Адукацыя і навука на Беларусі ў др. пал. XVII – XVIII ст.

У адрозненне ад палітычнага жыцця нашая культура ў другой палове XVII-XVIII ст. не зазнала глыбокага заняпаду. Вялікае Княства Літоўскае адчула на сабе дабратворны ўплыў еўрапейскай эпохі Асветніцтва, якая сцвярджала ў жыцці грамадства і дзяржавы прыярытэт навукі і розуму.

Асвета

На пачатку XVIII ст. адукацыя ў дзяржаве па-ранейшаму заставалася ў руках царквы. Пачатковыя веды давалі школы пры манастырах і кляштарах, праваслаўных і вуніяцкіх брацтвах. Дзейнічалі навучальныя ўстановы Таварыства Ісуса (езуітаў), дамініканцаў, кармелітаў ды іншых каталіцкіх ордэнаў. Езуіцкія калегіюмы існавалі ў Полацку, Пінску, Мсціславе, Берасці, Вільні, Віцебску, Воршы, Горадні, Дарагічыне-Набужскім, Магілеве, Менску, Наваградку, Нясвіжы, Жодзішках (Ашмянскі павет), Юравічах (Мазырскі).

Пасля Паўночнай вайны шмат навучальняў у гарадах і мястэчках краіны адчыніў Ордэн піяраў. Падабенства навучальнай праграмы піярскіх школаў да перадавой езуіцкай, але менш суровая дысцыпліна рабілі іх вельмі папулярнымі. У піяраў мелі магчымасць бясплатна навучацца дзеці бедных пластоў насельніцтва, у тым ліку сялянства. Пад кіраўніцтвам асветніка і педагога Станіслава Канарскага ў сярэдзіне XVIII ст. была праведзеная рэформа піярскіх школаў, у праграме якіх значнае месца занялі прыродазнаўчыя і свецкія гуманітарныя навукі, а таксама замежныя мовы. Найбольш вядомыя піярскія калегіюмы працавалі ў Вільні, Віцебску, Воранаве, Лідзе, Полацку, Шчучыне, Дуброўне, Геранёнах на Ашмяншчыне, Лужках (Дзісенскі павет), Любешаве на Берасцейшчыне.

Шырокую сетку школаў, якія спаборнічалі з езуітамі і піярамі, меў вуніяцкі Ордэн базылянаў. Адрозна ад каталіцкіх навучальняў тут захоўвала свае пазіцыі беларуская мова. Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, моладзь Вялікага Княства магла працягваць вучыцца ў Віленскай акадэміі або ва ўніверсітэтах Заходняй Еўропы. Шмат выхадцаў з Літвы-Беларусі вучыліся ў Кіева-Магілянскай акадэміі, якую лічылі вышэйшай навучальнай установай для праваслаўных Рэчы Паспалітай.

Адукацыйная камісія

Важныя змены ў эканоміцы і грамадска-палітычным жыцці дзяржавы вымагалі карэннага рэфармавання сістэмы адукацыі. Гэтым занялася створаная ў 1773 г. Адукацыйная камісія Рэчы Паспалітай – фактычна першае ў Еўропе міністэрства асветы. У яго стварэнні ўдзельнічалі педагогі, вучоныя, палітыкі Гуга Калантай, Ян Снядэцкі, Ігнат Масальскі… У Вялікім Княстве дзейнасцю камісіі кіраваў падканцлер Яўхім Храптовіч, які наведаў шэраг еўрапейскіх краінаў і быў добра знаёмы з ідэямі Асветніцтва.
Адукацыйная камісія мела на мэце вызваленне асветы ад беспасярэдняга ўплыву царквы і на-данне навучанню свецкага характару. Статут камісіі ставіў перад выкладчыкамі задачу імкнуцца, каб іх выхаванцы «дасягалі поспехаў разважаннямі, а не завучваннем на памяць». Ад рэлігійных навук перавага ў праграмах пераходзіла да прыродазнаўчых і грамадскіх. Новая сістэма асветы павінна была рыхтаваць адукаваных і карысных для дзяржавы грамадзян-патрыётаў.

На пачатку 1780-х гадоў у той частцы Беларусі, што засталася ў Рэчы Паспалітай, Адукацыйная камісія адчыніла 200 пачатковых школаў. Там займалася 2500 вучняў, прычым ⅓ іх складалі дзеці сялянаў. У Горадні, Ваўкавыску, Наваградку, Паставах, Пінску, Мазыры, Бабруйску, Берасці ды іншых гарадах і мястэчках былі створаныя 20 сярэдніх школаў, заканчэнне якіх давала магчымасць паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Значную ролю ў пашырэнні навуковых ведаў адыграла Гарадзенская медычная акадэмія, адчыненая падскарбіем Антонам Тызенгаўзам, што падтрымліваў Адукацыйную камісію. Акадэміяй кіраваў вядомы вучоны-натураліст, хірург і анатам Жан-Эмануэль Жылібэр. Гэтая першая ў Вялікім Княстве навучальная ўстанова па падрыхтоўцы медычнага персаналу мела тры аддзяленні: «сучасных лекараў для гарадоў», «правінцыйных лекараў і хірургаў» і «павівальнага мастацтва». Большасць студэнтаў паходзіла з прыгонных сялянаў і ўтрымлівалася за дзяржаўны кошт. Пры акадэміі дзейнічалі анатамічны тэатр, музей, першы ў Рэчы Паспалітай батанічны сад, які разнастайнасцю і колькасцю раслінаў не саступаў найлепшым садам Еўропы. Пазней выкладчыкі акадэміі разам з абсталяваннем былі накіраваныя ў Вільню, у Галоўную школу Вялікага Княства (Віленская езуіцкая акадэмія пасля рэфармавання атрымала назоў Галоўнай школы Вялікага Княства Літоўскага), дзе на гэтай базе адчыніўся медычны факультэт.

