Беларусы ў сучаснай Летуве

Некалькі дзесяцігоддзяў віленскія беларускія дзеячы, якія ацалелі пасля рэпрэсіяў і вярнуліся на радзіму з сталінскіх лагераў і высылкі, вымушаныя былі падтрымліваць паміж сабой выключна асабістыя кантакты.

«Цэнтрамі прыцягнення» былі пісьменніца Зоська Верас (Людвіка Сівіцкая), мастак Пётра Сергіевіч, сыны Антона Луцкевіча Лявон і Юрка ды іншыя захавальнікі беларускіх культурных традыцыяў.

Паводле дадзеных перапісу 1989 г., у Летуве жыло 63 тысячы беларусаў (у Вільні - 30.300). Пасля расейцаў і палякаў яны займалі трэцяе месца сярод нацыянальных меншасцяў, але адрозна ад дзвюх першых доўгі час былі пазбаўленыя як права навучацца на роднай мове, так і астатніх праяваў нацыянальнага жыцця.

Толькі пры канцы 1980-х гадоў, калі ў СССР набраў сілу працэс палітычнай лібералізацыі, беларусы Віленшчыны і ўсёй Летувы атрымалі пэўныя магчымасці для аб'яднання і грамадска-палітычнай дзейнасці. Сярод першых утварылася таварыства беларускай культуры ў Летуве. З дапамогай летувіскіх дэмакратаў і віленскіх беларускіх арганізацый у чэрвені 1989 г. у Вільні адбыўся устаноўчы з'езд Беларускага Народнага Фронту "Адраджэнне".

Беларусы Віленшчыны бралі чынны удзел у змаганні за аднаўленне незалежнасці Летувы, у тым ліку ў вядомай абароне Віленскага тэлецэнтра ад савецкіх войскаў.

Ад 1989 г. дзяржаўнае тэлебачанне і радыё Летувы транслюе беларускамоўныя перадачы. Шмат гадоў беларускія тэлевыпускі вяла паэтка і журналістка Таццяна Сапач. Пэўны час у Вільні дзейнічала незалежная беларускамоўная радыёстанцыя "Балтыйскія хвалі", якая вяшчала на Беларусь.

На аснове беларускамоўных класаў, што ўтварыліся пры некалькіхвіленскіх школах, у 1993 г. адчынена беларуская сярэдняя школа імя Францішка Скарыны. Беларускія класы былі створаны ў Вісагінасе ды іншых гарадах Віленшчыны.

У 1990-х гадах і на пачатку XXI ст. у Вільні надрукаваны шэраг кніг, прысвечаных нашаму гістарычнаму мінуламу, у тым ліку "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» Уладзіміра Арлова і Генадзя Сагановіча, "Беларусь мяцежная" Ніны Стужынскай, «Адкуль наш род» Уладзіміра Арлова, «Дзесяць бітваў» Міхася Чарняўскага, «Асобы, якія тварылі гісторыю» Зьмітра Санько, «Культавае дойлідства Заходняй Беларусі» Сяргея Харэўскага, «Дзеля Рэчы Паспалітай Беларусі» Юрася Дубовіка, «150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі», укладзеная Зьмітром Санько і Іванам Саверчанкам, дзве кнігі першага тома «Архіваў Беларускае Народнае Рэспублікі», падрыхтаваныя Сяргеем Шупам.

У сучасным жыцці Вільні прыкметную ролю адыгрывае Таварыства беларускай культуры, якое шмат гадоў узначальвае Хведар Нюнька. Віленскія беларусы штогод адзначаюць Дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі і ўгодкі Слуцкага антыбальшавіцкага паўстання. Дзякуючы актыўнасці таварыства наша старажытная сталіца з'яўляецца традыцыйным месцам правядзення з'ездаў беларусаў Балтыі. Тут адбываліся паседжанні цяперашняга складу Рады БНР.

© У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012