Паселішчы Крывінскага тарфяніку: Асавец, Крывіна (Галоўск)

Паселішчы Крывінскага тарфяніку – група археалагічных помнікаў ля в. Асавец (Бешаковіцкі р-н) і Галоўск (Сенненскі р-н) на тарфяннікавым пабярэжжы р. Крывінка (54°54’58” N, 29°32’40” E). Адносяцца да эпохі неаліту і бронзавага веку (4-е – сяр. 2-га тыс. да н.э.). Частка матэрыялаў адносяцца да паўночнабеларускай культуры1.

На сённяшні дзень у мікрарэгіёне вядома 10 археалагічных помнікаў, якія паслядоўна ахопліваюць адрэзак часу ад ранняга неаліту да сярэдзіны бронзавага веку, ад 4 да сяр. 2 тыс. да н.э. (паселішчы Асавец 1-7, Крывіна 1-3, знішчаны могільнік Асавец 4).

Асавец 1. Стаянка позняга неаліту і ранняга бронзавага веку. За 2,5 км на поўдзень ад вёскі, у левабярэжжы р. Крывінка, на паўночным краі Крывінскага тарфяніку. Выявіў і даследаваў у 1934 г. К. М. Палікарповіч. Культурны пласт перакрыты слоем торфу ў 1,5 м. Знойдзены прылады працы і кераміка паўночнабеларускай культуры.2 (ст.65)

Асавец 2. Стаянка неаліту і ранняга бронзавага веку. За 1,2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Дражня, на паўночнай ускраіне асушанага тарфяніку. Тэрыторыя стаянкі перарэзана выраўнаваным рэчышчам Крывінкі і каналамі-водаадводамі. Пляцоўка памерамі 80х250 м размяшчалася на нізкім пясчана-жвіровым берагавым выступе ў затоку пасляледавіковага возера. У 1960-80-я г, 1999-2008 М.М. Чарняўскі выявіў і даследаваў звыш 340 м.кв, у 2008 на паўднёвай перыферыі помніка Макс.М. Чарняўскі – 15 м2.

Культурны пласт да 1,3 м, перакрыты торфам. Выяўлены рэшткі жытлаў слупавой канструкцыі з 2-х схільным дахам, акснову якіх складаў шэраг вертыкальна ўбітых у мацярык завостраных слупоў з развілкамі ўверсе, што падтрымлівалі гарызантальную кладку ў вільчыку. У сярэдзіне жытлаў былі адкрытыя вогнішчы на пясчанай падсыпцы, падасланай пластамі кары. Побач – меншыя па памерах вогнішчы, месцы па апрацоўцы дрэва і вырабе глінянага посуду.

У ніжняй частцы культурнага пласта знойдзены касцяныя вырабы: прылады працы, касцяныя і бурштынавыя ўпрыгожэнні, а таксама кераміка: абломкі гліняных (з дамешкай тоўчаных ракавін) гаршкоў, з разрэджаным арнаментам з насечак, наколаў, ямчатых паглыбленняў, грабеньчатых адбіткаў. Некаторыя пасудзіны мелі гравтроўку са стылізаваных выяў птушак і змей. Знаходкі адносіцца да мясцовага варыянта ўсвяцкай культуры. Вышэй ў пласце залягалі матэрыялы паўночнабеларускай культуры, у тым ліку фрагменты гліняных (з дамешкамітоўчаных ракавін і жорствы) востра- і плоскадонных гаршкоў, кубкаў, місак розных памераў з заштрыхаванымі паверхнямі сценак. Арнамент размеркаваны па ўсёй паверхні шчыльнымі ўзорамі з гарызантальных паясоў насечак, наколаў, грабеньчатых адбіткаў, ямчатых паглыбленняў. Частка пласкадонных пасудзін мела адбіткі шнура і лінейнага штампа.

Знойдзены крамянёвыя вырабы: наканечнікі стрэл (кароткія лістападобныя рамбічныя і трохвугольныя), наканечнікі коп’яў, скрабкі, нажы, праколкі, клінападобныя сякеры, каменныя свідраваныя сякеры і матыкі, а таксама касцяныя і рагавыя вырабы – наканечнікі стрэл, кінжалы, праколкі, іголкі, сякеры, цёслы, долаты, нажы з іклаў дзіка, гарпуны і рыбалоўныя кручкі, лыжкі, інструменты для лепкі і арнаментавання посуду, рэшткі драўляных чаўноў і вёслаў, місак, дошак і інш. Выяўлены ўпрыгожэнні з рога, костак і бурштыну: падвескі, гузікі, трубачкі, кольцы, творы першабытнага мастацтва – драўляныя і касцяныя мініяцюрныя фігуркі людзей, жывёл, птушак, гравіраваныя выявы людзей на сцэнках гаршкоў і інш.

Паселішча датуецца канцом 4-га – 1-й паловы 2-га тыс. да н.э.

Асавец 3. Стаянка бронзавага веку. За 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на пясчаным узгорку Аксінаў востраў. Выявіў і даследаваў у 1968 г. М.М. Чарняўскі. На паверхні знойдзены крамянёвыя прылады працы і фрагменты посуду пераважна сярэднябронзавага часу. На ўсходнім краі стаянкі ў торфе – рэшткі драўлянага памоста-прыстані для чаўноў.

Асавец 4. Стаянка ранняга неаліту. За 1,8 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Брускавішча, на заходнім схіле ўзгорка. Пашкоджана кар’ерам. Выявіў у 1971 г. М.М. Чарняўскі, у 1970-80 даследаваў 176 м.кв. Знойдзены крамянёвыя лістападобныя з тронкамі наканечнікі сірэл, высокія канцавыя скрабкі, нажы, укладышы, сякеры, касцяныя праколкі, абломкі масіўных гарпуноў, верацёнападобныя няправільнага трохвугольнага сячэння наканечнікі стрэл, сякерападобныя прылады, фрагменты вастрадонных гаршкоў з дамешкамі рэшткаў раслін і таўчоных ракавін у гліне, арнаментаваных адбіткамі грэбеня, наколкамі і насечкамі, пракрэсленымі лініямі. Па краі венчыкаў пояс глыбокіх круглых ямак. Стаянка адносіцца да нарвенскай культуры, датуецца 4-м тыс. да н.э.

Асавец 5. Стаянка неаліту і ранняга бронзавага веку. За 1,1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на ўзвышэнні тарфяніку. У 1972 г. выявіў, у 1987 і 1991 гг. даследаваў 32 м.кв. М.М. Чарняўскі. Матэрыялы адносяцца да ўсвяцкай і паўночнабеларускай культур. Датуецца 3-м – сяр. 2-га тыс. да н.э.

План кургана
План кургана 43 з багатым пахаваннем у яме (па Штыхаву Г.В.)

Асавец 7. Стаянка позняга неаліту і ранняга бронзавага веку. За 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, 0,3 км на на паўднёвы ўсход ад стаянкі Асавец 2, у паўночнай частцы Крывінскага тарфяніку. У 2000 г. выявіў М.М. Чарняўскі, у 2000-07 даследаваў 96 м.кв. Макс.М. Чарняўскі. Пашкоджана пажарам, ацалелая пляцоўка на паўднёвай ускраіне мае памеры 20 х 50 м. Культурны пласт да 1,2 м. Знойдзены больш за 13 тыс. фрагментаў керамікі, 421 крамянёвыя і 251 касцяныя прылады, вырабы і фрагменты з бурштыну, каменя, дрэва і бяросты, меднае шыла, 17 тыс. фрагментаў млекакормячых, рыб і птушак, каля 1 тыс. фрагментаў лясных і вадзяных арэхаў і інш. Часткова ўскрыта пабудова слупавой канструкцыі з вогнішчам. Выяўленыя матэрыялы адносяцца да паўночнабеларускай культуры 3-й чв. 3-га – сяр. 2-га тыс. да н.э.2

Крывіна 1. Стаянка позняга неаліту і бронзавага веку. За 0,8 км на паўднёвы захад ад вёскі Галоўск, 0,3 км, на паўднёвы ўсход ад выспы Ворлева, на левабярэжжы р. Крывінка. Выяўлена ў пачатку 1930-х гг. пры асушэнні тарфяніку. Абследавалі ў 1934 г. К.М. Палікарповіч і А.Дз. Кавалені, раскопкі праводзілі ў 1939 г. К.М. Палікарповіч, у 1959-61 гг. – П.А. Прыбыткін, у 1962-63 гг. – Я.Г. Краскоўская, у 1969-70, 1996 гг. – М.М. Чарняўскі. Ускрыта 510 м.кв. Культурны пласт перарэзаны асушальнымі канавамі.

