Напады мангола-татараў

Чынгісхан
Заснавальнік Мангольскай імперыі Чынгісхан

Старажытным беларускім землям ў XIII ст. пачаў пагражаць новы вораг – мангола-татары, якія ўжо падпарадкавалі сабе велізарныя абшары ад Кітая да Цэнтральнай Еўропы. Летапісцы згадваюць пра напад усходніх заваёўнікаў на Берасце. Пазнейшая легенда апавядае пра вялікую бітву з татарскім войскам хана Койдана пад горадам Крутагор’ем. Чужынцы, што ішлі на Менск, пацярпелі паразу. Койдан загінуў і быў у тых мясцінах пахаваны, пасля чаго Крутагор’е нібыта было названае Койданавам (цяпер горад Дзяржынск).

Паспяховае супроцьстаянне вонкавай небяспецы для беларускіх земляў сталася магчымым у выніку іх задзіночання ў новую дзяржаву. Ролю аб’яднаўчага цэнтра ўзяў на сябе Новагародак. Легендарным героем часоў мангола-татарскага нашэсця з’яўляецца кананізаваны праваслаўнай царквой Меркур Смаленскі. Паводле жыццяпісу, уначы перад нападам ворагаў на Смаленск Меркуру ўдалося прайсці ў іх стан і забіць там «магутнага волата». Гэта і перадвызначыла перамогу смаленцаў, хоць сам герой паклаў у сечы галаву.

Манголы
Мангольскія ваяры

Да рэальных, а не легендарных падзеяў належыць напад татараў на чале з ханам Бурундаем на захад Беларусі ўзімку 1258/1259 г. Спусташальныя набегі паўтараліся ў 1275,1277 і 1287 гг. Аднак адрозна ад расейскіх земляў беларускія княствы не трапілі пад мангола-татарскі прыгнёт і ніколі не плацілі Залатой Ардзе ганебнай даніны. Натуральны працэс гістарычнага руху на нашых землях не быў парушаны. Дзякуючы гэтаму тут яшчэ на стагоддзі захаваліся вечавыя дэмакратычныя традыцыі. Тым часам у Маскоўскай дзяржаве ў выніку 240-гадовай няволі сцвердзілася азіяцкая дэспатыя.

© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии