Язэп Драздовіч

Я. Драздовіч
Я. Драздовіч у 1928 г.

Язэп Нарцызавіч Драздовіч (1 (13?) кастрычніка 1888 г., засц. Пунькі Дзісенскага пав. Віленскай губ. (цяпер Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл.) — 15 верасня (жніўня?) 1954 г., Падсвілле; Псеўданім: Я. Нарцызаў), беларускі мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог. Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу.

Дзяцінства і маладосць. Язэп Драздовіч нарадзіўся 13 кастрычніка 1888 г. ў засценку Пунькі Дзісенскага павету Віленскай губерні ў сям’і збяднелага шляхціца-арандатара. Сям’я Язэпа, у якой акрамя яго было пяцёра дзяцей, рана згубіла бацьку і была вымушана змяніць нямала месцаў жыхарства, арандуючы чужую зямлю. Вучобу Язэп пачаў у Дзісенскай гімназіі, а ў 1906 г. пераехаў у Вільню, дзе паступіў у мастацкую школу вядомага расейскага жывапісца Івана Трутнева. Цягам чатырох гадоў Язэп засвойваў азы мастацтва і праходзіў курс акадэмічнага малявання і малярства. З-за нястачы малады Драздовіч падрабляў у мастацкіх майстэрнях, плянаваў выехаць па заробкі за мяжу.

Творчае станаўленне Язэпа Драздовіча адбывалася пад вялікім уплывам набіраўшага хаду беларускага нацыянальнага адраджэньня. У гэты час Драздовіч робіць першыя крокі ў мастацтве: стварае сэрыю графічных работ з краявідамі роднай Дзісеншчыны, аздабляе вокладку «Першага беларускага календара на 1910 год», выдадзенага «Нашай Нівай».

Вайна і рэвалюцыя. У 1910 г. Язэп Драздовіч быў прызваны ў расейскае войска. Пасля двух гадоў службы ў Саратаве ён скончыў курсы фельчараў і пачаў працаваць у амбулаторыі. Першую сусветную вайну Драздовіч сустракае ў дзеючай арміі, пры запасным батальёне. Цяжкія варункі працы прывялі да таго, што мастак захварэў на брушны тыфус і на два месяцы трапіў ў шпіталь. Пасля сямімесячнага адпачынку з адведваннем радзімы Драздовіч вяртаецца ў войска.

Пасля звальнення з арміі жыў у родных, сваякоў на Дзісеншчыне ў фальварку Лявонаўка каля в. Германавічы, пасылаў у «Нашу Ніву» допісы пра клопаты хлебаробаў-землякоў. У 1919г. пераязджае ў Мінск. Працуе там настаўнікам малявання ў сталічнай беларускай вышэйшай жаночай школе, адначасова працуе ілюстратарам у таварыстве беларускага мастацтва. У 1919-1920гг. працуе мастаком–дэкаратарам у Беларускім дзяржаўным тэатры, які ў тыя часы носіць назву “Беларускай хаткі”;a у 1919г. арганізаваў культурна-асветніцкае таварыства «Заранка», якое адкрывала школы, аматарскі тэатр, бібліятэку; выкладаў малюнак у беларускай гімназіі і жаночай прагімназіі, супрацоўнічаў з літаратурнымі выдавецтвамі як ілюстратар.

Заходнебеларускі перыяд. Пасля падпісання ў 1920 г. Рыжскай дамовы, паводле каторай Заходняя Беларусь апынулася ў межах Польшчы, Язэп Драздовіч пакінуў Савецкую Беларусь і вярнуўся на родную Дзісеншчыну. Нягледзячы на перашкоды польскіх уладаў, ён разгортвае тут культурна-асветніцкую дзейнасць. У 1921 г. Драздовіч арганізаваў у вёсцы Сталіца беларускую школу, якая, аднак, праіснаваўшы толькі тры месяцы, была зачыненая польскай адміністрацый.

У гэты ж час Язэп Драздовіч спрабуе займацца літаратурнай дзейнасцю. Бярэцца за напісанне гістарычнага раману пра часы Полацкага княства «Гарадольская Пушча», які аздабляе ўласнымі ілюстрацыямі. У 1923 г. была выдадзена і прыхільна сустрэта беларускай грамадзкасцю аповесьць Драздовіча «Вялікая шышка».

Язэп Драздовіч супрацоўнічаў з Віленскім беларускім музеем імя Івана Луцкевіча. Дзеля папаўненьня экспазіцыі музея ён займаўся раскопамі гарадзішчаў, збіраў фальклёр, ствараў шматлікія замалёўкі прадметаў матэрыяльнай культуры, архітэктуры, тыпажоў сялян. З гэтай мэтай у 1926 г. Драздовіч выправіўся ў навукова-творчую экспедыцыю на Піншчыну, а ў наступныя гады наведаў Трокі, Вільню, Меднікі, Крэва, Гальшаны, Ліду, Наваградак, Любчу, Мір. У выніку гэтых вандровак, якія ахапілі амаль усю Заходнюю Беларусь, з’явіліся ёмістыя альбомы графікі, якія з’яўляюцца непаўторнай з’явай у беларускім мастацтве.

Я. Драздовіч
Я. Драздовіч у мастацкай майстроўні пры Віленскай Беларускай гімназіі. 1927 г.

У другой палове 1920-х гг. выкладаў маляванне ў Глыбоцкай школе, Наваградзкай і Радашковіцкай беларускіх гімназіях. З 1926 г. Драздовіч працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, пры якой стварыў мастацкую студыю-майстроўню. Пры студыі Язэп Драздовіч гуртаваў маладых беларускіх мастакоў, сярод якіх былі В. Сідаровіч, М. Васілеўскі, Р. Семашкевіч.

Драздовіч усталяваў шчыльныя сувязі з Інстытутам беларускай культуры ў Мінску (з 1929 г. — Акадэмія Навук), дасылаў замалёўкі і абмеры драўлянай архітэктуры і прадметаў сялянскага побыту. За мастацкія і навуковыя працы неаднаразова ўзнагароджваўся прэміямі Акадэміі Навук. Супрацоўнічаў з сатырычным часопісам «Маланка», Таварыствам беларускай школы (ТБШ).

Адметнай рысай Язэпа Драздовіча было ягонае апантанае захапленне космасам. У 1931 г. Драздовіч выдаў у Вільні першую на беларускай мове кнігу па астраноміі «Нябесныя бегі», у якой выклаў шэраг сваіх тэорыяў, у прыватнасці, аб паходжаньні планет Сонечнай сістэмы і вярчэнні Зямлі. Выданне ўпрыгожылі ўласныя малюнкі аўтара. У 1931—1933 гг. Драздовіч працягнуў тэму космасу трыма серыямі графічных малюнкаў і жывапісных палотнаў «Жыццё на Марсе», «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы».

У 1933 г. Драздовіч вяртаецца на Дзісеншчыну да брата Канстанціна. Тут, на малой радзіме, мастак стварыў вялікую колькасць графічных і жывапісных твораў. Язэп Драздовіч працягнуў супрацоўніцтва з Беларускім музеем імя Івана Луцкевіча, дасылаючы туды замалёўкі замчышчаў, гарадзішчаў, сялянскай архітэктуры і побыту. Разам з Міхасём Машарам і Янкам Пачопкам Драздовіч стварыў культурны асяродак у Летніках і Германавічах. Штогод улетку мастак выпраўляўся ў вандроўкі па краі, падчас якіх вырабляў для вяскоўцаў шматлікія маляваныя дываны і партрэты.

Saturland
Падкружніковы краявід на планеце Сатурн

Савецкі, ваенны і пасляваенны перыяды. Пасля далучэння ў 1939 г. Заходняй Беларусі да БССР Язэп Драздовіч вучыўся на кароткачасовых настаўніцкіх курсах і працаваў настаўнікам у Глыбокім і Лужках. З-за нястачы настаўнікаў ён быў вымушаны выкладаць усе прадметы, у тым ліку астраномію, маляванне і гісторыю. Педагагічная дзейнасць Драздовіча перапынілася ў 1941 г. з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. Тым не меньш, падчас акупацыі Драздовіч працягнуў творчую дзейнасць і стварыў шэраг мастацкіх палотнаў.

Пасля заканчэння вайны з-за праблем са здароўем Язэп Драздовіч мала працаваў. Асноўнай крыніцай заробку мастака былі маляваныя дываны для сялянаў. Зрэдку пісаў краявіды, партрэты. Савецкія чыноўнікі ад ідэалогіі і культуры ставіліся да творчасці Язэпа Драздовіча як да нявартай увагі. Прыкладам таму служыць унікальны роспіс сталоўкі ў Лужках, які быў зафарбаваны на загад полацкага чыноўніка. Драздовіч ніколі не быў прыняты ў Саюз мастакоў Беларусі.

Мастак трагічна памёр. Беспрытомнага «дзядзьку Язэпа» ў моцны мароз знайшлі на дарозе сяляне. Яго адвезлі ў Падсвільскі шпіталь, дзе праз некаторы час ён памёр. Пахаваны Язэп Драздовіч у вёсцы Ліпляны Глыбоцкага раёну.

Творчасць. Першыя з вядомых твораў зроблены у 1907 г. пад уплывам М. Чурлёніса пад час вучобы у Вільні. Працягваў маляваць у час вайсковай службы. Аформіў вокладкі «Беларускага календара на 1910», кнігі К.Буйло «Курганная кветка» (1914), «Школьнага спеўніка» А.Грыневіча (1920), і інш. У 1916 стварыў скульптуру «Гарыслава» і бюст Ф. Скарыны. Намаляваў серыю графічных краявідаў «Дзісеншчына» з сялянскімі сядзібамі і палеткамі, у канцы 1910 – пач. 1920-х гг. графічныя серыі «Заслаўе», «Старажытная будоўля на Беларусі», «Вежа Празор», «Мінск, Высокае месца», «Месца ўпадзення Нямігі ў Свіслач». Графічныя малюнкі Драздовіча ўпрыгожылі падручнік геаграфіі А.Смоліча. На мяжы 1910—20-х гадоў зрабіў графічныя партрэты полацкіх і смаленскіх князёў і шэраг жывапісных твораў на гістарычныя сюжэты, альбом графікі «Глыбокае». У 2-й пал. 1920-х гадоў стварыў вялякія графічныя серыі (па 14—16 лістоў) «Мір», «Глыбокае», «Навагрудак і навагрудцы», «Крэва», «Ліда», «Гальшаны», «Меднікі», «Трокі», прысвечаныя гарадзішчам, замкам і культавым збудаванням. Пад час вандровак па Дзісеншчыне, Піншчыне рабіў графічныя замалёўкі, збіраў этнаграфічныя матэрыялы для «Беларускага этнаграфічнага слоўніка». У 1927 і 1-й палове 1940-х гг. напісаў некалькі карцін і акварэлей, прысвечаных Скарыне. Вясной і летам 1931 г. стварыў шэраг карцін на касмічныя тэмы. Зімой 1931—1932 гадоў Язэп Драздовіч напісаў працу “Гармонія плянетаў Сонечнае сістэмы”, якую лічыў найбольшым здабыткам усяго свайго жыцця. У 1934-35 гг. стварыў новыя карціны на касмічныя тэмы. У 1940—46 гг. вяртаецца да тэмы мінулага беларускага народа. У 1948—1952 гг. напісаў манаграфію “Тэорыя руху ў касмалягічным значэнні” і шматлікія артыкулы на касмічныя тэмы.

Мапа падарожжа Драздовіча
Мапа падарожжа Язэпа Драздовіча 1929 г.
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии