратычнага накірунку.

Арганізацыйнае афармленне беларускага руху

Нацыянальная эліта. Фармаванне новага стану прадпрымальнікаў амаль не ўплывала на беларускі рух. Навабранцы бізнесу, былыя апаратчыкі і “ценевікі”, арыентаваліся на ўсесаюзны рынак і савецкія каштоўнасці, і з гэтай прычыны не мелі зацікаўленасці ў пашырэнні нацыянальнага сепаратызму. Таму шэрагі нацыянальнай апазіцыі папаўняліся выключна інтэлігенцыяй, духоўная дыскрэдытацыя якой пачынала дапаўняцца дыскрэдытацыяй эканамічнай.

Юнацкі авангард. Пасля спынення ў 1984 г. дзейнасці Майстроўні засталася нелегальная група “Незалежнасць”, якая імкнулася пашыраць моладзевы рух у легальных культурніцкіх формах, а пры неабходнасці надаваць яму палітычны характар. 3 гэтаю мэтай у лютым 1985 г. ва ўрочышчы Смольня Стаўбцоўскага раёна была праведзеная нарада моладзі з Мінска, Гомеля, Брэста і Наваполацка. У далейшым стварылася даволі густая сетка палітызаваных нефармальных аб’яднанняў: “Талака” (1985), “Тутэйшыя”, “Няміга”, “Сьвітанак”, “Агмень”, “Нашчадкі”, “Няміга” (рок-клуб) у Мінску, “Талака” у Гомелі (1986), “Паходня” ў Гародні (1986), “Крывічы”, “Сакавік” і рок- клуб у Наваполацку, “Маладзік” у Полацку, “Узгор’е” ў Віцебску (1986), “Край” у Брэсце, “Повязь” у Оршы, “Рунь” у Лідзе. Яны выступалі за зберажэнне і прапаганду беларускай мовы, культуры, гісторыі. Мінскія суполкі (найперш “Талака”) па вечарах пасля вучобы дапамагалі будаўнікам у рэстаўрацыі Траецкага прадмесця. У красавіку 1986 г. войны-афганцы і камсамольцы-дружыннікі, нацкаваныя ўладамі, збілі маладых беларускіх патрыётаў – удзельнікаў народнага свята Гуканне вясны, якое праводзілася ў Траецкім прадмесці выкладчыкамі Мінскай мастацкай вучэльні Аляксеем Марачкіным і Міколам Купавам. Беларускі нацыянальны рух выдаваўся за нацысцкі. Тым не менш, да вясны 1988 г. колькасць нацыянальных моладзевых аб’яднанняў у Беларусі павялічылася да 40, у іх бралі ўдзел каля 3000 актывістаў.

Актывізацыя нацыянальных сілаў. Інтэлігенцыя сталага ўзросту спрабавала знайсці абарону беларускай мовы і культуры ў Маскве. У снежні 1986 г. прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі накіравалі на імя М. Гарбачова першую скаргу, вядомую пад назвай “Пісьмо 28-мі”, а потым у чэрвені 1987 г. яшчэ адну – “Пісьмо 134-х”. Але ўсё – марна. Пасля асэнсавання чарнобыльскай бяды і выкрыцця бальшавіцкіх злачынстваў у Курапатах (артыкул археолага Зянона Пазняка і інжынера Яўгена Шмыгалёва ў газэце “Літаратура і Мастацтва” ад 3 чэрвеня 1988 г.) расчараванне існуючым ладам узрастала, а гуртаванне нацыянальнай палітычнай апазіцыі паскаралася. Абуджальнікамі грамадскасці выступілі Зянон Пазняк і вядомы беларускі пісьменнік Васіль Быкаў. Спачатку на сходзе дэмакратычнай грамадскасці Мінска 19 кастрычніка 1988 г. на ўзор расійскага “Мемарыяла” ўтварылася беларускае гісторыка-асветнае таварыства памяці ахвяраў сталінізму “Мартыралог Беларусі”. На гэтым жа пасяджэнні быў абраны Арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту за перабудову “Адраджэньне” у складзе 32-х чалавек на чале з 3. Пазняком.
Рэакцыя ўладаў. Партыйна-дзяржаўныя структуры Беларусі на чале з першым сакратаром ЦК КПБ Яфрэмам Сакаловым (1987—1991) вельмі варожа паставіся да арганізацыйнага афармлення беларускага грамадскага руху, які выходзіў з-пад партыйнага кантроля. Адразу пачалося цкаванне яго ўдзельнікаў у друку. Рабілася спроба стварыць свой Беларускі народны фронт, кіраваць якім даручалася першаму сакратару Мінскага гарадскога камітэта КПБ Пятру Краўчанку, але афіцыйны “фронт” не знайшоў прыхільнікаў. 30 кастрычніка 1988 г. улады арганізавалі пагром мітынгу-рэквіема ў Курапатах, які праводзіўся пад кіраўніцтвам БНФ. На яго сабралося ад 10 да 30 тысячаў чалавек, якіх сустрэлі вадамётныя і пажарныя машыны, міліцэйскія шэрагі, вайскоўцы ўнутранай службы, гумавыя дубінкі. 72 чалавекі былі арыштаваныя. Урадавая камісія на чале са старшынём Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Георгіем Таразевічам не знайшла віноўнікаў пагрому. Рэакцыйныя дзеянні ўладаў выклікалі беларускі патрыятычны рух ва ўзброеных сілах СССР (Мінск, Барысаў, Масква, Прыазёрск, Цвер, Кастрама). I ўсё ж беларускі супраціў заставаўся элітным і скіроўваўся на мадэрнізацыю камуністычных парадкаў.

