Казімір Семяновіч. Вялікае мастацтва артылерыі

У XVII стагоддзі беларус Казімір Семяновіч першым выказаў, абгрунтаваў і апісаў ідэю шматступенчатай ракеты — прататыпа тых ракет, што больш за паўстагоддзя выводзяць на арбіты спадарожнікі і касмічныя караблі і могуць вывесці самую небяспечную зброю. Адбылося гэта, падкрэслім, за два з паловай стагоддзі! да распрацовак айца-заснавальніка сучаснай касманаўтыкі Канстанціна Цыялкоўскага (ён дарэчы згадваў К. Семяновіча ў сваіх працах) і ўладальнікаў першых патэнтаў бельгійца Бінга (1911) і амерыканца Годарда (1914).

Казімір Семяновіч (16 студзеня 1600 (?) — пасля 1651) — навуковец з Вялікага княства Літоўскага, інжынер і тэарэтык артылерыі, мысліцель-гуманіст. Вынаходнік шматступенчатай ракеты. Ён паходзіў з роду дробных князёў Семяновічаў, якія ў XIV — XVI стагоддзях валодалі землямі на Віцебшчыне. Вучыўся ў Віленскай акадэміі.
Казімір Семяновіч – удзельнік вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай (1632–1634) і аблогі гораду Белага (сакавік — май 1634), удзельнік бітвы 30 студзеня 1644 г. войскаў Рэчы Паспалітай з татарамі пад Ахматавам, дзе ўбачыў татарскія феерверкі.

Казімір Семяновіч

Выехаўшы ў Нідэрланды, у 1645 г. Семяновіч прыняў удзел у аблогах розных гарадоў войскамі Фрыдрыха Генрыха Аранскага. У Нідэрландах атрымаў магчымасць пазнаёміцца з багатай еўрапейскай літаратурай пра артылерыю, піратэхніку, з кнігамі па гісторыі і культуры. Назапасіўшы тэарэтычныя веды, набыўшы практычны вопыт, Семяновіч распачаў свае ўласныя доследы з мэтай даведацца пра ўсе «таямніцы парахавых сіл», авалодаць майстэрствам артылерыі і піратэхнікі. Настойліва вывучаў механіку, гідраўліку, пнеўматыку, грамадзянскую і ваенную архітэктуру, а таксама фізіку, хімію, матэматыку, засвоіў такія важныя рамёствы, як разьба па дрэве і метале, адліўка гармат з металаў і іншыя. Ёсць падставы меркаваць, што кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV падтрымліваў таленавітага феерверкера і даваў патрэбныя сродкі, каб К. Семяновіч меў магчымасць вывучаць зброю ў еўрапейскіх арсеналах.

У 1646 годзе кароль адклікаў Казіміра Семяновіча з Нідэрландаў і прызначыў яго інжынерам у кароннай артылерыі. У 1648 годзе Казімір Семяновіч атрымаў пасаду намесніка начальніка артылерыі Каралеўства Польскага і разам з 12 гарматнікамі выязджаў на вайну з казакамі. Па ўласнай ініцыятыве, а часта і за свой кошт праводзіў эксперыменты ў вонкавай і ўнутранай балістыцы, рабіў шматлікія запускі ракет. Пасля паражэння польскага войска пад Піляўцамі выйшаў у адстаўку ў званні генерал-лейтэнант кароннай артылерыі і атрымаў дазвол зноў выехаць у Нідэрланды.

У 1650 г. у Амстэрдаме пры маральнай і фінансавай падтрымцы эрцгерцага Леапольда-Вільгельма Габсбурґа выдаў на лаціне трактат «Вялікае мастацтва артылерыі». У 1651 г. гэту кнігу перавыдалі на французскай мове з прадмовай аўтара, прысвечанай Вільгельму Фрыдрыху — начальніку артылерыі Рэспублікі Задзіночаных правінцыяў (тады такая была афіцыйная назва Нідэрландаў). Трактат Казіміра Семяновіча перакладаўся на нямецкую, англійскую, галандскую, польскую, дацкую і іншыя мовы. Паўтара стагоддзя ён быў адной з найважнейшых у Еўропе навуковых прац па артылерыі і піратэхніцы і два стагоддзі лічыўся лепшым падручнікам па гэтай спецыяльнасці.
Падрыхтаваў Семяновіч да друку і другую частку сваёй працы, аднак выдаць яе не паспеў.

Вялiкае мастацтва артылерыi
Адно з выданняў «Вялiкага мастацтва артылерыi»

У сваім светапоглядзе на сусвет Казімір Семяновіч у асноўным прытрымліваўся канцэпцыі Арыстоцеля, сведчаннем чаго з’яўляюцца тыя месцы ў творы «Вялікае мастацтва артылерыі», дзе аўтар пераходзіў ад апісання эмпірычных вынікаў да іх інтэрпрэтацыі ці да агульных светапоглядных пытанняў. Таксама ён добра ведаў вучэнне старажытнагрэцкіх філосафаў пра натуральныя і вымушаныя рухі і тагачасную канцэпцыю «імпэтусу» — руху цела пад націскам іншага цела-рухача. Звяртае на сябе ўвагу высокі ўзровень агульнай культуры К. Семяновіча, які добра ведаў і антычную літаратуру, і сучасныя яму тэхнічныя дасягненні, і працы тагачасных еўрапейскіх аўтараў, што выдаваліся на нямецкай, грэцкай, лацінскай і іншых мовах. Польскі гісторык Г. Новак падлічыў, што ў кнізе беларускага навукоўца цытуюцца больш за 200 аўтараў, выкарыстана каля 260 твораў, пераважна старажытныя трактаты, каля 40% складаюць кнігі эпохі Рэнесансу і Новага часу (XVI — першая палова XVII ст.); шырока выкарыстаны творы Платона, Арыстоцеля, Сенекі, Эўкліда, Архімеда, Апалона з Пэрґама, знакамітых сярэднявечных даследчыкаў, медычная і прыродазнаўчая літаратура, выданні па земляробстве, хіміі, тэхніцы, гісторыі. Але галоўным адрозненнем шматграннай даследніцкай дзейнасці і творчых пошукаў К. Семяновіча было пачуццё чалавечай годнасці і прыналежнасці да роднай зямлі, глыбокае веданне яе жыццёвых патрэб і інтарэсаў. Асноўную мэту выдання кнігі ён бачыў у тым, каб зрабіць паслугу сваей Радзіме і суайчыннікам, «якія заўсёды выяўлялі вялікую схільнасць да гэтай навукі і якія цанілі яе болей, чым іншыя галіны вайсковай навукі». Згадку пра дарагую яму Айчыну можна знайсці і ў апісанні роднай прыроды, народных традыцый і святаў, і ў звыклых назвах прадметаў і ў старабеларускіх мерах вагі вадкіх і сыпучых рэчываў.

Казімір Семяновіч дамогся рэальных поспехаў менавіта таму, што яго высновы грунтаваліся не на агульнафіласофскіх рэчах пра праблемы руху, а на тэарэтычнай і матэматычнай інтэрпрэтацыі атрыманых ім доследных звестак. У гэтым дачыненні характэрнымі з’яўляюцца вынікі праведзеных ім доследаў па стральбе з гармат, зараджаных двума ядрамі, на аснове якіх ён фармулюе закон абсалютнага няпругкага сутыкнення аднолькавых па велічыні, форме і рэчывах цел: «У цэлым жа, — піша ён, — ніякі рух не знікае, а толькі ад аднаго прадмета пераходзіць да другога. Таму адно і другое целы будуць рухацца адначасова, аднак у два разы павольней, чым да гэтага». Амаль за 35 гадоў да ўвядзення Лейбніцам паняцця «кінетычнай энергіі», зыходзячы з назіранняў за работай майстраў-ракетнікаў пры запаўненні порахам ракеты, Семяновіч прыйшоў да высновы, што пры аднолькавай вуглавой хуткасці лінейная хуткасць молата прапарцыянальна да квадрату даўжыні ручкі першай ступені вагі. Сустракаюцца ў яго кнізе і тыпова схаластычныя разважанні, асабліва ў спробах тлумачэння з’яў і працэсаў, разуменне якіх ляжала далёка па-за межамі тагачаснай навукі. Але ад большасці сваіх папярэднікаў і сучаснікаў Казіміра Семяновіча адрознівала паслядоўная апора на дослед, эксперымент пры вывучэнні і тлумачэнні з’яў, за якімі вядзецца назіранне. Так падыходзіў ён і да выкладання тэарэтычных палажэнняў і метадаў вызначэння калібру гармат, радыусаў і вагі ядраў у залежнасці ад матэрыялаў, да раскрыцця хіміі і тэхналогіі вырабу розных гатункаў пораху, спосабаў праверкі яго баявых якасцей і захоўвання.

Казімір Семяновіч глыбока аналізаваў метады разліку разнастайных тыпаў ракет, што выкарыстоўваліся і ў вайсковай справе, і на цывільныя патрэбы. Даў апісанне канструкцый і спосабаў вырабу некалькіх дзясяткаў тыпаў ракет, у тым ліку ракет з хвастатымі стабілізатарамі-крыламі, ракет, якія запускаліся са спецыяльных станкоў і інш. Асабліва цікавыя для сучасных гісторыкаў навукі і тэхнікі звесткі пра састаўныя (вязкі ракет) і шматступенныя ракеты. Некаторыя з апісаных К. Семяновічам ракет былі вядомыя з літаратурных крыніц, многія, у тым ліку і шматступенныя ракеты, прапанаваны iм ўпершыню.

Да вывучэння канструявання розных тыпаў ракет падыходзіў гэтак сама, як і да іншых пытанняў, што разглядаліся ў кнізе, — не як рамеснік, а як навуковец-прыродазнавец, эксперыментатар і практык. Погляды К. Семяновіча на прычыны руху ракеты, паводле яго сведчанняў, мусілі быць выкладзены ў другой, страчанай частцы кнігі «Вялікае мастацтва артылерыі». Тут ён меркаваў зрабіць экскурс у гісторыю старажытнай ваеннай тэхнікі, сучасных яму сухапутных і марскіх гармат, апісаць працэс іх абслугоўвання, выкарыстання і спосабы абароны ад нападу праціўніка, архітэктурныя формы і тэхналогію пабудовы артылерыйскай тэхнікі. Згадваў ён і пра намер прысвяціць спецыяльны раздзел свайму новаму вынаходству, «у якім змяшчаюцца ўсе нашы веды» і якое «перасягае шмат якія іншыя прыстасаванні і замяняе іх усе». Сучасныя вучоныя мяркуюць, што Казімір Семяновіч быў блізка да стварэння або нават стварыў аптычна-механічную прыладу накшталт нівеліра, бусолі ці кіпрэгеля ўнівэрсальнага характару. Ён збіраўся таксама разабраць шмат якія геаметрычныя праблемы, астранамічныя і геаграфічныя пытанні. «Як толькі ўсё гэта, — пісаў навуковец, — у адпаведных месцах дойдзе да свядомасці кожнага, тады адбудзецца вера ў мае словы».

Навуковыя працы і эксперыменты К. Семяновіча на многія гады перадвызначылі шляхі развіцця еўрапейскай артылерыі і былі з вялікай цікавасцю і ўвагай сустрэты ў Еўропе. А яго гуманістычны светапогляд, адмаўленне войнаў як найвялікшага няшчасця для чалавецтва служылі ўзорам высокай маральнасці і грамадзянскай адказнасці для многіх пакаленняў даследчыкаў і навукоўцаў.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
  • 28
    Падзяліліся