Полацкі езуіцкі калегіюм

Тым часам на захопленых Расеяй усходнебеларускіх землях Таварыству Ісуса удалося захаваць свае калегіюмы. Самым значным з іх быў Полацкі, дзе налічвалася каля трохсот студэнтаў.

Полацкі калегіум
Двор Полацкага калегіума. Малюнак Г.Грубэра. 1785 г.

У 1770-х гадах у Полацкім калегіюме выкладаліся польская, расейская, беларуская, французская, нямецкая, лацінская і грэцкая мовы, антычная літаратура, гісторыя, фізічная і палітычная геаграфія, алгебра, тэарэтычная і практычная механіка, цывільная і вайсковая архітэктура, тэорыя жывапісу, этыка, псіхалогія, логіка, касмалогія, астраномія, эксперыментальная фізіка, вышэйшая матэматыка…

Выпускнікамі Полацкага калегіюма былі адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі, польскі пісьменнік і гісторык Нікадым Мусніцкі, беларускі мастак Валянцін Ваньковіч, выдавец і рэдактар першага ў Вялікім Княстве інфармацыйнага тыднёвіка «Літоўскі кур’ер» Францішак Папроцкі, расейскі скульптар і гравёр Фёдар Талстой… Каб даць сваім дзецям прыстойную адукацыю, расейская знаць часта прывозіла іх у Беларусь.

Полацкі калегіюм быў своеасаблівым філіялам Віленскай акадэміі. Высокі ровень выкладання і выдатная навуковая база калегіюма прывялі пазней да яго пераўтварэння ў акадэмію з універсітэцкім статусам.

Навуковыя дасягненні

У другой палове ХVІІ-ХVІІІ ст. Вялікае Княства Літоўскае дало Еўропе шмат знакамітых навукоўцаў і асветнікаў.

Ліцьвін Казімір Семяновіч вынайшаў шматступеневую ракету і стаў аўтарам шэрагу рэвалюцыйных вынаходак у гэтай сферы, што дае ўсе падставы лічыць яго папярэднікам славутых вучоных і вынаходнікаў К. Цыялкоўскага, А. Бінга і Р. Годарда. У 1650 г. у Амстэрдаме выйшла напісаная па-лацінску кніга К. Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі», якая была перакладзеная пазней на ангельскую, французскую, нямецкую, галандскую, дацкую ды іншыя еўрапейскія мовы. Па кнізе нашага суайчынніка вучыўся Айзэк Ньютан. Ёсць сведчанні, што ёю часта карыстаўся Напалеон Банапарт.

Ілюстрацыя з кнігі К.Семяновіча. Амстэрдам. 1650 г.

Старэйшым сучаснікам Семяновіча быў філосаф Казімір Лышчынскі. Ён выступіў супраць рэлігійнага светаразумення, сцвярджаючы, што свет існуе вечна, а прырода развіваецца паводле ўласных законаў. Мысляр стаў адным з першых у Вялікім Княстве прыхільнікам ідэяў утапічнага сацыялізму. Будучыня чалавецтва ўяўлялася яму заснаванай на свабодзе і сацыяльнай роўнасці. За напісанне трактата «Аб неіснаванні бога» К. Лышчынскага, якога называюць беларускім Джардана Бруна, пакаралі смерцю.

Плённа займаўся выдавецкай дзейнасцю ў Амстэрдаме асветнік і перакладнік, выпускнік Слуцкай кальвінскай школы Галляш (Ілля) Капіевіч. Яму належаць вялікія заслугі у развіцці адукацыі у Расеі. Дзякуючы Капіевічу выйшлі першыя ў гісторыі расейскамоўныя падручнікі арыфметыкі, граматыкі, рыторыкі, астраноміі, марской справы – цэлая бібліятэка з двух дзясяткаў кніг навуковага і асветніцкага характару.

