Абвяшчэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь

Апошняя спроба ўратаваць СССР. Незадаволенасць маскоўскім цэнтралізмам нарастала. У лютым 1991 г. М. Гарбачоў яшчэ агітаваў у Мінску за падпісанне новага саюзнага пагаднення. I ў сакавіку падчас праведзенага ў Савецкім Саюзе кансультацыйнага рэфэрэндума пра лёс СССР большасць беларусаў (82,7%) выказаліся за яго захаванне. Людзі не спадзяваліся сам-насам справіцца з вынікамі чарнобыльскай катастрофы. Але і супраць прагаласавала каля мільёна.
Хроніка дасягнення незалежнасці. У далейшым падзеі разгортваліся з маланкавай хуткасцю:

  • 2 красавіка ўрад СССР падвышае цэны;
  • 3 красавіка мінскія рабочыя распачынаюць забастоўку, шматтысячныя калоны рабочага люду збіраюцца перад Домам урада на мітынг пратэсту;
  • 4 красавіка да забастоўкі мінчанаў далучаюцца працоўныя Брэста, Бабруйска, Жодзіна, Гомеля, Оршы;
  • 5 красавіка стачкамы пачынаюць выказваць палітычныя патрабаванні;
  • 9 красавіка Прэзідыум Вярхоўнага Савета і ўрад БССР прыцішае рабочы рух і народнае абурэнне эканамічнымі саступкамі;
  • 19 жніўня частка бальшавіцкага кіраўніцтва (ГКЧП) абвяшчае ў Маскве пра захоп улады; СССР апынаецца на мяжы грамадзянскай вайны; кіраўніцтва КПБ падтрымлівае путчыстаў; і толькі апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце актыўна і рашуча пратэстуе;
  • 20 жніўня ў Мінску на плошчы Незалежнасці збіраецца шматтысячны мітынг супраць ГКЧП і КПСС; прэм’ер Вячаслаў Кебіч утрымліваецца ад выканання загадаў путчыстаў; артадаксальнае кіраўніцтва ЦК КПБ плануе выбраць праз Вярхоўны Савет прэзідэнтам Бела- русі першага сакратара ЦК Анатоля Малафеева, які ўвядзе надзвычайнае становішча;
  • 21 жніўня дэмакратычныя сілы Расіі на чале з Барысам Ельцыным перамагаюць путчыстаў; камуністы, асцерагаючыся народнага гневу і рэпрэсіяў з ельцынскай Расіі, ухваляюць амаль усе нрапановы, якія ідуць ад БНФ;
  • 25 жніўня Надзвычайная сесія Вярхоўнага Савета БССР надае Декларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР сілу закона, прыпыняе дзейнасць КПБ-КПСС на тэрыторыі Беларусі; спікер беларускага парламента Мікалай Дземянцей пасля выяўлення яго сувязі з путчыстамі падае ў адстаўку, але нягледзячы ні на якія цяпер ужо шырока вядомыя, злачынствы камуністаў сімвалы камунізму ў выглядзе помнікаў і назваў вуліц, розных установаў застаюцца;
  • 3 верасня Польшча першая прызнае незалежнасць Беларусі;
  • 17 верасня новым старшынём Вярхоўнага Савета БССР абіраецца Станіслаў Шушкевіч;
  • 19 верасня нечарговая сесія Вярхоўнага Савета прымае рашэнне аб новай назве дзяржавы - Рэспубліка Беларусь; абвяшчаюцца дзяржаўнымі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг і старадаўні беларускі герб “Пагоня”;
  • 8 снежня кіраўнікі Беларусі, Расіі, Украіны падпісваюць ў Белавежы пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаваў (СНД) з штаб-кватэрай у Мінску; СССР знікае з палітычнай карты свету; паводле белавежскага пагаднення, Беларусь абавязваецца ўтрымліваць расійскае войска і ўзгадняць з Масквой замежную палітыку;
  • 20 снежня Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь дэнансуе Саюзны дагавор 1922 года; Рэспубліка Беларусь атрымлівае рэальную магчымасць будаваць сваю дзяржаўнасць.

Некаторыя тлумачэнні імклівых пераменаў. Камуністычная партыя і маскоўскі цэнтралізм у БССР безупынна страчвалі давер. Раскрываліся новыя і новыя факты замоўчвання імі сапраўдных маштабаў чарнобыльскай катастрофы. Дзякуючы намаганням БНФ, Крэмль і партыя ставіліся ў адзін шэраг са сталінскімі рэгірэсіямі і пасляваеннай русіфікацыяй. Уплываў прыклад суседніх краінаў, якія болей рашуча пазбаўляліся дыктату камуністаў і Масквы. Рэзкае павышэнне цэнаў з красавіка 1991 г. выклікала хвалю агульнарэспубліканскіх страйкаў. Насуперак абяцанням М. Гарбачова падчас лютаўскага візіту ў Беларусь, эканамічнае становішча пагаршалася. Рабочыя патрабавалі ад інтэлігенцыі выпрацаваць планы пераадольвання эканамічнага крызісу. Цэнтральны апарат кіравання няспынна разбураўся. КПБ дзялілася на артадоксаў і рэфарматараў. М. Дземянцей у адказ на выступленні рабочых і БНФ ужо ў красавіку патрабаваў увядзення агульнасаюзнага надзвычайнага становішча, каб уратаваць адзінства Савецкага Саюза. Іншыя бачылі выратаванне Саюза ў дэмакратызацыі. У чэрвені 1991 г. 33 дэпутаты стварылі фракцыю “Камуністы за дэмакратыю” пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі. Пасля няўдалага жнівеньскага путча ўплыў БНФ узрос яшчэ болыд. Гэта вымусіла дэпутатаў-камуністаў пайсці на негалосны кампрраміс з дэпутатамі ад БНФ. У выніку Беларусь стала незалежнай. А над націскам апазіцыі і рэфарматарскага маскоўскага ўрада беларускі парламент згадзіўся і на роспуск Савецкага Саюза. Перамены, аднак, не знізілі ўплыву былой партыйнай наменклатуры. Прыпыніўшы дзейнасць партыі, яны ўратавалі сябе ад магчымай грамадскай абструкцыі.

На чым трымалася бальшавіцкая сістэма ўлады. Як гэта ні парадаксальна, бальшавіцкі рэжым меў падтрымку ў насельніцтва краіны. Народ у абсалютнай большасці сваёй верыў, што жыве ў самым перадавым, самым гуманным грамадстве, у якім усё робіцца ў імя чалавека. Імперская ўлада трымалася не толькі жорсткасцю і гвалтам. За даволі кароткі тэрмін яна здолела сфармаваць у сваіх падданых новы, адпаведны бальшавіцкаму рэжыму, таталітарны светапогляд. Для гэтага выкарыстоўваліся інтэнсіўная ідэалагічная апрацоўка масаў, нагнятанне страху, татальная цэнзура, ізаляцыянізм. Большасць людзей не ведала пра жыццё за межамі савецкай дзяржавы.
Ім закладалі ў галовы, што там, на Захадзе - адны пакуты і капіталістычны прыгнёт. Усё гэта, мабыць, найвыразней праяўлялася ў БССР, якая была найбольш моцна інтэграваная ў Савецкі Саюз.

Бальшавіцкая спадчына. Беларусь атрымала ў спадчыну калгасна-саўгасную сістэму, якая за ўсе гады савецкай улады так і не накарміла народ. У рыначных умовах большасць прамысловых прадпрыемстваў сталі неканкурэнтаздольныя. Дасягненні сучаснай цывілізацыі не абміналі Беларусь. Але яна атрымлівала іх з дазволу Масквы з вялікім спазненнем у параўнанні з перадавымі краінамі свету. Жыхары Беларусі былі адарваныя ад сусветнай культуры. Дасягненні ў галіне гуманітарных навук заставаліся для іх невядомыя. Ім засланяў вочы марксізм-ленінізм, беспадстаўнасць і утапізм якога сёння відавочныя. Шырокаабвешчаная агульнадаступнасць адукацыі абарочвалася русіфікацыяй і атрыманнем ведаў, якія ў грамадстве не шанаваліся і не ўспрымаліся ўсур’ёз на міжнародным узроўні. У спадчыну Беларусь атрымала тэхнічную адсталасць. Бальшавіцкі перыяд - гэта час нескарыстаных магчымасцяў. Падлічана, што калі б на працягу 73 гадоў бальшавіцкага панавання беларусы былі свабодным народам, іх было б у этнічных межах 50 млн. чалавек. У 1991 г. у БССР жыло толькі каля 10 млн. беларусаў, а іх колькасць на працягу пасляваеннага перыяду заставалася нязменнай. Нават накормленыя беларусы былі ўсяго 25 гадоў (1965—1989) з 73-х. I ўсё ж насуперак волі чырвонай Масквы беларусы захавалі сваю мову і сваю тэрыторыю, дэманструючы феномен самавыжывання. Дый у спадчыну ад сацыялізму Беларусь атрымала не толькі ўсё непатрэбнае. Перадавую ваенную індустрыю можна было захаваць, а значную яе частку канверсаваць, перавесці на выраб мірнай прадукцыі. Магутная і разгалінаваная матэрыяльная база сістэмы адукацыі была прыдатнай для стварэння на яе аснове нацыянальнай школы. Закладзеныя камуністамі сацыяльныя праграмы маглі працаваць і ў новых умовах. Тэхнічная база сельскай гаспадаркі давала падставу для стварэння кааператыўных аб’яднанняў сапраўдных уласнікаў зямлі. Намінальная дзяржаўнасць БССР хоць і была абсалютным міфам, але ўспрымалася як сімвал бясспрэчнай адметнасці Беларусі і давала перспектыву для сапраўднага суверэнітэту.
Пасляваенны перыяд савецкага панавання (1945—1991) адметны тым, што беларуская нацыянальная ідэя дзяржаўнай незалежнасці была тады канчаткова выціснутая з масавай свядомасці, беларуская мова - з масавага ўжытку, а беларуская школа - з штодзённага жыцця беларусаў. Для большасці жыхароў краіны беларускасць заставалася этнаграфічным дзівам і мела глыбінны, натуральны сэнс толькі для вузкага кола беларусаў, пераважна інтэлектуалаў. Афіцыйныя ўлады не ішлі далей падтрымкі беларускага рэгіяналізму, прызнання рэгіянальных адметнасцяў беларусаў як часткі адзінага савецкага народа. Нацыя страціла сваю натуральную духоўную напоўненасць (мову, гісторыю, традыцыю). Нацыя страціла амаль усё, што ўпарта набывала на працягу XIX - першай паловы XX стагоддзяў. Бальшавіцкі духоўны генацыд меў сваім вынікам стварэнне беларускай эрзац-нацыі, нацыі без адпаведнай нацыянальнай духоўнасці, якая падмянялася савецкай ідэйнасцю. Яе абалонкай заставалася масавае ўсведамленне існавання беларускай зямлі ды асобнай беларускай рэспублікі - БССР. I гэта адзінае, што ратавала беларусаў ад поўнай дэнацыяналізацыі. Пасля дасягнення незалежнасці Беларусь мела найлепшыя ў былым Саюзе стартавыя ўмовы для трансфармацыі ў рыначную эканоміку і найгоршыя ўмовы для палітычнага рэфармавання.

© Шыбека 3.
 Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.