Кнігадрукаванне ў ВКЛ

Калыскай усходнеславянскага i беларускага кнiгадрукавання стала Прага, а потым і Вiльня. Станаўленне кнiгадрукавання на бе­ларускiх землях у iх сучасных межах адбываецца з сярэдзiны XVI ст. i звязана з уздымам рэфармацыйнага руху ў Вялiкiм княстве Лi­тоўскiм.

У другой палове XVI – першай палове XVII ст. на тэрыторыi заходняй Беларусi, дзе дзейнiчалi найбольш буйныя пратэстанцкiя абшчыны (прадстаўленыя ў асноўным кальвінізмам, узнiкла шэсць рэфармацыйных друкарняў, дзве з якіх належалі роду Радзівілаў. Яны знаходзіліся ў Бярэсці і Нясвіжы, гарадах, якія лічыліся цэнтрамі кальвінізму, і былі заснаваны Мікалаем Радзівілам Чорным, які лічыўся лідэрам кальвіністаў. Тэхнiчная аснашчанасць гэтых друкарняў адпавядала еўрапейскiм стандартам. Большасць iх выдаўцоў i друкароў з’яўлялiся дзеячамi польскага рэфармацыйнага руху, якiя часова цi назаўсёды аселi на Беларусi i ў Лiтве (М. Кавячынскi, Л. Крышкоўскi, Ланчыцкi, Карцан, Пётр Бластус, Кмiта i iнш.).

Першая на тэрыторыi сучаснай Беларусi друкарня была створана ў Бярэсцi ў 1553 г. Яна дзейнiчала ў 1550–1570-я гады пад апекай канцлера Вялiкага княства Лiтоўскага, вiленскага ваяводы i берасцейскага старасты Мiкалая Радзiвiла Чорнага i выпусцiла больш за 40 выданняў на польскай i лацiнскай мовах рознага зместу. Яе ўзнiкненню садзейнiчаў значны ўздым у культурным развiццi Бе­ларусi, пашырэнне мiжнародных культурных сувязяў i ўплыў Рэ­фармацыi. У ёй, паслядоўна змяняючы адзiн аднаго, працавалi друкары i кнiгавыдаўцы Б. Ваявудка, С. Мурмэлiус, Ц. Базылiк. Першыя выданнi Бернарда Ваявудкі адпавядалi патрэбам рэфармацыйнага руху. У 1563 ᴦ. на сродкi М. Радзiвiла на польскай мове была выдадзена “Брэсцкая”, або “Радзiвiлаўская Бiблiя”, якая з’яўляецца шэдэўрам кнiгадрукарскага мастацтва XVI–XVIII стст. Гэта вялiкi фалiянт, апраўлены ў скураную вокладку, з двума гравіраванымі тытульныміі лістамі, 14 гравюрамі і мноствам ілюстрацый, выкананымi на высокiм мастацкiм i палiграфiчным узроўнi. На дадзены момант вядома толькі аб 20 захаваных экзэмплярах гэтай Бібліі. Найбольшага роск­вiту Берасцейская друкарня дасягнула пад кiраўнiцтвам выдатнага прад­стаў­нiка культуры Адраджэння, паэта͵ перакладчыка, кампазiтара, выдаўца Цыпрыяна Базылiка. У гэты час выйшлi розныя палiтычныя, гiстарычныя, белетрыстычныя выданнi.

Таксама пад апякунствам Мікалая Радзівіла Чорнага, у пачатку 1560-х гадоў нясвiжскiм старастам Мацеем Кавя­чынскiм i мясцовым кальвiнiсцкiм прапаведнiкам Лаўрэнцiем Кры­ш­коўскiм у Нясвiжы была заснавана першая на Беларусi друкарня, якая карысталася кiрылічным шрыфтам. Гэтая друкарня ў асноўным займалася выдавецтвам твораў рэфармацыі. Iдэйным кiраў­нiком яе спачатку быў Сымон Будны. Нясвiжская друкарня ў 1562 ᴦ. выпусціла “Катэхiзiс” С. Буднага – першы беларускамоўны твор, выдадзены ў межах сучаснай Беларусi, яго працу “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам”, а, магчыма, i iншыя кнiгi Буднага, але яны да нас не дайшлi. У 1572 ᴦ. абсталяванне Няс­вiжскай друкарнi купiў магнат Ян Кiшка i тады ж у невялiкiм прыватнаўласнiцкiм мястэчку Лоску Ашмянскага павета Вi­лен­скага ваяводства (цяпер вёска Валожынскага раёна Мiнскай воб­ласцi) заснаваў новую друкарню, якая стала адным з цэнтраў рэфармацыйнага кнiгадрукавання. Мяркуюць, што яна працавала да 1592 ᴦ. Для працы сюды былi запрошаны з Нясвiжа Сымон Будны, Данiэль Лянчыцкi, Ян Карцан 1.

У сваiм радавым маёнтку Цяпiне (цяпер Чашнiцкi раён) заснаваў друкарню беларускi пiсьменнiк-гуманiст, адзiн з паслядоўнiкаў Францыска Скарыны Васiль Цяпiнскi (1530–1603) i ў 1580 ᴦ. выдаў там перакладзенае на беларускую мову “Евангелле” з уласнай прадмовай, якая стала адным з лепшых узораў беларускай патрыятычнай публiцыстыкi.

Буйная рэфармацыйная друкарня на Беларусi працавала і ў мястэчку Любча (Навагрудскi раён), што належала Біржанскім Радзівілам, у 1612–1656 гᴦ. З 1612 года яна дзейнічала адразу пад кіраўніцтвам Пятра Бластуса Кміты, а затым пад кіраўніцтвам яго сына Яна. Любчанская друкарня была вельмi прадукцыйнай – выдадзена каля 100 выданняў на польскай i лацiнскай мовах, галоўным чынам свецкага зместу: творы антычных i рэфармацыйных пiсьменнiкаў, гiстарычныя i навуковыя дапа­можнiкi, школьныя падручнiкi, а таксама лiтургiчныя творы для пратэстанцкiх абшчын. У Любчанскай друкарні выдаваліся творы антычных аўтараў, зборнікі вершаў, навуковыя кнігі, такія як «Хараграфія, або Апісанне краін свету» Ансельма Поляка, а таксама творы гуманістычнага гуртка, да якога належаў Саламон Рысінскі, які з’яўляецца аўтарам трактата аб паходжанні роду Радзівілаў і складальнікам першага зборніка беларускіх прыказак.

Януш Радзівіл заснаваў друкарню ў Кейданах пры кальвінісцкай гімназіі, прызначаную для друкавання пратэстанцкай літаратуры. На аснове абсталявання гэтай друкарні была створана друкарня ў Слуцку. Да 1693 года слуцкая друкарня мела ў асноўным свецкі характар, пасля Людовіка Караліна Радзівіл перадала яе кальвіністам, якія перанеслі яе ў Кёнігсберг.

Залежнасць большасцi рэфармацыйных друкарняў ад уплывовых феадалаў-патронаў пратэстанцкiх абшчын (Радзiвiлаў, Вало­вiчаў, Глябовiчаў, Кiшак i iнш.) у значнай меры вызначыла знешнiя формы, мову, iдэалагiчную накiраванасць выданняў. Большасць з iх выйшла на польскай i лацiнскай мовах. Спарадычныя спробы выдання лiтаратуры на беларускай мове (вядомыя тры выданнi: “Катэ­хiзiс”, “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам” С. Буднага i “Евангелле” В. Цяпiнскага) рабiлiся дэмакратычнымi дзеячамi рэфармацыйнага руху на Беларусi, якiя востра адчувалi ўзросшую патрэбу беларускага насельнiцтва ў друкаванай кнiзе на роднай мове, у асвеце, пiсьменнасцi.

Крызiс рэфармацыйнага руху ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм у канцы XVI – першай палове XVII ст. прывёў да аслаблення рэфармацыйнага кнiгадрукавання на Беларусi. У сярэдзiне XVII ст. тут працягвае дзейнiчаць толькi адна рэфармацыйная друкарня ў Любчы.

Нягледзячы на тое, што ўрэшце Контррэфармацыя перамагла, эканамічныя, сацыяльна-палітычныя і духоўна-культурныя вынікі Адраджэння і Рэфармацыі так або інакш захаваліся ў грамадскім жыцці і менталітэце беларускага народу, што пацвердзіла эпоха Асветніцтва і наогул наступная гісторыя. Гэта – ідэя эфектыўнай гаспадаркі, свабоды, добрасумленнай працы, сваёй зямлі, верацярпімасці, вяршэнства законаў, правоў і годнасці чалавека, каштоўнасці адукацыі, культуры, рознай мовы, ведаў, філасофіі, сінтэзу Усходу і Захаду і г. д. Ідэі гэтыя натхнялі і натхняюць беларускіх адраджэнцаў ХІХ і ХХ стст. нашага часу.

  1. Акіньчыц, С. Залаты век Беларусі / С. Акіньчыц. — Хабараўск: Новый взгляд, 2001. — 128 с.
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии