Лёс Язэпа Лёсіка

Язэп (Іосіф) Юр'евіч Лёсік - беларускі грамадска-палітычны дзеяч, мовазнаўца, пісьменнік, педагог. Нарадзіўся ён 6 лістапада 1883 года ў вёсцы Мікалаеўшчына Мінскага павета Мінскай губерніі. Яго бацькі былі простымі сялянамі. Скончыў Язэп Лёсік Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. I адразу пачаліся выпрабаванні лёсу. З'яўляючыся чалавекам дэмакратычных поглядаў, Я.Лёсік уліўся ў 1905г. у рады рэвалюцыянераў, за што наступныя 12 год і пакутваў. Як сведчыць яго родны брат Антон: "...Язэпа ў 1905г. арыштавалі і пасадзілі ў Ноўгарад-северскую турму".
У 1906г. Язэпа Лёсіка перавезлі на суд у Старадуб (Чарнігаўшчына). Але адтуль ён уцёк, тым самым "адклаўшы" на невядомы тэрмін сваё зняволенне. Спачатку ён наведваецца ў сваю родную Мікалаеўшчыну. Там прымае ўдзел у арганізацыі настаўнікаў-беларусаў. Затым спрабуе з'ехаць за мяжу - няўдала. I ў выніку прыязджае да свайго старэйшага брата, які быў начальнікам станцыі Красноўка (Украіна). Але тут яго выкрываюць і тым самым вымушаюць ехаць далей. Ды толькі далёка з'ехаць не змог - яго арыштавалі.
18 лютага 1908г. Кіеўская судовая палата па крымінальнаму дэпартаменту на закрытым судовым паседжанні слухалі справу Язэпа Лёсіка. Яго прысудзілі да бестэрміновага высялення ў Сібір. 15 сакавіка абвешчаны прысуд увайшоў у законную моц. А ўжо 31 ліпеня Я.Лёсіка прыпісалі ў сяло Караткоўскае Мартынаўскай воласці Кірэнскага павета.
"Каля гораду Кірэнскага прытулілася амаль сотня палітычных ссыльных. Шукаючы работы, сышліся яны сюды з усіх куткоў Кірэнскага павету ды паспыняліся ў ваколіцах, у вёсках, бо ў горадзе жыць забараняецца", - пісаў сам Лёсік.
3 1909 па 1913 пра Я Лёсіка амаль невядома.
1 студзеня 1914г. яго запісваюць у сяляне з абмежаваннямі. А 6 сакавіка Іркуцкая казённая палата запісала яго ў сяляне Мартынаўскай воласці. Але загад уваходзіў у дзейнасць толькі з 1 чэрвеня 1914г.
У 1915г. Язэп Лёсік перабіраецца ў Бадайбо (Іркуцкая губернія), дзе ў сакавіку 1917г. сустрэў вызваленне. I напачатку красавіка таго ж года ён вяртаецца на радзіму.
На роднай зямлі Я.Лёсік адразу ўключаецца ў грамадска-палітычнае жыццё краіны. Ён выступіў адным з кіраўнікоў Беларускай сацыялістычнай грамады. Удзельнічаў у 1-ым Усебеларускім з'ездзе ў Менску. Рэдагаваў газету "Вольная Беларусь". I ўсё гэта за адзін год!
Ужо ў 1918г. прымаў удзел ў абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублік. Уваходзіў у склад яе Рады. У 1920-ыя гг. выкладаў беларускую мову ў БДУ, у Белпедтэхнікуме, з'яўляўся дырэктарам Інстытута навуковай мовы, кіраваў Тэрміналагічнай камісіяй. У 1928 г. Язэп Лёсік стаў акадэмікам АН Беларусі. Але акадэмічнае жыццё доўжылася нядоўга. У 1930г. быў арыштаваны, а ў 1938 - паўторна, па справе аб так званым "Саюзе вызвалення Беларусі". Высылаўся ў Камышын, сядзеў у саратаўскай вязніцы. У 1940 г. родныя Я. Лёсіка атрымалі паведамленне аб ягонай смерці ў турме. Рэабілітаваны быў двойчы: ў 1958 і 1988 гг.
Язэп Лёсік з'яўляўся і аўтарам навуковых прац і падручнікаў па беларускай мове, мастацкіх твораў. У публіцыстыцы асноўную ўвагу ўдзяляў праблемам незалежнасці і нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. Але сканаў чалавек, а разам з ім сканала цэлая эпоха.