Новагародская зямля

На старонках летапісаў Новагародак (Наваградак) упершыню згадваецца пад 1044 г., але горад існаваў ужо пры канцы X ст. У першай палове XI ст. была абжытая Замкавая гара, дзе новагародцы збудавалі магутныя ўмацаванні – дзядзінец.

У XII—XIII стст. горад, размешчаны на пагорках Наваградскага ўзвышша, перажываў свой росквіт. Тут былі развітыя дзясяткі рамёстваў, у тым ліку будаўнічая справа, апрацоўка жалеза, каляровых і высакародных металаў, косці, бурнштыну. Знаходкі археолагаў сведчаць пра існаванне ў Новагародку багатага жылога квартала з двухпавярховымі будынкамі, якія мелі шкляныя вокны (на той час вялікая раскоша і рэдкасць) і нават фрэскавыя размалёўкі.

Тагачасны срэбны пярсцёнак знойдзены пад Смаргонню

Горад вёў актыўны гандаль не толькі з Полацкай, Кіеўскай ды іншымі ўсходнеславянскімі землямі, але і з краінамі Заходняй Еўропы, Прыбалтыкай і Прычарнамор’ем, Візантыяй і Блізкім Усходам.

У XIII ст. Новагародак стаў самым значным горадам Панямоння і сталіцаю княства, куды ўваходзілі таксама гарады Слонім, Ваўкавыск і Здзітаў. Новагародская зямля адыгрывала ў рэгіёне ўсё большую ролю. Летапісы паведамляюць пра новагародскага князя Ізяслава, які ў 1237 г. у хаўрусе з галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам хадзіў у паход на Конрада Мазавецкага. У цеснай лучнасці з Новагародкам знаходзілася Гарадзенскае княства.

Старажытным цэнтрам Новагародка быў замак на месцы колішняга гарадзішча, заснаваны ў XI ст. Пры канцы XIV – на пачатку XV ст. замак меў чатыры мураваныя вежы: 5-ярусную Шчытавую з сценамі таўшчынёю 2,75 м, а таксама Касцёльную, Малую і Пасадскую. Дзеля забеснячэння замка вадой над крыніцай на ўсходнім схіле была збудаваная вынасная Калодзежная вежа. Да нашых дзён часткова захаваліся дзве вежы: Шчытоўка і Касцёльная.

Руіны Наваградскага замка ў 2008 г.

Сёння Наваградак адміністрацыйны цэнтр Навагрудскага раёна. Знаходзіцца на Навагрудскім узвышшы ў 162 км на ўсход ад Гродна, у 22 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня на лініі Ліда – Баранавічы. Насельніцтва 29,3 тыс. чал. (2010).

© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии