Пачалася кансервацыя Крэўскага замка

Першы этап кансервацыі Крэўскага замка завяршыўся ў снежні 2017 г., праца працягнецца ў 2018-м пры ўмове выдаткавання сродкаў.

Часовая кансервацыя Княжацкай вежы Крэўскага замка зроблена на прыстойным узроўні, падкрэсліў у размове з карэспандэнтам Sputnik кандыдат гістарычных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Мікалай Волкаў.

“Усё апрацавана як трэба, прыстойны ўзровень. Вынік выглядае вельмі якасна”, — паведаміў гісторык, які спецыялізуецца на фартыфікацыі.

Ён наведваў замак восенню 2017 года, літаральна за пару тыдняў да пачатку кансервацыі і адзначыў, што ўнутраныя памяшканні развальваліся вельмі хутка.

Крэўскі замак
Крэўскі замак восенню 2017 года

“З пачатку Першай сусветнай вайны і да 1918 года менавіта па гэтай мясцовасці праходзіла лінія фронту. Немцы сядзелі ў замку і адбіваліся ад рускіх войскаў, таму пасля вайны замак і Княжацкая вежа былі вельмі разбітыя. Пасля гэтага кансервацыю праводзілі палякі, а ў савецкія часы ўвогуле ніякія работы тут не праводзіліся. У 2004 годзе пэўную працу спрабавалі зрабіць энтузіясты, але ж, калі няма сродкаў, гэта вельмі складана”, — нагадаў ён.

Гісторык упэўнены, што толькі дзякуючы працы, праведзенай у міжваенны час, Крэўскі замак у значнай ступені захаваўся да нашага часу.

Крэўскі замак у міжваенныя часы

Спецыялісты пачалі працаваць у Крэўскім замку ў 2017 годзе ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”. Першы этап кансервацыі завяршыўся ў снежні мінулага года. Цяпер ад дажджу і снегу вежу абараняе двухузроўневы дах.

Для мінімізацыі ўплыву навакольнага асяроддзя таксама была выкарыстана адмысловая апрацоўка сцен. Спецыяльная тэхналогія не дазваляе расці моху і абараняе ад з’яўлення грыбкоў і цвілі.

Мікалай Волкаў таксама звярнуў увагу на тое, што гэта часовая кансервацыя, якая павінна баць заменена пастаяннай у хуткім часе.

“Княжацкая вежа — вельмі важная частка замка, рэпрэзентацыйны пакой улады тагачаснага князя, хутчэй за ўсё Альгерда“, — сказаў ён.

Менавіта з Княжацкай вежай звязаныя лёсавызначальныя гістарычныя падзеі. Напрыклад, ёсць меркаванні, што тут была падпісана Крэўская ўнія, звязваюць са збудаваннем і забойства Кейстута, і уцёкі Вітаўта.

Крэўскі замак пасля першага этапу кансервацыі

У 2018 годзе плануецца ў Крэўскім замку праводзіць работы па другім пускавым комплексе, які прадуглеждвае кансервацыю паўночнай сцяны, аднаўленне яе ўчасткаў на вышыню 7 метраў і ўладкаванне пакрыцця з чарапіцы. Замоўцам кансервацыі выступае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Смаргонскага райвыканкаму, выканаўцам — ТАА “Белрэстаўрацыя”.

Аднавіць Крэўскі замак поўнасцю немагчыма — вельмі мала пра яго інфармацыі, пацверджанай дакументальна. Менавіта таму якасная кансервацыя рэшткаў з’яўляецца ў дадзеным выпадку лепшым варыянтам.

 

 

Падзяліцца