Як марксізм пашыраўся у Беларусі

Распаўсюджванне новага вучэння ў Беларусі. У тыя часы шмат хто лічыў, што выхад Расіі з крызісу могуць забяспечыць марксізм ці рабочы сацыялізм. 3 новым вучэннем беларуская інтэлігенцыя пазнаёмілася ў народніцкіх гуртках 70-х гадоў. Потым у Беларусі пачалі распаўсюджвацца ідэі польскай марксісцкай партыі “Пралетарыят”, якую ў 1882 г. стварыў Людвік Варынскі. А неўзабаве завязаліся стасункі і з рускай марксісцкай арганізацыяй “Вызваленне працы”, якую ў 1883 г. за мяжой заснаваў Георгій Пляханаў.
Марксізм ці нацыяналізм? Марксізм патрабаваў пралетарскага інтэрнацыяналізму. Ва ўмовах Расіі гэта азначала, што рэвалюцыйнае прадстаўніцтва нацыянальна прыгнечаных народаў павінна было адмовіцца ад сваіх нацыянальных інтарэсаў і цалкам падпарадкавацца рускаму партыйнаму цэнтру. Марксізм у рускім варыянце быў па сваёй сутнасці вучэннем імперскім, антынацыянальным. У далейшым ён прывёў да таго, што лёс Расіі апынуўся ў руках дэнацыяналізаваных элементаў (рускіх, яўрэяў, грузінаў, армянаў і іншых), якія ледзь не загубілі нацыянальнае жыццё ў вялікай краіне. Але ў канцы XIX ст. адмоўныя вынікі марксізму яшчэ ніхто не мог прадбачыць. Што да альтэрнатыўнага шляху аб’яднання ўсіх антыцарскіх сілаў - не на пралетарскай, а на нацыянальнай аснове - дык ён уяўляўся неверагодным. Ідэю добраахвотнага пагаднення нацыяў у барацьбе за ліквідацыю рускай імперыі і дасягненне яе народамі палітычнай незалежнасці рускія рэвалюцыянеры ігнаравалі. Стаўка рабілася на цэнтралізаванае фармаванне пралетарскай арміі дзеля барацьбы за ператварэнне царскай імперыі ў імперыю сацыялістычную і пашырэнне яе межаў да сусветных маштабаў.
Марксізм - ідэалогія паўпераў. Рабочы сацыялізм не мог знайсці сабе спрыяльную глебу сярод сельскагаспадарчых працаўнікоў, рассыпаных па вёсках, маёнтках і фальварках. Толькі ў беларускіх гарадах і мястэчках, якія поўніліся яўрэйскай пралетарызаванай беднатой, ён знаходзіў спачуванне. Штучна сціснутыя з 1882 г. у межах гарадскіх паселішчаў яўрэйскія рабочыя з цяжкасцю здабывалі кавалак хлеба і пакутавалі ад беспрацоўя. Разам з імі нястачу цярпелі і рабочыя іншых нацыяў. Але беларусы складалі толькі каля 9% рабочага прамысловага люду мясцовых гарадоў.
Барацьба рабочых за паляпшэнне дабрабыту. Першыя страйкі адбыліся ў 70-х гадах. Побач з яўрэйскім пралетарыятам актыўна страйкавалі хрысціянскія рабочыя чыгуначных майстэрняў Мінска, Гомеля, Пінска. Самая вялікая стачка XIX ст. у межах Беларускага краю адбылася ў 1895 г. у Беластоку. У ёй удзельнічала да 20 тыс. рабочых-тэкстыльшчыкаў, сярод якіх былі яўрэі, немцы, палякі, беларусы. Аднак рабочы рух у Беларусі па складзе яго ўдзельнікаў быў пераважна яўрэйскі, бо і сярод прамысловых работнікаў большасць тут складалі яўрэі. Старыя яўрэйскія рэлігійныя брацтвы ператвараліся ў патаемныя страйкавыя касы (зародкі будучых прафсаюзаў). Яны падтрымлівалі збяднелых і бастуючых. Першая такая каса ўзнікла ў сярэдзіне 80-х гг. сярод мінскіх слесараў. Паступова вакол страйкавых касаў гуртаваліся першыя марксісцкія арганізацыі.
Пашырэнне марксізму сярод рабочых. Ужо на пачатку 80-х гадоў сотні рабочых Мінска наведвалі марксісцкія асветніцкія гурткі. 3 канца 80-х гадоў у Беларусі з’явіліся марксісцкія лістоўкі і брашуры на ідыш. У 1895 г. у Мінску рабочыя адзначылі Першамайскае свята.