Ва умовах нарастання палітычнага крызісу

Праявы камуністычнага тэрору. Камуністычныя ўлады няспынна пераследвалі ўдзельнікаў беларускага руху. Афіцыйныя структуры адмаўляліся рэгістраваць БНФ, забаранялі легальны выпуск літаратуры. Сябры БНФ працавалі нелегальна і не маглі абысціся без дапамогі, найперш літоўскага Народнага фронту “Саюдзіс”. Дзейнічалі законы, якія забаранялі выкарыстанне беларускай нацыянальнай сімволікі і распаўсюджванне нелегальнай літаратуры. Нацыянальныя патрыёты выдаваліся ўладамі за экстрэмістаў і нацыстаў толькі на той падставе, што перанялі беларускую нацыянальную сімволіку (бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”), якую выкарыстоўвалі таксама і беларускія нацыяналісты ў часы першай і другой сусветных войнаў. У канцы 1988 г. было створанае Мінскае таварыства гісторыкаў для барацьбы з нацыяналізмам у гістарычнай навуцы. БССР ператваралася ў апірышча бальшавіцкіх сілаў на захадзе СССР. Гэта дало падставу пісьменніку Алесю Адамовічу назваць рэспубліку “Вандэяй перабудовы”.
Раскол у шэрагах камуністаў. Незадаволенасць палітыкай ваяўнічага кансерватызму, якую праводзіла кіраўніцтва Кампартыі Беларусі, узрастала ў шэрагах самой партыі. Яна не вылучыла са свайго складу ўплывовага крыла камуністаў-патрыётаў, як гэта было, напрыклад, у Літве. Але і сярод беларускіх камуністаў было шмат сумленных людзей, якія свядома ці падсвядома аберагалі свой народ і родны край. Некаторыя з іх сталі сябрамі БНФ ці актыўнымі барацьбітамі за нацыянальнае самасцвярджэнне. Абставіны вымусілі Вярхоўны Савет рэспублікі 26 студзеня 1990 г. прыкяць закон “Аб мовах Беларускай ССР”. У адпаведнасці з ім, з 1 верасня 1990 г. дзяржаўнай мовай Беларусі прызнавалася мова карэннай нацыі – беларуская, а да канца 2000 г. гэтая мова станавілася рабочай ва ўсіх установах краіны.

Першая парламенцкая апазіцыя ў БССР. На выбарах у Вярхоўны Савет 1990 г. дазвалялася вылучаць кандыдатаў у дэпутаты на сходах жыхароў. Цэнтральны выбарчы камітэт спачатку адмовіўся рэгістраваць кандыдатаў апазіцыйнага Дэмакратычнага блока на чале з БНФ, але потым адмяніў сваё рашэнне. I адбылася гэтая перамена не без уплыву дэманстрацыі, праведзенай БНФ 25 лютага 1990 г. У выніку некамуністычныя сілы ўпершыню за ўсю гісторыю савецкай улады змаглі правесці на сакавіцкіх выбарах сваіх кандыдатаў у народныя дэпутаты БССР і ў склад мясцовых саветаў. Хоць многія кандыдаты падчас выбарчай кампаніі былі “адсеяныя”, Фронт здабыў сабе мандаты пераважна ў Мінску (20 з 22). 67 дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР склалі Дэмакратычны клуб на чале з фізікам і прарэктарам БДУ Станіславам Шушкевічам. Пазней фракцыя БНФ на чале з Зянонам Пазняком узрасла да 36 з 345 абраных дэпутатаў, а Дэмакратычны клуб пашырыўся да 100 абраннікаў.

Наспяванне саюзнага крызісу. Стары Вярхоўны Савет завершыў сваю дзейнасць тым, што пасля абвяшчэння Літвой незалежнасці запатрабаваў ад яе вяртання Віленшчыны (29 сакавіка 1990). Рабілася гэта па загадзе з Масквы, каб з дапамогай міжнацыянальнага канфлікту ўтрымаць Літву ў складзе Савецкага Саюза. А 26 красавіка 1990 г. у Мінску па ініцыятыве БНФ адбылася рабочая сустрэча прадстаўнікоў народных франтоў Беларусі, Латвіі, Літвы і Украіны, дзе разглядалася пытанне аб заключэнні ў будучым палітычнага Балтыйска-чарнаморскага саюза ўсходнееўрапейскіх дзяржаваў Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Беларусі. Такое аб’яднанне дазволіла б умацаваць суверэнітэт кожнай з пяці краінаў і пазбавіцца залежнасці ад Масквы.

В.Кебіч

Абвяшчэнне дзяржаўнага суверэнітэту. 86% дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР складалі камуністы. Ветэраны арганізавалі сваю фракцыю (“Саюз”), камуністы-артадоксы – сваю (160 членаў). Вылучалася яшчэ група кіраўнікоў прадпрыемстваў, якая характарызавалася пэўным лібералізмам, але выяўляла ў асноўным інтарэсы кіраўнічага апарату. Наменклатурныя фракцыі аб’ядноўвала ўпартае непрыняцце мадэрнізацыі грамадства і беларускай культуры. Старшынёй Вярхоўнага Савета абіраецца прадстаўнік партыйнага апарату, сакратар Палітбюро ЦК КПБ Мікалай Дземянцей, яго намеснікам – Станіслаў Шушкевіч (19 мая 1990). Старшынём Савета Міністраў БССР зацвярджаецца член Палітбюро ЦК КПБ Вячаслаў Кебіч. Кебіч Пасля ўхвалення 12 чэрвеня 1990 г. у Маскве Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце РСФСР тое самае мусіў зрабіць новы Вярхоўны Савет рэспублікі. 27 ліпеня 1990 г. ён прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР у складзе савецкай федэрацыі. Пацвярджаўся прыярытэт беларускай мовы, абвяшчалася права на стварэнне нацыянальнага войска, рэспубліканскай міліцыі і службы бяспекі. Дэкларацыя патрабавала ад урада СССР кампенсацыі стратаў, звязаных з ліквідацыяй наступстваў чарнобыльскай катастрофы. У той жа час прызнавалася неабходнасць падпісання новай саюзнай дамовы паміж рэспублікамі Савецкага Саюза. Каб не згубіць палітычны ўплыў у грамадстве, камуністычныя ўлады вымушаныя былі рабіць выгляд заклапочанасці нацыянальным адраджэннем. Але галасуючы за суверэнітэт, камуністы добра разумелі, што ў СССР не ўсе законы выконваюцца.

Выхад нацыянальнай эліты з “ружовага туману”. Добрым прыкладам для пашырэння беларускага нацыянальна-вызваленчага руху сталася крушэнне камуністычных рэжымаў у Польшчы, Венгрыі, Чэхаславакіі, ГДР, Балгарыі, Румыніі, якія пазбавіліся апекі Масквы. Натхняла беларусаў і тое рашучае імкненне да волі, якое дэманстравалі ўкраінцы і народы краінаў Балтыі. Неразумная палітыка саюзнага кіраўніцтва, скіраваная на гвалтоўнае задушэнне незалежніцкіх рухаў у Тбілісі і Вільні, толькі паскорыла дыстанцыяванне ад Масквы. Пад уплывам дэмакратычных зменаў у суседзяў 11-12 мая 1990 г. на пасяджэнні Сойму БНФ удакладнялася праграма. 3 гэтай пары мэтай БНФ стала імкненне да дзяржаўнай незалежнасці Беларусі (якая, аднак, уваходзіла б у будучы саюз незалежных дзяржаваў), да шматпартыйнасці і рынкавай гаспадаркі. Канферэнцыя БНФ, што праходзіла ў Мінску з 30 чэрвеня па 1 ліпеня 1990 г., а потым II з’езд БНФ (сакавік 1991 г.) пацвердзілі гэтыя ідэалы. 150-тысячная арганізацыя БНФ выразна адасаблялася ад КПБ. Масавы выхад з КПСС і дэкларацыя суверэнітэту БССР выклікалі хвалю заснавання новых партыяў. У 1990 г. узніклі Нацыянальна-дэмакратьгчная партыя Беларусі (НДПБ) патрыятычнага накірунку, Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі (АДПБ) ліберальнага накірунку, у 1991 г. – Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (БСДГ, пераемніца БСГ), Беларуская сялянская партыя (БСП), Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць. Новыя партыі налічвалі ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх соцень чальцоў. Адметна тое, што ў Беларусі нават падчас дэманстрацыі суверэнітэтаў не знайшлося ніводнай палітычнай сілы, якая цалкам адпрэчыла б ідэю саюза народаў, вызваленых з-пад тыраніі крамлёўскага камуністычнага кіраўніцтва.

© Шыбека 3.
Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии