Гродна – тлумачэнне летапіснай назвы горада

Імя горада ў летапісах

Каб адказаць на пытанне, як тлумачыцца тое ці іншае імя горада, трэба звярнуцца да этымалогіі і лінгвістыкі. Гэтыя навукі вывучаюць мову, гісторыю яе развіцця, паходжанне слоў, іх першапачатковую структуру. Таму невыпадкова, што пошук адказу на пытанне пра паходжанне і значэнне назвы «Гродна» мы пачнём з самых ранніх пісьмовых крыніц – летапісаў. Паглядзім, як афіцыйна падаецца назва Гродна. Пад афіцыйнай назвай горада мы будзем разумець яе выкарыстанне ў летапісах, пастановах магістрата, гарадской думы ці гарвыканкама, адлюстраванне назвы на гарадскіх пячатках, на паштовых штэмпелях, чыгуначных і аўтобусных станцыях. Першапачатковай назвай горада з’яўляецца тая, што згадваецца ў самых ранніх пісьмовых крыніцах у назоўным склоне. Такая згадка, прычым адзіная за ўсё ХІІ ст., знаходзіцца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1183 г. «…. Того же лета Городенъ погоре … ». Мноства разоў такая ж назва (з варыянтам яе змякчэння – Городень) згадваецца ў старажытнарускіх (Іпацьеўскім, Лаўрэнцьеўскім і Радзівілаўскім) і ранніх беларуска-літоўскіх летапісах. Такім чынам, «Городенъ» – адзіная летапісная назва нашага горада, якая змяняецца на імя «Гродна» перад самым стварэннем Рэчы Паспалітай, у 60-я гг. XVI ст. Па-беларуску гэтая назва гучыць як Горадзен, Гародня, Горадня ці Гродна. Тоеснасць гэтага летапіснага горада з сучасным Гродна на Нёмане даказаў на ІХ археалагічным з’ездзе ў Вільні (1893 г.) гродзенскі гісторык-краязнавец Яўстафій Арлоўскі. Таму ёсць усе падставы лічыць летапісны «Горадзен» гістарычным «продкам» сучаснага Гродна. Гэта пераканаўча пацвердзілі таксама археолагі. Што тычыцца назваў «Гародня» ці «Горадня» (сёння іх можна чуць з вуснаў розных людзей), то менавіта так называе наш горад народ. Гэта беларускае вымаўленне назвы «Городен», якое адпавядае мілагучнасці беларускай мовы. Назва Городен (варыянт Городень) у дачыненні да населеных пунктаў Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны ўнікальная. Яе нельга змешваць з найменнямі Гародна, Гарадня, Гарадок, якіх на акрэсленых абшарах безліч.

 Крыжакі называлі наш горад «Гартэн» (Garthen) або «Гартэна» (Garthena). У перакладзе з нямецкай мовы «garten» азначае сад.

 У дакументах на лацінскай мове горад называўся «Grodno» ці «Grodnae». У адной з грамат вялікага князя Жыгімонта ІІ Аўгуста, якая адносіцца да 1562 г., упершыню выкарыстоўваецца сучаснае імя горада на Нёмане – Гродна.

Тлумачэнне летапіснай назвы горада

Чаму менавіта так гучыць назва нашага горада, які сэнс яна мае? Дакументальна зафіксаваных тлумачэнняў летапіснага імя Гродна няма. Але існуе шэраг навуковых гіпотэз, кожная з якіх мае права на існаванне. Ніжэй прыводзяцца некаторыя з версій-тлумачэнняў паходжання летапіснай назвы горада Гродна.

• Мноства энцыклапедычных і даведачных выданняў, а таксама некаторыя манаграфіі тлумачаць паходжанне назвы Гродна ад дзеясловаў “гарадзіць, агароджваць”. Напрыклад, у падручніку для 4-га класа “Мая Радзіма – Беларусь” чытаем : “… Горадзень, Гародня. Гэтыя назвы, як і словы “гарадзішча”, “горад”, азначаюць “агароджанае месца, умацаванае паселішча”. Гэтага ж прытрымліваецца даследчык фальклору Аляксей Ненадавец у кнізе “Гродзеншчына: назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў”.

• Версію літоўскай назвы Гродна – Gardinas (Гардзінас) прыводзіць літоўскі філолаг пачатку ХХ ст. Казімерас Буга. Назва Гардзінас паходзіць ад імя паганскага бога Гардуніціс (або Гарнітас, Гардунціс), якога паважалі яцвягі (балцкае племя) за тое, што ён быў апекуном жывёлы. Згодна з паданнем, каля Гродна быў гай Гардуніціса, вядомы ва ўсёй гістарычнай Літве (цяпер гэта Гродзеншчына, Брэстчына і частка Міншчыны).

• Версія Вячаслава Шведа. Значная колькасць беларускіх гарадоў сваё імя атрымала ад назвы ракі, на берагах якой яны знаходзяцца. Напрыклад, Полацк (Полацак) – ад Палаты, Мінск (Менск) – ад Менкі, Віцебск – ад Віцьбы. Гродна (Горадзен, Горадня) атрымала назву ад ракі Горадня (іншыя назвы яе Гарадніца, Гараднічанка). Узнікае пытанне: “А чаму так называецца рака?”. Аказваецца, што горадня – гэта прамавугольны зруб з бярвенняў ці брусоў, які запоўнены ўнутры зямлёй і каменнем. Як апоры горадні выкарыстоўваліся для будаўніцтва маста – на іх клаўся насціл. Мост праз Нёман і сёння, як і ў сярэднявеччы, знаходзіцца паблізу Замкавай гары; мост XVII ст. – праз Замкавы роў – злучае Стары і Новы замкі. Горадні ў ХІІ ст. ўтваралі сцены драўлянага замка. Шчыльна пастаўленыя адна да адной тарцамі яны складалі абарончую сцяну. А перад гэтым на земляным вале маглі быць часовыя горадні з тонкіх жэрдак, заплеценых, як вялізны пляцень, каля вертыкальна ўбітых у зямлю слупоў. Паглядзіце на герб Гродна – на ім ёсць выява плятня (агароджы). Доказам таго, што прадстаўленая версія адпавядае рэальнасці з’яўляецца, напрыклад, назва часткі сярэднявечнай Масквы. У 1534 г. вакол яе Вялікага пасада вырылі роў і на яго вале пабудавалі новую крэпасць Кітай-горад. Яна была агароджана гораднямі з жэрдак, засыпаных зямлёй. Адсюль і назва, бо кіта – гэта звязка жэрдак. Падобнае адбывалася і ў Горадні (Горадзене). Ды і рачулка з такой назвай цякла каля гэтых умацаванняў. Падчас нападу на горад ворагаў можна было пачуць воклічы: “За горадню!” ці “Хавайцеся за горадні!” Вось і прыжылася за горадам гэтая назва. Яна выкарыстоўвалася мясцовым насельніцтвам амаль да сярэдзіны ХХ ст.

Гродна
Гродна. Гравюра 1605 г.

• Версія Алеся Госцева. Вельмі спрэчнае менавіта старажытнае, з ХІІ ст., паходжанне літоўскай легенды пра Гардуніціса і яе непасрэдная сувязь з першапачатковай (летапіснай) назвай Гродна. Слова “Гардзінас” толькі сугучна імю “Гардуніціс”. У той жа самай ступені слова “Городен” сугучна словам “Городна” і “Городно”. “Городен” можа азначаць проста “абгароджанае месца”, бо першапачаткова гэта быў горад-крэпасць, фарпост на паўночна-заходніх межах Кіеўскага княства і яго назва можа абазначаць “умацаванае абгароджанае месца”. Затое сучасныя беларускія мовазнаўцы тлумачаць нямецкае “Гартэн” і літоўскае “Гардзінас” як дакладны пераклад старажытнарускага “Городен”. І ў дадатак да таго, што глыбінны сэнс слова “город” азначае “абарона”, мы маем «Слова пра паход Ігаравы». Песня-плач пра гібель князя Ізяслава Васількавіча аздоблена фразамі-перазовамі: “Загородите полю ворота ….. трубы трубят городенскіи”. Як вядома, “Слова” заклікае князёў да яднання. І песня-плач выкарыстана аўтарам ў якасці збана-галасніка Барысаглебскай царквы для стварэння рэзанансу – шматразовага ўзмацнення закліку. “Загородите полю ворота” (згодна сярэднявечнай сімволікі, поле – гэта вораг, а ворота (брама) – горад ці краіна – заклік абараніць краіну ад ворага. І перазоў слова “загородите” са словам “городенскіи” указвае на глыбінны сэнс імя нашага горада: Городен – абаронца сваёй краіны.

© “Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада”, 2012; Kolegium Europy Wschodniej

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии