Іван і Антон Луцкевічы

У гісторыі беларускай культуры і нацыянальна-вызваленчага руху не аднойчы здаралася, што плячом да пляча ў шэрагі змагароў станавіліся браты: Аляксандр і Іван Цвікевічы, Якуб Колас і Антон Галіна, Антон i Язэп Лёсікі… Гэтак і браты Луцкевічы.

Іван Герман Луцкевіч (нарадзіўся 28 траўня 1881 года) быў паводле адукацыі археолагам. 3 дзяцінства цікавіўся гісторыяй Беларусі. Сабраў вялікую калекцыю помнікаў беларускай культуры, у якой былі унікальныя зборы слуцкіх паясоў, нясвіжскіх дываноў, старажытных (пячатак, манет, медалёў, рыцарскай зброі, карціны старых майстроў, граматы і старадрукі. Сярод найкаштоўнейшых экспанатаў — ілюстраванае Жухавіцкае евангелле XVI стагоддзя, першае выданне Статута 1588 года, святая кніга беларускіх мусульманаў Аль-Кітаб XVI стагоддзя, пячаткі полацкіх князёў Усяслава і Барыса, сцяг беларускіх паўстанцаў 1863 года. На аснове гэтай калекцыі ў 1921 годзе быў створаны Віленскі беларускі музей. Іван Луцкевіч з’яўляўся таксама ініцыятарам заснавання беларускай настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы, Беларускага навуковага таварыства, Віленскай беларускай гімназіі.

Луцкевіч
Палітык, публіцыст і гісторык Антон Луцкевіч

Антон Луцкевіч (нарадзіўся 30 студзеня 1884 года) вывучаў матэматыку і права. Ён быў публіцыстам, літаратурным крытыкам, педагогам і гісторыкам. 3-пад яго пяра выйшлі рэцэнзіі і артыкулы пра творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, З.Бядулі, У.Жылкі, У.Дубоўкі, М.Чарота, Н.Арсенневай. Склаў першыя падручнікі па беларускай мове, выкладаў на настаўніцкіх курсах у Вільні, у Віленскай беларускай гімназіі. Апублікаваў працы пра Ф.Скарыну, Статут Вялікага Княства Літоўскага, дзейнасць беларускіх нарадавольцаў ды іх часопіс “Гомон”. Быў засна-вальнікам Віленскага беларускага музея, старшынёю Беларускага навуковага таварыства і Беларускага выдавецкага таварыства.
Браты Луцкевічы ўвайшлі ў гісторыю таксама як палітычныя дзеячы. У 1903 годзе яны былі сярод заснавальнікаў Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады, якая ў 1905 годзе ўзяла назву Беларуская Сацыялістычная Грамада. Абодва ўваходзілі ў ЦК гэтай партыі. Бралі актыўны ўдзел у рэвалюцыі 1905—1907 гадоў. У 1906 годзе былі ініцыятарамі заснавання першай легальнай беларускай газеты “Наша Доля”, а потым — газеты “Наша Ніва”, якая сталася трыбунай беларускіх патрыётаў. Пад час Першай сусветнай вайны браты Луцкевічы разам з В. Ластоўскім выступілі з прапановай аднавіць Вялікае Княства Літоўскае з сталіцай у Вільні. Аднак гэтая ідэя не знайшла падтрымкі ў дзеячоў летувіскага адраджэння.

У 1915—1916 гадах браты Луцкевічы прыйшлі да высновы, што Беларусь павінна стаць незалежнаю дзяржавай у канфедэрацыі з Летувою. Па іх прапанове 25 сакавіка 1918 года была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. 3 верасня 1918 года да лютага 1920 года А.Луцкевіч з’яўляўся Старшынёю Рады міністраў і міністрам замежных спраў БНР.
Пасля таго як урад Леніна аддаў Польшчы заходнюю частку Беларусі, Антон Луцкевіч, які жыў і працаваў у Вільні, пяром публіцыста змагаўся за нацыянальныя і сацыяльныя правы беларускага народа. Яго заслугаю з’яўляецца тое, што на выбарах 1922 года 14 беларусаў атрымалі мандаты ў польскі сейм і сенат. Антона Луцкевіча арыштоўвалі царскія Жандармы, бальшавіцкія камісары. Польскія ўлады двойчы садзілі яго на лаву падсудных. Змагаючыся супраць антыбеларускай палітыкі польскіх уладаў, А.Луцкевіч адначасова выкрываў сталінскую палітыку ў БССР. Калі ў верасні 1939 года ў Вільню прыйшла Чырвоная Армія, яго арыштавалі і, патрымаўшы 20 месяцаў у турмах, асудзілі на 6 гадоў зняволення ў лагерах. Дакладныя месца і дата смерці А.Луцкевіча невядомыя.
Іван Луцкевіч, хворы на сухоты, памёр яшчэ ў 1919 годзе ў польскім курортным горадзе Закапанэ. У 1991 годзе ягоны прах перавезены ў Вільню. Тут, на могілках Росы, знаходзіцца цяпер сімвалічная магіла братоў Луцкевічаў.

© Анатоль СІДАРЭВІЧ

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии