У Косаве з’явіўся помнік Касцюшку. А якія яны ў іншых краінах?

12 мая на тэрыторыі сядзібы-музея ў Мерачоўшчыне, недалёка ад Косаўскага палаца (Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці) урачыста адкрылі першы ў Беларусі поўнафігурны помнік Тадэвушу Касцюшку — нацыянальнаму герою Беларусі, Польшчы, ЗША. Грошы на яго былі сабраны на краўдфандынгавай платформе talaka.by. Скультура была створана беларускім скульптарам Генікам Лойкам і адліта ва Украіне.

помнік Касцюшку ў Косаве
Белую тканіну з помніка ўрачыста знялі старшыня Івацэвіцкага райвыканкама А.Грыцук і скульптар Г. Лойка.
помнік Касцюшку ў Косаве
Скульптура Касцюшкі вышынёй 2,2 м адліта з бронзы. Тадэвуш Касцюшка глядзіць удалячынь, у адной руцэ трымаючы шаблю, а іншай прыціскаючы да грудзей капялюш.

Падкрэслім, што гэты помнік стаў першым поўнафігурным помнікам Касцюшку на тэрыторыі Беларусі. Раней былі пастаўлены толькі бюсты на тэрыторыі пасольства ЗША ў Мінску і ў вёсцы Малыя Сяхновічы, дзе была радавая сядзіба Касцюшкаў.

Бюст Т. Касцюшкі
Бюст Т. Касцюшкі ўстаноўлены ў 2005 г. на тэрыторыі амбасады ЗША ў Мінску

Між тым Тадэвушу Касцюшку ўсталяваныя каля двухсот помнікаў у Польшчы, ЗША, Швейцарыі, іншых краінах. Яго часта называюць самым вядомым у свеце ўраджэнцам Беларусі, імя Касцюшкі носяць выспы на Алясцы і самая высокая гара ў Аўстраліі. Разглянем некаторыя прысвечаныя Касцюшку мемарыялы, якія знаходзяцца ў розных гарадах і краінах.

Першы помнік герою быў насыпаны ў 1820-1823 гг. ў прыгарадзе Кракава. Гэта не бронзавы помнік, а 34-метровы земляны курган, на вяршыні якога быў пастаўлены Валун з надпісам «Kościuszce» (Касцюшку).

Курган Касцюшку
Курган Касцюшку ў Кракаве

Другі помнік Касцюшку ў Кракаве — цяпер сапраўдны, конны, быў створаны ў 1900 годзе, аднак толькі праз 20 гадоў (з набыццём Польшчай незалежнасці) усталяваны каля ўваходу ў Вавельскі замак.

Помнік Касцюшку ў Кракаве
Помнік Касцюшку ў Кракаве

У 1978 г. копію кракаўскага вершніка падарылі амерыканскаму гораду Дэтройту.

Statue of General Thaddeus Kosciuszko
Помнік Касцюшку ў Дэтройце

Падобная гісторыя здарылася з іншым манументам Касцюшку — у Вашынгтоне. У 1910 г. ў Лафайет-скверы, што ля самага Белага дома, з’явіўся помнік брыгаднаму генералу. На цырымоніі адкрыцця было абвешчана, што дакладна такі ж бронзавы Касцюшка з’явіцца ў Варшаве. Так яно і адбылося — толькі чакаць прыйшлося роўна сто гадоў: у 2010-м на плошчы Plac Żelaznej Bramy у польскай сталіцы вырас манумент-клон.

Помнікі Касцюшку ў Варшаве (злева) і Вашынгтоне (справа)

У пабудаванай Касьцюшкам крэпасці Вэст-Пойнт, дзе цяпер знаходзіцца Ваенная акадэмія ЗША, узвышаецца калона, на якой стаіць наш вялікі зямляк.

Помнік Касцюшку ў Вэст-Пойнце

Помнік у Філадэльфіі, дзе генерал жыў у 1797 годзе, будучы ўжо героем ЗША. Тут жа, у гістарычнай частцы горада, дзейнічае Дом-музей Тадэвуша Касцюшкі.

Помнік Касцюшку ў Філадэльфіі

Велічны конны манумент у Чыкага ўражвае!

Помнік Т.Касцюшку ў Чыкага

А вось такі помнік усталяваны Касцюшку ў Бостане.

Помнік Касцюшку ў Бостане

У Швейцарыі, у горадзе Золатурн, дзе жыў і памёр Тадэвуш Касцюшка, восенню 2017 г. (з нагоды 200-годдзя з дня смерці героя) быў усталяваны помнік на сродкі, сабраныя беларускай дыяспарай Швейцарыі. Помнік уяўляе сабой бронзавую постаць вышынёй 181 см. Знаходзіцца ў скверы ля пратэстанцкай царквы Золатурна.

Помнік Касцюшку ў Золатурне
Помнік Т.Касцюшку ў Золатурне, Швейцарыя
Подписаться
Уведомить о
guest
1 Comment
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии