«Палута Бадунова: успомніць і не забыць»

 

 Цяжка знайсці больш значнае жаночае імя ў палітычнай гісторыі Беларусі XX стагоддзя, як Палута Бадунова: сябра ЦК Беларускай Сацыялістычнай Грамады, міністр урада Беларускай Народнай Рэспублікі, сакратар ЦК партыі беларускіх эсэраў, арганізатар антыпольскага партызанскага руху ў 1919 годзе, палітычная эмігрантка і рээмігрантка, ахвяра бальшавіцкага тэрору.

 Нарадзілася Паліна Аляксандраўна Бадунова 7 верасня 1885 года ў Навабеліцы, прадмесці павятовага на той час Гомеля, які якраз уступаў у перыяд бурнага ўздыму.Сям'я Бадуновых была вядомай і ўплывовай у прадмесці. Паводле сямейнага падання, яна вяла свой радавод ад данскога казака, які ў XVIII стагоддзі пасля паўстання Емяльяна Пугачова збег у гэты край і ажаніўся з мясцовай сялянкай, выкупіўшы яе з прыгону.Палута была выхаваная ў расейскай вялікадзяржаўнай культурнай традыцыі,але праца ў вясковых школах адкрыла ёй зусім іншы свет - свет беларускага сялянства, носьбіта унікальнае мовы, багатай і арыгінальнай традыцыйнай культуры, якія, аднак, поўнасцю ігнараваліся афіцыйнымі ўладамі. Прыніжаны сацыяльны і культурны статус беларускага народа прымусілі яе задумацца аб гістарычнай і нацыянальнай тоеснасці роднага краю, аб уласнай далучанасці да яго. Палута праходзіла шлях першага пакалення беларускай педагагічнай інтэлігенцыі, для якога пачуццё адказнасці школьнага настаўніка з часам перарастала ў пачуццё адказнасці за ўвесь свой прыгнечаны народ.На ўсё жыццё яна запомніла наказ старэйшага аўтарытэта нацыянальнага руху Алеся Бурбіса: "Мы аслабелі... голад і турмы змучылі нас, высушылі нашы грудзі. Некаторыя мае сябры ўжо пакінулі гэты сьвет. Але ж мы стварылі вас, новых маладых працаўнікоў... Памятайце ж, не кідайце і вы рэвалюцыйнага сьцягу, пакуль не скажа наш народ і другія прыгнеценыя народы: Мы вольныя і роўныя".

© рэж. Валерый Мазынскі, 2012 г., Беларусь