Марксісцкія партыі ў Беларусі. Кожная нацыя прыстасоўвала марксісцкую дактрыну да сваіх інтарэсаў. Створаная ў 1892 г. Польская партыя сацыялістычная (ППС) пашырала свой уплыў на заходнюю Беларусь і першая паставіла пралетарскую салідарнасць на службу ідэі ўзнаўлення Польшчы ў межах 1772 г. У 1897 г. у Вільні была закладзеная яўрэйская рабочая партыя пад назвай “Агульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве і Польшчы”, а сцісла - Бунд (Саюз). Крыху пазней Цэнтральны камітэт партыі вымушаны быў перабрацца з Вільні ў Мінск. Бунд набыў вялікі ўплыў на яўрэйскіх рабочых. Выратаванне свайго народа Бунд звязваў з сацыялістычнай Расійскай імперыяй. Таму адразу пасля свайго афармлення Бунд пачаў захады па стварэнні рускай марксісцкай партыі. Менавіта Бунд узяў на сябе ролю тэхнічнага арганізатара з’езда, а потым увайшоў у склад РСДРП як аўтаномная адзінка. Літоўскія сацыял-дэмакраты ад удзелу ў з'ездзе адмовіліся, ППС не запрашалася. Пазней увесь Цэнтральны камітэт партыі і амаль усе дэлегаты трапілі ў турму. За імі паліцэйскія агенты сачылі яшчэ з Мінска. Тым не менш, у Беларусі пачалі ўзнікаць расійскія сацыял-дэмакратычныя арганізацыі, якія, праўда, знаходзіліся пад бундаўскай апекай. Гэта не магло падабацца рускім сацыял-дэмакратам, якія самі прэтэндавалі на вярхоўнае кіраўніцтва рабочым рухам у Беларусі і ва ўсёй Расіі. Іх новы лідэр Уладзімір Ульянаў (Ленін) на II з’ездзе РСДРП, што праходзіў у 1903 г., пайшоў на раскол партыі, абы толькі сцвердзіць у яе шэрагах дух дэспатызму (дыктатуры пралетарыяту) і безумоўнага падпарадкавання цэнтру. Частка дэлегатаў на чале з Л. Мартавым і Г. Пляханавым выступілі супраць. Яны арыентаваліся на ідэалы памяркоўнага рабочага сацыялізму еўрапейскага ўзору, але засталіся ў меншасці. З’езд не ўлічыў нацыянальных інтарэсаў яўрэйскай сацыял-дэмакратыі, і Бунд выйшаў са складу РСДРП. Ленінцы (бальшавікі) бралі курс на захаванне Расійскай імперыі пад сваім кіраваннем.
Замацаванне ў Беларусі рускай сацыял-дэмакратыі. Адразу пасля II з’езда РСДРП у дзейнасці сацыял-дэмакратычных арганізацыяў Беларусі пачаліся перамены. Замест старых прабундаўскіх ствараліся новыя, падпарадкаваныя перавыбранаму кіраўніцтву РСДРП. Рабілася гэта рукамі рускіх рэвалюцыянераў і тых бундаўцаў, што перайшлі ў шэрагі расійскай партыі. 3 1903 г. у Гомелі працаваў Палескі камітэт РСДРП, а з 1904 г. у Вільні - Паўночна-Заходні камітэт РСДРП. Кожны з іх кіраваў мясцовымі сацыял-дэмакратычнымі арганізацыямі ў сваім рэгіёне.
Дзяржаўны сацыялізм (зубатаўшчына). Не толькі новае кіраўніцтва РСДРП, але і царскі ўрад імкнуліся падпарадкаваць сабе Бунд, які стаяў на чале вельмі шырокага і добра арганізаванага яўрэйскага рабочага руху. Калі Уладзімір Ленін дзейнічаў ад імя расійскіх сацыял-дэмакратаў, то Сяргей Зубатаў, як працаўнік дэпартамента паліцыі, - ад імя ўрада. Побач з рэпрэсіямі рабілася спроба абмежаваць рабочы рух эканамічнымі патрабаваннямі да прадпрымальнікаў. За адмову ад палітычнай барацьбы (супраць цара і ўрада) Сяргей Зубатаў абяцаў не перашкаджаць рабочым праводзіць эканамічныя стачкі. У 1902 г. у Мінску пад наглядам паліцыі ўтварылася Яўрэйская незалежная рабочая партыя. У яе шэрагах у той час было больш рабочых, чым у Бундзе. Многія рэвалюцыянеры трапілі тады за краты па даносах зубатаўцаў. Нідзе зубатаўшчына не набыла такіх памераў, як у Беларусі (Мінск, Вільня, Гародня, Беласток). У Ярцаве Смаленскай губерні былі нават створаныя брацтвы рабочых для барацьбы з “крамолай”. I ўсё ж зубатаўшчына не змагла прадухіліць рэвалюцыйнага ўздыму.
Яўрэйскі нацыяналізм. Былі спробы звязаць рабочы рух з сіянізмам, ідэалогіяй нацыянальна-вызваленчай барацьбы яўрэйскага народа. Пасля Усерасійскага з’езда сіяністаў у Мінску (1902) утварылася фракцыя ці партыя рабочых-сіяністаў (пазней - сіён). Бундаўцы на сваім IV з’ездзе (1901) таксама ўхвалілі імкненне яўрэйскага народа да культурна-нацыянальнай аўтаноміі. Але пераважная большасць членаў Бунда заставалася на пазіцыях міжнароднага пралетарскага інтэрнацыяналізму, які рэальна вёў іх да поўнага падпарадкавання рускім сацыял-дэмакратам. Яўрэі шукалі ў будучай Расійскай сацыялістычнай імперыі дапамогі ва ўзнаўленні старажытнай іудзейскай дзяржавы ў Палесціне, але магчымасць аўтаномнага жыцця ў вольнай і незалежнай Беларусі ім не бачылася. Праўда, беларускі нацыянальна-вызваленчы рух тады толькі нараджаўся.

© Шыбека 3.
 Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.