Выяўлены 2 гарызонты. У ніжнім (прымацерыковым) гарызонце знойдзены касцяныя і крамянёвыя вырабы, нешматлікія абломкі гладкасценных гаршкоў з ракушачнымі дамешкамі ў гліне, сціпла ўпрыгожаныя пераважна насечкамі і наколамі, адбіткамі перавітага шнура. Матэрыялы адносяцца да ўсвяцкай культуры сярэдняга неаліту і датуюцца 1-й пал. 3-га тыс. да н.э.

У верхнім гарызонце выяўлены рэшткі пабудоў з кары і жэрдак, абломкі вастрадонных і пласкадонных гаршкоў з заштрыхованымі паверхнямі, шчыльна аздобленымі насечкамі, грабеньчатымі адбіткамі, тычкамі, наколамі, ямачнымі ўцісканнямі, шнуравымі ўзорамі, а таксама прылады працы з рога і косці (наканечнікі стрэл, сякеры, праколкі, рыбалоўныя кручкі і інш.), крамянёвыя вырабы (наканечнікі стрэл і коп’яў, сякеры, скрабкі, нажы), бурштынавыя і касцяныя ўпрыгожэнні. Матэрыял верхняга гарызонта адносіцца да паўночнабеларускай культуры і датуецца 2-й пал. 3-га – сяр. 2-га тыс. да н.э.

Крывіна 2. Стаянка позняга неаліту і бронзавага веку. За 0,1 км на поўнач ад стаянкі Крывіна 1, на ўсходнім краі выспы Ворлева. Даследавалі ў 1960 г. Я.Г. Краскоўская і В.У. Скарабагаты (25 м.кв), у 1980-81 – Э.М. Зайкоўскі (55 м.кв). Культурны пласт да 0,4 м. Знаходкі адносяцца да ўсвяцкай і паўночнабеларускай культуры падобныя да знаходак на стаянцы Крывіна 1.

Крывіна 3. Стаянка позняга неаліту і бронзавага веку. За 0,1 км на ўсход ад выспы Ворлева, абапал магістральнага канала, якім выпрамлена рэчышча р. Крывінка. Выявіў у 1978 г, даследаваў у 1978-79 – Э.М. Зайкоўскі (81 м.кв). У культурным пласце знойдзены матэрыялы паўночнабеларускай культуры як і ў верхніх пластах стаянак Крывіна 1 і Крывіна 23.

Археалагічныя знаходкі

Унікальнасць археалагічных помнікаў Крывінскага мікрарэгіёна палягае ў тым, што ўсе яны маюць перакрыты торфам культурны слой, што захавала арганічныя артэфакты ад згнівання. Выяўлены археалагічны матэрыял прадстаўлены дзесяткамі тысяч фрагментаў керамікі, тысячамі крамянёвых і каменных вырабаў, больш палутара тысяч касцяных і рагавых вырабаў, у тым ліку мастацкіх і культавых вырабаў, дзесяткамі бурштынавых упрыгожанняў, адзінкавымі драўлянымі, меднымі і бронзавымі артэфактамі. Атрыманая на сённяшні дзень калекцыя, самая багатая на тэрыторыі Паўночнай Беларусі, і адна з багацейшых для суседніх рэгіёнаў, дазаваляе ў комплексе аднавіць матэрыяльную культуру насельніцтва Беларускага Паазер’я ў 4 – сярэдзіне 2-га тыс. да н.э. Мастацкія і культавыя вырабы з паселішчаў Крывінскага тарфяніка з’яўляюцца асноўнай і абсалютна пераважаючай крыніцай па рэканструяванні духоўнага свету жыхароў Паўночнай Беларусі ў той час.

Пахавальны інвентар

  1. Максім Чарняўскі. Касцяныя і рагавыя вырабы на паселішчах крывінскага тарфяніку. Неаліт-бронзавы век. Мінск: “Беларуская навука”, 2007
  2. Макс. М. Чарняўскі, Міх. М. Чарняўскі. Асавец. (Археалогія Беларусі. 1 том. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі”, 2009. ст. 65-66)
  3. М. М. Чарняўскі. Галоўск. (Археалогія Беларусі. 1 том. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі”, 2009. ст. 212-213)
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
  • 5
    Падзяліліся