У навуковым свеце добра ведалі імя вучонага-прыродазнаўца Марціна Пачобута-Адляніцкага, выхаванца Гарадзенскага езуіцкага калегіюма і Віленскай акадэміі, які потым удасканальваў веды ў Пражскім універсітэце і астранамічных абсерваторыях Францыі, Англіі, Італіі, Нямеччыны. Пачобут-Адляніцкі стаў дырэктарам найстарэйшай ва Усходняй Еўропе Віленскай абсерваторыі, заснаванай у 1753 г., а затым узначаліў Галоўную школу Вялікага Княства (былую Віленскую акадэмію). Еўрапейскую славу вучонаму прынеслі складзеныя ім табліцы руху Меркурыя і адкрыццё новага сузор’я, названага Цяльцом Панятоўскіх.

Вялікі ўклад у развіццё навукі і культуры ў нашай дзяржаве зрабіў вучоны-энцыклапедыст, славенец з нараджэння Габрыэль Грубэр, які выкладаў у Полацкім езуіцкім калегіюме прыродазнаўчыя і матэматычныя дысцыпліны, а таксама маляванне і архітэктуру. Дзякуючы Грубэру калегіюм меў абсталяваныя на еўрапейскім роўні астранамічны, фізічна-матэматычны, хімічны і мінералагічны кабінеты. 3 ініцыятывы вучонага там былі адчыненьм друкарня, музей і карцінная галерэя. Разам з полацкімі механікамі Грубэр удзельнічаў у стварэнні ўнікальных для таго часу робатаў. Менавіта ён падрыхтаваў умовы для ператварэння калегіюма ў акадэмію.

Значны ўплыў на светапогляд дзеячоў нашай навукі і культуры зрабілі ідэі французскіх асветнікаў Вальтэра, Д. Дзідро, Ш. Мантэск’ё, Ж.-Ж. Русо. Вядома, што Русо пагадзіўся на прапанову А. Тызенгаўза пасяліцца ў Беларусі, і толькі выпадак не дазволіў яму зрабіць гэта.

Бібліятэкі

Важную ролю ў распаўсюджванні новых ідэяў і дасягненняў навукі адыгрывалі бібліятэкі. Яны існавалі пры калегіюмах і навучальнях у Вільні, Полацку, Горадні, Берасці, Менску, Слуцку, Наваградку, Бабруйску, Мазыры, Пінску, Паставах ды ў іншых гарадах Вялікага Княства. Найбуйнейшы кнігазбор сярод навучальных установаў мела Віленская акадэмія.

Бібліятэка Віленскага ўніверсітэта
Бібліятэка Віленскага ўніверсітэта. Сучаснае фота

Аснову бібліятэкі Полацкага езуіцкага калегіюма складалі выданні XVI-XVIII стст. на лацінскай, беларускай, польскай, французскай, нямецкай мовах, у тым ліку творы антычных аўтараў, еўрапейскіх гуманістаў і энцыклапедыстаў. Разам з імі зберагаліся старажытныя манускрыпты, каля ста друкаваных на розных мовах Бібліяў.

Славіўся сваім багаццем кнігазбор Сапегаў, які апрача разнастайнай літаратуры па юрыспрудэнцыі, гісторыі, геаграфіі, тэалогіі, мовазнаўстве ўлучаў архіў старажытных актаў і ўнікальную калекцыю гравюраў. Бібліятэкі, што належалі гэтаму славутаму магнацкаму роду, існавалі ў Слоніме, Ружанах, Дзярэчыне.

У маёнтку Шчорсы на Наваградчыне стварыў знакамітую бібліятэку на некалькі тысяч тамоў падканцлер Яўхім Храптовіч, які ў часе падарожжаў па Францыі, Нямеччыне і Галандыі набыў калекцыю еўрапейскіх выданняў ХVІ-ХVІІ стст., а потым імкнуўся сабраць усе значныя кнігі эпохі Асветніцтва.
Самай багатай прыватнай бібліятэкай не толькі Вялікага Княства Літоўскага, але і ўсёй Рэчы Паспалітай заслужfна лічылася Нясвіжская, заснаваная Мікалаем Радзівілам Чорным. У 1772 г. яна налічвала болmi за 20 тысяч тамоў. Там захоўваліся інкунабулы (найстаражытнейшыя друкаваныя кнігі, выдадзеныя ў XV ст.), антычная і рэнесансавая літаратура, гістарычныя і юрыlычныя выданні, рэфармацыйныя творы.

Вялікае Княства Літоўскае па-ранейшаму выконвала ролю цывілізацыйнага моста паміж Еўропай і Расеяй.

ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
~1600 г. – каля 1651 г. Жыццё і дзейнасць Казіміра Семяновіча.
1634-1689 гг. Жыццё і дзейнасць Казіміра Лышчынскага.
1650 г. Выхад у Амстэрдаме кнігі К. Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі».
1708 г. Зацверджанне новага кірылічнага шрыфта, створанага Г. Капіевічам.
1728-1810 гг. Жыццё і дзейнасць Марціна Пачобута-Адляніцкага.
1773-1794 гг. Дзейнасць у Вялікім Княстве Літоўскім Адукацыйнай камісіі – першага ў Еўропе міністэрства адукацыі.
1775 г. Адкрыццё Гарадзенскай медыцынскай акадэміі.

© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии