Гісторыя літары ґ

На працягу некалькіх стагоддзяў фармавання славянская моўная культура на тэрыторыі ВКЛ, а пазней і Рэчы Паспалітай, да пачатку XVI стагоддзя ўжо даволі адрознівалася ад той, якая існавала ў Маскоўскай дзяржаве. Калі жыхары дзяржаў часцяком без праблем разумелі адзін аднаго, то ў пісьмовай форме адрозненні сталі больш відавочныя. У 1556-1561 гг. на тэрыторыі сучаснага Роўненскага раёна Ўкраіны выйшла рукапіснае Перасопніцкае Евангелле. У ім упершыню ўзамен звычайна выкарыстоўванай у лісце камбінацыі "кг" (кгородской, кгрунт) з'явілася адмысловае напісанне запазычанай з візантыйскага курсіву літары гама (Γ, γ). У друкаваным варыянце знак ґ абавязаны сваім з'яўленнем двум уцекачам з Маскоўскага царства: Івану Фёдараву і Пятру Мсціслаўцу. У далейшым, два друкара перабраліся ў ВКЛ, дзе былі гасцінна сустрэты гетманам Рыгорам Хадкевічам, які ў сваім маёнтку Заблудаве і заснаваў друкарню. Тут Фёдараў і Мсціславец сутыкнуліся з трохі незвычайным для сябе гучаннем і прынцыпам напісання слоў. Далей шляхі двух выдаўцоў разашліся. Пётр Мсціславец накіраваўся ў Вільню, а Фёдараў, прапрацаваўшы яшчэ некаторы час у Заблудаве, адправіўся ў Львоў. Сустрэча з купецкім сямействам Мамонічаў дазволіла Мсціслаўцу працягнуць выдавецкую дзейнасць. У віленскай друкарні, арганізаванай на грошы купцоў, выйшлі "Евангелле" (1575 год), "Псалтыр" (1576 год) і "Часовник" (паміж 1574 і 1576 гадамі). Там жа ўбачыла свет і друкаваная літара ґ. Цяжка сказаць, ці быў Мсціславец знаёмы з Перасопніцкім Евангеллем або ён выкарыстоўваў ужо вядомыя варыянты напісання гамы, аднак дзякуючы яго кнігам у шрыфтах апынулася і гэта друкаваная літара. Нельга казаць пра тое, што новаўвядзенне адразу прыжылося. З аднаго боку, у "Граматыцы" Сматрыцкага (1619) літара ґ паказвалася, як запазычаная. Памво Берында ў сваёй кнізе "Лексікон славеноросский альбо имен толкование" таксама выкарыстоўваў гэту літару (1627). Навіна сустракала моцны пратэст, як з боку свецкіх, так і з боку царкоўна адукаваных людзей. Прыхільнікі і супернікі выкарыстання літары іншы раз пераносілі свае довады ў зусім іншую плоскасць. Так праваслаўныя аргументавалі бескарыснасць літары інтрыгамі каталікоў і ўніятаў, а апошнія раз-пораз таксама не жадалі выкарыстоўваць літару, як некананічную. У выніку ў царкоўных тэкстах, як у больш кансерватыўным асяроддзі, літара ґ не прыжылася. У свецкай літаратуры ўжо ў XVIII павеку яе сталі выкарыстоўваць вельмі рэдка. Перараджэнне літара ґ перажыла ў XIX стагоддзі на тэрыторыі Заходняй Украіны, якая адышла ў выніку падзелаў Рэчы паспалітай да Аўстра-Вугоршчыны. У 1905 году і на тэрыторыі Расійскай імперыі сталі выкарыстоўваць калісьці забытую літару. У беларускім класічным правапісе яна таксама стала выкарыстоўвацца з першай паловы ХХ стагоддзя. Аднак, становішча літары гэтак жа, як у XVI і XVII стагоддзях у алфавітах апынулася вельмі нестабільным. З вобласці граматыкі і фанетыкі спрэчкі пра актуальнасць літары пераносяцца ў сферу палітыкі і ідэалогіі.

© Паводле Delfi.lt