Сярэдняя Літва

Сярэдняя Літва — дзяржаўнае ўтварэнне на тэрыторыі Віленшчыны і Гродзеншчыны ў 1920-22 гг.

Палітычная сітуацыя

У 1918-1919 гг. савецкая Расея адмоўна ставілася да стварэння летувісамі сваёй дзяржавы. Аднак пасля акупацыі палякамі ЛітБела сітуацыя змянілася, бо Летува рабілася хаўрусніцай бальшавікоў у змаганні з Польшчай. Прызнаўшы ў ліпені 1920 г. незалежнасць Летувы, Масква, па сутнасці, падтрымала яе прэтэнзіі на Віленскі край разам з гарадамі Горадняй, Шчучынам, Лідай, Ашмяной, Смаргонню і Браславам. Летувісам была перададзена захопленая Чырвонай арміяй Вільня.

Ганаровая адзнака войскаў Сярэдняй Літвы. 1920 г.

Адначасова на гэтыя тэрыторыі, а потым і на саму этнічную Летуву прэтэндаваў польскі бок. Пад ціскам краінаў Антанты ў кастрычніку 1920 г. Польшча мусіла пайсці на падпісанне дамовы, паводле якой Віленшчына пераходзіла Летуве. Але начальнік Польскай дзяржавы народзінец Віленскага краю Язэп (Юзаф) Пілсудскі не пагадзіўся на перадачу сваёй «малой радзімы» суседзям.

«Паўстанне» дывізіі Жалігоўскага

У той няпэўнай палітычнай сітуацыі Варшава, звязаная абавязкамі перад Антантай, вырашыла разыграць «беларускую карту». Стаўка рабілася на так званыя «літоўска-беларускія» дывізіі Польскага войска, што складаліся пераважна з беларусаў заходняй часткі нашай краіны, сярод якіх былі жывыя традыцыі ліцьвінскага патрыятызму. Ужо назаўтра пасля падпісання польска-летувіскай дамовы супроць яе ўмоваў «узбунтавалася» Першая літоўска-беларуская дывізія генерала Люцыяна Жалігоўскага.

Л. Жалігоўскі нарадзіўся ў 1865 г. у Ашмяне. Быў удзельнікам расейска-японскай вайны, камандаваў палком у Першую сусветную. У 1918-1919 гг. ён ваяваў з бальшавікамі ў складзе польскага корпуса Доўбар-Мусніцкага і Добраахвотніцкай арміі Дзянікіна, а затым ягоная дывізія далучылася да Польскага войска.

Падначаленыя Жалігоўскаму вайсковыя часціны захапілі Вільню і рушылі на Коўну. Яны занялі Кейданы (цяперашні Кедайняй) і былі спыненыя летувісамі толькі ў раёне Шырвінтаса. Польшча заявіла міжнароднай супольнасці, што адбываецца беларуска-летувіскі канфлікт, да якога яна не мае дачынення.

Пры пасярэдніцтве Лігі Нацыяў бакі падпісалі замірэнне. 12 кастрычніка 1920 г. Віленшчына была абвешчаная незалежнай дзяржавай пад назовам Сярэдняя Літва, а яе фактычным кіраўніком стаў Л. Жалігоўскі.

Генерал Жалігоўскі сярод штабных афіцэраў. Вільня. 1920 г.

Дывізія Жалігоўскага складалася з Віленскага, Гарадзенскага, Менскага і Сувалкаўскага палкоў. Перад самым «бунтам» Пілсудскі загадаў перадаць гэтай дывізіі яшчэ Лідскі і Ковенскі палкі.

Прамежкавая дзяржава

Функцыі дзяржаўнай улады выконвала прызначаная Жалігоўскім Часовая кіраўнічая камісія на чале з В. Абрамовічам. Яна складалася з «краёўцаў» – прыхільнікаў аўтаноміі Літвы-Беларусі, якія на першае месца ставілі мясцовыя (краёвыя) інтарэсы. Яны не пагаджаліся на інкарпарацыю Сярэдняй Літвы Польшчай і выступалі за федэрацыйную сувязь з Летувой.

маркі Сярэдняй Літвы
Паштовыя маркі Сярэдняй Літвы

Часовая камісія стварыла самастойную судовую сістэму. Краіна мела свае грошы, сімволіку, паштовыя маркі, на якіх змяшчаліся герб «Пагоня», выявы архітэктурных помнікаў Віленшчыны, партрэты гістарычных і культурных дзеячоў, у тым ліку вялікага князя і караля Ягайлы, Тадэвуша Касцюшкі, Адама Міцкевіча.

На тэрыторыі краіны налічвалася некалькі сотняў прамысловых прадпрыемстваў. Улады распрацавалі праекты электрыфікацыі і правядзення зямельнай рэформы.

Люцыян Жалігоўскі даволі прыхільна ставіўся да беларускай справы, што забяспечыла яму падтрымку Найвышэйшай рады БНР. Ліберальная нацыянальная палітыка Часовай камісіі стварыла спрыяльныя ўмовы для развіцця беларускамоўнай адукацыі. Увесну 1921 г. у Сярэдняй Літве дзейнічала 186 беларускіх школаў, Віленская беларуская гімназія і Барунская настаўніцкая семінарыя. Беларускім сектарам урадавага дэпартамента асветы кіраваў вядомы палітык і культурны дзяяч Браніслаў Тарашкевіч. Ва ўрад увайшоў таксама Вацлаў Іваноўскі, прызначаны «дырэктарам аправізацыі» (адказным за харчовае забяспячэнне краіны).

Сярэдняя Літва займала тэрыторыю блізу 10 тысяч квадратных кіламетраў. Апрача сталічнай Вільні найбольш буйнымі яе гарадамі былі Ашмяна, Смаргонь і Трокі (Горадню і Ліду Пілсудскі адразу далучыў да Польшчы). Сярэдняя Літва мела 530 тысяч насельніцтва. Паводле афіцыйных звестак, беларусаў было тут 40%, але напраўду – значна болей.

У Сярэдняй Літве разгарнулі дзейнасць беларускія арганізацыі. Яе каардынаваў Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні. Неаднаразова прапаноўвалася назваць дзяржаву «Заходняя Беларусь», але на гэта не пагадзіўся польскі бок.

Далучэнне да Польшчы

Пасля беспаспяховай спробы Пілсудскага вярнуць войска Сярэдняй Літвы ў склад Польскай арміі, яно было дэмабілізаванае, і Жалігоўскі пакінуў Вільню.

Л. Жагілоўскі
Л. Жагілоўскі

У красавіку 1921 г. у Брусэлі пад эгідай Лігі Нацыяў адбылася польска-летувіская канферэнцыя, прысвечаная лёсу Сярэдняй Літвы. Рада БНР і ўрад Вацлава Ластоўскага накіравалі старшыні канферэнцыі ліст, дзе гаварылася, што «найбольш справядлівым рашэннем была б перадача гэтых спрадвечна беларускіх земляў Беларускаму Ураду».

Але палітычная і эканамічная залежнасць ад Польшчы абумовіла нядоўгі гістарычны лёс Сярэдняй Літвы. Польскі ўрад усё больш настойліва патрабаваў ад Жалігоўскага няўхільнага выканання дырэктываў Варшавы. Быў кардынальна зменены склад Часовай кіраўнічай камісіі.

Пытанне палітычнай прыналежнасці краіны канчаткова павінен быў вырашыць Сойм Сярэдняй Літвы. Аднак супраць выбараў у Сойм выступіла Ліга Нацыяў, якая прыняла пастанову правесці ў Сярэдняй Літве плебісцыт. Дзеля забеспячэння парадку на яе тэрыторыю прадугледжвалася ўвесці замежныя войскі. Рашуча пярэчылі гэтым планам Расея і Летува, якая разарвала з Польшчай дыпламатычныя дачыненні і фактычна знаходзілася з ёю ў стане вайны.

Не падтрымліваў правядзенне плебісцыту і ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі. У мемарандуме дэлегацыі БНР Лізе Нацыяў ад 18 снежня 1920 г. падкрэслівалася, што значная частка беларускага жыхарства пад час нямецкай акупацыі пакінула гэтыя землі і яшчэ не вярнулася. Таксама звярталася ўвага на тое, што беларусы пад дыктатам польскай адміністрацыі, бадай, не змогуць «праўдзіва выразіць сваю волю».

Працяглыя спрэчкі і перамовы вакол будучыні Сярэдняй Літвы скончыліся тым, што пад ціскам Польшчы ў студзені 1922 г. там усё ж прайшлі выбары ў Сойм. Беларускі нацыянальны камітэт і большая частка беларускага насельніцтва байкатавалі галасаванне.

Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў супольна з іншымі антыпольскімі сіламі рыхтавала збройнае паўстанне, але гэтыя планы былі раскрытыя дэфензівай.

Як і чакалася, абраны Сойм Сярэдняй Літвы пастанавіў, што «Віленскі край без усякіх умоваў і агаворак робіцца неадлучнай часткай Польшчы». 24 сакавіка 1922 г. польскі Сейм пацвердзіў гэтую пастанову. Сярэднюю Літву ператварылі ў Віленскае ваяводства Польшчы, дзе ўсе дзевяць паветаў былі населеныя беларусамі.

У савецкія часы існаванне Сярэдняй Літвы ў палітычных мэтах замоўчвалася. Пра яе (адрозна ад ЛітБела) у Беларусі не згадвалі ні школьныя, ні ўніверсітэцкія падручнікі. Сярод іншага гэта рабілася і дзеля таго, каб «не падаграваць незалежніцкія настроі».

ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
7 кастрычніка 1920 г. Падпісанне польска-летувіскай дамовы аб перадачы Віленшчыны Летуве.
8 кастрычніка 1920 г. Пачатак «паўстання» Літоўска-беларускай дывізіі генерала Л. Жалігоўскага.
12 кастрычніка 1920 г. Абвяшчэнне незалежнасці Сярэдняй Літвы.
20 лютага 1922 г. Сойм Сярэдняй Літвы прыняў пастанову пра далучэнне да Польшчы.

© У. Арлоў
“Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии