Летувіскі нацыянальны рух

Ёнас Басанавічус
Адзін з «бацькоў» летувіскага нацыянальнага адраджэння Ёнас Басанавічус

Параўнаўча з беларускім нацыянальны рух летувісаў – нашчадкаў балцкай меншасці Вялікага Княства – асабліва пасля паўстання 1863 г. адбываўся ў значна больш спрыяльных умовах. Расейскія ўлады вырашылі падтрымаць яго ў супрацьвагу моцным пазіцыям палякаў. Пецярбург зрабіў летувіскую мову адной з моваў навучання ў Марыямпальскай дзяржаўнай вышэйшай навучальні, якая стала цэнтрам падрыхтоўкі летувіскай эліты. Летувіскую мову выкладалі таксама ў Сейненскай і Сувалкаўскай гімназіях. У той самы час выкладанне па-беларуску ў школах усіх роўняў знаходзіліся пад забаронай. Вялікую ролю ў нацыянальным руху нашых суседзяў адыграў летувіскі каталіцкі клір. Яшчэ перад паўстаннем біскуп Матэвус Валанчус дамогся дазволу адчыняць пры касцёлах парафіяльныя школы з выкладаннем на роднай мове вучняў. Такім чынам адрозна ад беларусаў малыя летувісы адразу вучыліся чытаць і пісаць па-свойму.

Выпускнікі Марыямпальскай навучальні Вінцас Кудзірка і Ёнас Басанавічус, «бацькі» летувіскага адраджэння канца XIX – пачатку XX ст., стварылі міф пра Вялікае Княства Літоўскае як выключна «літоўскую» (летувіскую) дзяржаву. 3 ім не стасавалася ніводная гістарычная крыніца, але гэты міф атрымаў шырокае распаўсюджанне і стаўся падмуркам для адбудовы летувіскамоўнай Літвы. Царская адміністрацыя не пярэчыла таму, што ўсю нашую гісторыю прывязвалі да нашчадкаў балцкіх плямёнаў – этнічнай меншасці колішняга Вялікага Княства Літоўскага. Для Расеі галоўным тут было закрэсліць гістарычную перспектыву беларусаў, якіх планавалася цалкам і зрусіфікаваць, пазбавіўшы спадзеву на аднаўленне сваёй дзяржавы.

У летувіскай мове не існавала нават слова для абазначэння герба дзяржавы нашых продкаў, і яго прыдумалі толькі ў сярэдзіне XIX ст. («Пагоня» была названая «Vitis»).

Ha свой лад летувісы змянялі імёны гістарычных дзеячоў. Вялікі гетман Канстанцін Астрожскі не мог і ўявіць, што некалі ператворыцца ў Астрагішкіса. Вядомы гісторык Адам Ганоры Кіркор быў перакручаны ў Адомаса Ганорыса Кіркораса, Пац схаў Пацасам, Серакоўскі – Серакаўскасам… (Прычым такім напісаннем летувісы карысталіся і ў тэкстах на іншых мовах.)

Такія абвесткі можна было сустрэць на дзвярах царскіх установаў

Нашыя суседзі на доўгі час прысвоілі сабе ўсю гістарычную і культурную спадчыну Вялікага Княства ўлучна з яго назовам – «Літва» (у форме «Летува»). Яны здзейснілі свой намер не толькі дзякуючы пэўнай падтрымцы расейскіх імперскіх (а затым і савецкіх) уладаў. Даследнік гэтай праблемы сучасны амерыканскі гісторык Тымаці Снайдэр піша, што ажыццявіць такую «прыватызацыю» суседзям дапамагло і сацыяльнае паходжанне іхных «абуджальнікаў нацыі». Першае пакаленне інтэлігентаў-летувісаў складалі не шляхцічы, якім ужо само паходжанне і кодэкс гонару не дазволілі б займацца фальшаваннем, а ксяндзы і настаўнікі – дзеці заможных сялянаў. Ім, на думку Снайдэра, вельмі лёгка было, замоўчваючы або ігнаруючы гістарычныя факты, збудаваць «мона-этнічную інтэрпрэтацыю гісторыі Літвы», дзе беларусам проста не засталося месца.

Апрача таго, калі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай усе беларускія землі ўрэшце апынуліся ў Расейскай імперыі, летувісы мелі замежную базу для забеспячэння свайго нацыянальнага руху. У склад Прусіі трапіла гэтак званая «малая Летува», дзе ў спрыяльных для развіцця ўласнай культуры ўмовах жыло блізу 100 тысяч жамойтаў. Гэта давала магчымасць кантактаў з Еўропай, пашырэння ў свеце звестак пра свае нацыянальныя патрэбы. (Да 1904 г. у Тыльзіце і Кёнігсбэрзе па-летувіску выйшла блізу 3300 найменняў кніг і блізу 120 перыядычных выданняў агульным накладам некалькі мільёнаў паасобнікаў.) Невыпадкова ў 1918 г. якраз нямецкая падтрымка была вырашальнай у стварэнні Летувіскай дзяржавы з сталіцаю ў Вільні (дзе, паводле дадзеных перапісу насельніцтва 1897 r. летувісаў налічвалася меней за 2%).

Міф пра Вялікае Княства Літоўскае як летувіскую дзяржаву нашыя суседзі здолелі паспяхова ўкараніць у сусветную гістарыяграфію.
Надзвычай важным стаўся ў той сітуацыі моўны фактар. Беларуская мова адрозна ад летувіскай была забароненая як мова адукадыі і друку. Па-летувіску ж выходзіла багата рознай літаратуры: буквары, граматыкі, календары, малітоўнікі, кантычкі, катэхізісы. Нават пасля паўстання 1863 г. расейская ўлада не забараніла летувісам друк на роднай мове. (Праўда, яны мусілі карыстацца не лацінскім, а кірылічным шрыфтам.)

© У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии