«Руская» мова

Тытульны аркуш з Бібліі Ф. Скарыны. Прага. 1519 г.

У Вялікім Княстве Літоўскім старабеларуская мова, якая была дзяржаўнай, здаўна афіцыйна звалася «рускай». Таму Біблія Ф. Скарыны і мае назоў «Руская». «Па-руску», «рускімі літарамі» патрабавала ад службоўцаў складаць дакументы наша тагачаснае заканадаўства. У Маскве мова нашых продкаў лічылася «літоўскай», і яе там слаба разумелі, патрабуючы ў паслоў або купцоў перакладніка. Ліцьвіны мову суседняй дзяржавы называлі «маскоўскай».

«Літоўскай» беларускую мову нярэдка менавалі і заходнееўрапейскія падарожнікі. Да прыкладу, у першай палове XVI ст. аўстрыйскі дыпламат Сігізмунд Гэрбэрштайн пісаў, што па-літоўску бізон будзе зубр (Suber). Тым часам летувісы завуць гэтага звера stumbras.

Аднак былі выпадкі, калі і самі жыхары Княства, як, напрыклад, асветнік Лаўрэн Зізані, называлі нашую мову «літоўскай» або «літоўска-рускай». Адам Міцкевіч, які ў 40-х гадах XIX ст. чытаў у Парыжскім універсітэце лекцыі пра славянскія літаратуры, казаў: «На беларускай мове, якую называюць русінскай або літоўска-русінскай, гаворыць каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і выдатна распрацавана. У перыяд незалежнасці Літвы вялікія князі карысталіся ёю для сваёй дыпламатычнай перапіскі».

Цяпер гістарычны назоў «руская мова» таксама прыватызаваны ўсходнімі суседзямі, што служыць асновай для вялікадзяржаўных спекуляцыяў. Да прыкладу, некаторыя расейскія аўтары характарызуюць дзяржаўную мову Вялікага Княства Літоўскага як «русскую» (у сучасным разуменні), а Ф. Скарыну называюць «русским печатником и просветителем».

© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии