Увядзенне хрысціянства на Русі

Дзеля ўзмацнення цэнтральнай удады Уладзімірам Святаславічам (каля 960 — 1015) быў прадпрыняты рашучы крок накіраваны на ўвядзенне хрысціянства, чаму папярэднічала няўдалая спроба кіеўскага князя па стварэнню агульнадзяржаўнага паганскага пантэона.

Драўляныя ідалы са Старой Ладагі

У Полацку, верагодна, хрысціянства было прынята прадстаўнікамі вышэйшай знаці ўслед за афіцыйным увядзеннем яго ў Кіеве ў 988 г. Скандынаўскія крыніцы звязваюць распаўсюджанне хрысціянства ў Полацку з місіянерскай дзейнасцю варага Торвальда Кондрансана празванага Вандроўнік, на якога ў Візантыі імператарам была ўскладзена місія распаўсюджання новай веры на ўсёй Русі1.

Акрамя таго, як паведамляе летапіс, сам князь Ізяслаў быў вельмі набажны і “прилежаще прочтению божественных писаний”. Таксама існуе паведамленне аб Рагнедзе-манахіні, якая правяла апошнія гады свайго жыцця ў манастыры пад іменем Анастасіі.

Місія распаўсюджання новай веры ў Тураве была ўскладзена на Святаполка. Усталяванне хрысціянства суправаджалася крывавымі падзеямі, звесткі аб якіх дайшлі ў форме паданняў аб каменных крыжах, якія прыплывалі ў горад па Прыпяці, калі вада ў рацэ была чырвоная ад крыві. У мясцовых паданнях Турава ўзгадвалася імя пакутніка Дыянісія, які прапаведваў тут пасля Тура і быў забіты міхнаўцамі, продкаў якіх звязваюць з назвай в. Міхнавічы (Калінкавіцкі р-н). Згодна з паданнем, сам князь Уладзімір заснаваў пад Пінскам Лешчынскі манастыр.

З распаўсюджаннем хрысціянства звязана і першая згадка аб Літве. Як сведчаць Кведлінбурскія аналы, 9 сакавіка 1009 г. “святы Бруна, які мянуецца Баніфацыем, арцыбіскуп і манах, пакараны смерцю паганцамі ў памежнай мясцовасці Русі і Літвы… з васемнадцаццю сваімі спадарожнікамі”. Па меркаванню некаторых гісторыкаў (Т. Баранаўскас) месца гібелі Бруна знаходзіцца на р. Ятры, прытоку Моўчадзі, які працякае па тэрыторыі сучасных Навагрудскага і Дзятлаўскага раёнаў2.

хрысціянства на Русі
Ўсходняя Еўропа ў канцы X ст.

Нягдедзячы на жорсткія захады па ўсталяванню новай веры, пазіцыі паганскай рэлігіі заставаліся даволі моцнымі. У такіх умовах хрысціянская царква пайшла па шляху змешвання з існуючымі язычніцкімі традыцыямі. Як прыклад – паганскія ідалы, якім пазней, з мэтай прыцягнуць насельніцтва да хрысціянства, надавалася форма крыжа. З іншага боку сама хрысціянская царква засвоіла шэраг язычніцкіх уяўленняў і абрадаў і прастасоўвалася да язычніцкага святочнага календара.

Па структурнай пабудове царква прадугледжвала наяўнасць цэнтралізаванага кіравання. На чале царквы на Русі стаяў мітрапаліт, які назначаўся канстанцінопальскім патрыярхам, а ўся усходнеславянская царква была часткай візантыйскай царквы, паводле правіл якой царкоўная структура павінна была адпавядаць структуры свецкай улады. Таму ў канцы X – пачатку XI стст. ва Ўсходняй Еўропе пачалі стварацца царкоўныя акругі – епархіі (епіскапіі).

Гісторыкі праваслаўнай царквы выказваюць меркаванне, што, напэўна, у 992 г. была створана Полацкая епархія. У другой пісьмовай крыніцы гаворыцца пра заснаванне ў Тураве кафедры вялікім князем Уладзімірам у 1005 г. Дакумент уяўляе сабой сваеасаблівую ўстаноўчую грамату Тураўскай епархіі, дадзенай на імя Уладзіміра з пералікам гарадоў, якія ўваходзілі ў епархію. У грамаце названы першы епіскап Фама, сярод пералічаных гарадоў – Пінск, Наваградак, Гародня, Берасце, Ваўкавыск, Слуцк, Копысь і інш.

Разам з тым, з утварэннем новых епархій узмацняўся уплыў мясцовых князёў на царкву, аслаблялася ўлада кіеўскага мітрапаліта. Таму князі настойліва дамагаліся назначэння пажаданых ім кандыдатаў на епіскапства ў сваіх землях і нярэдка мелі ў гэтым поспех.

Хрысціянства адпавядала адзінаўладдзю князя ў дзяржаве, а значыць, духоўна асвячала гэтую ўладу, а духавенства падтрымлівала яе і была ёй апорай3.

 

АСНОЎНЫЯ ПАДЗЕІ
988 г.пачатак распаўсюджання хрысціянства на Беларусі
992 г.стварэнне Полацкай епархіі
1009 г.першыя згадкі аб Літве
  1. Баўтовіч М. М. Дарогі Торвалда Кодрансана – “Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі”. Матэрыялы V Міжнароднай навуковай канферэнцыі (24-25 кастрычніка 2007 г.) – Полацк, 2009
  2. Ягор Новікаў. Ваенная гісторыя беларускіх земляў да канца XII стагоддзя (том 2). Мінск: выд. “І. П. Логвінаў”, 2008
  3. В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП “Экаперспектыва”, 2000
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!