Язэп Драздовіч. Зямля і неба

 

Ёсць постаці ў гісторыі беларускага мастацтва і культуры, да якіх можна звяртацца неаднойчы, кожны раз адкрываючы новыя грані незвычайнага таленту. Такой асобай з’яўляецца Язэп Драздовіч, гісторык, археолаг, этнаграф, літаратар, астраном, фалькларыст. Але найбольш ён вядомы як мастак, графік, пачынальнік касмічнай тэмы ў беларускім выяўленчым мастацтве. Якраз апошняе з’яўляецца асноўным драматургічным стрыжнем фільма. Захапленне “касмазорыяй”, відзежы жыцця на іншых планетах пералілося ў карціны мастака, якія зачароўваюць сваёй незвычайнасцю, фантазіяй, клічуць падняць пагляд ад зямлі да неба. “Нябесныя бегі”, як названа адна з яго прац па астраноміі, пераплятаюцца ў фільме з шляхамі зямнымі, з роднай яму Дзісеншчынай, яе непаўторнымі беларускімі краявідамі, са згадкамі простых вясковых людзей, якія яшчэ памятаюць шляхетнага дзівакаватага мастака Язэпа Драздовіча, чалавека адметнага і няпростага лёсу.

© Нацыянальны інстытут беларусістыкі