Грошы ВКЛ

Мы даўно ўжо прызвычаіліся выкарыстоўваць у якасці плацежнай валюты рублі. Між тым слова рубель азначае толькі адсечаны (адрублены) кавалак металічнага злітку (грыўны). Гэта быў далёка не адзіны плацежны сродак нашых продкаў.

Срэбная грыўна і яе часткі – рублі

У ВКЛ у розныя часы дзейнічалі Берасцейскі, Тыкоцінскі, Мітаўскі і іншыя манетныя двары, апроч, безумоўна, рэгулярнага Віленскага.
У 2-й пал. XVIII ст. планавалася адкрыць Гарадзенскі манетны двор для вырабу медных манет Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764-1795), але праект не быў рэалізаваны.

Першыя манеты ВКЛ не мелі пазначэння наміналу,таму ўсе яны ўмоўна называюцца дынарыямі. Мяркуючы па іх масе, сярод іх былі ўласна дынарыі-пенязі і наміналы, большыя за дынарый.
Дакументальных звестак пра выраб першых манетаў ВКЛ (кан. XIV -XV ст)] не захавалася.

У час панавання Аляксандра (1492-1506) і Жыгімонта I Старога (1506-1548) біліся дробныя манеты – дынарыі, паўгрошы, грошы.
Пры Жыгімонце II Аўгусце (1548-1572) наменклатура манет значна пашырылася – біліся аболы, дэнарыі, двайныя дынарыі, паўгрошы, грошы, двайныя грошы, траякі, чатырохграшовікі, шастакі, чвэрцькопкі, паўкопкі, дукаты, двайныя і трайныя дукаты, дзесяцідукатавікі, уводзіліся ў абарачэнне контрмаркіраваныя паўталеры і талеры (т.зв. «спадчына каралевы Боны»).

Талер ВКЛ
Літоўскі талер – паўкопка (Тыкоцін 1564 г.)

У час панавання Стафана Баторыя (1576-1586) у ВКЛ выпускаліся дынарыі, двайныя дынарыі, соліды, грошы, траякі, шастакі, талеры, паўтараталеры, двайныя талеры, дукаты, дзесяцідукатавікі.
Пры Жыгімонце III Вазе (1587-1632) – літоўскія двайныя дэнарыі, соліды, грошы, паўтаракі, траякі, дукаты, трайныя дукаты, пяці- і дзесяцідукатавікі.
У часы панавання Уладзіслава IV Вазы (1632-1648) манеты ВКЛ не выпускаліся (адзінае выключэнне – партугал 1639). Пры Яне II Казіміру (1648-1668) выраб манет у ВКЛ аднавіўся: біліся соліды, грошы, паўтаракі, траякі, шастакі, орты, талеры, паўдукаты, дукаты.
Апошняя манета ВКЛ – шастак 1706-07,т.зв. «гарадзенскі», зроблены тэхнікай вальцоўкі.

Падзяліцца: