Палеаліт на тэрыторыі Беларусі

Перыяды рассялення плямён эпохі палеаліту на тэрыторыі Беларусі

Час паазёрскага (валдайскага) зледзянення (95 000 – 10 000 год назад)

Перыяды рассялення плямён эпохі палеаліту на тэрыторыі Беларусі

Эпоха палеаліту, старажытнага каменнага веку, на Зямлі пачалася каля 2 млн. год назад са з’яўленнем першых выкапнёвых людзей у Афрыцы і Паўднёва-Усходняй Азіі. Эпоха палеаліту складаецца з некалькі частак: ніжняга, сярэдняга (перыяд Мусцье) і позняга, або верхняга палеаліту. Апошнія тысячагоддзі эпохі маюць назву фінальнага, або канца палеаліту. Першае з’яўленне чалавека на тэрыторыі Беларусі было магчымым у эпоху сярэдняга палеаліта.

Апошняе зледзяненне, якое пачалося каля 95 000 год назад1, паступова пачало зноў рухацца на поўдзень. Але да той пары як яно здолела наблізіцца да сучасных межаў Беларусі, верагодна, першыя людзі ўжо з’явіліся на яе тэрыторыі. Нешматлікія архаічныя крэмневыя прылады, зноўдзеныя у Падняпроўі, дазваляюць выказаць меркаванне, што яны былі тут у межах ад 100 000 да 40 000 гадоў. Яны адносіліся да старажытнага тыпу людзей, неандэртальцаў, якія вялі стадны лад жыцця, маглі вырабляць з косткі, дрэва і крэмяню простыя прылады працы, умелі дабываць агонь, будаваць прымітыўнае жытло і апраналіся ў скураную вопратку. Недзя каля 40 000 – 35 000 год назад неандэртальцы цалкам зніклі.

Палеаліт на Беларусі
Месцы паселішчаў у эпоху палеаліту

Каля 26 000 – 23 000 год назад на поўдні Беларусі з’яўляюцца зноў паселішчы людзей, краманьёнцаў. Набліжэнне ледавіка прывяло да паступовага пахаладання і яны вымушаны былі будаваць больш надзейнае жытло з костак і скуры і няспынна паліць вогнішча. Больш дасканалая апрацоўка крэмяню і косткі дазваляла вырабляць разнастайныя прылады працы і зброю. Асноўным заняткам было паляванне на мамантаў, шарсцістых насарогаў і іншых жывёл. Але з набліжэннем ледавіка, які каля 19 000 год назад дасягнуў паўдневых межаў Беларускага паазёр’я, краманьёнцы пакінулі селішчы і адыйшлі на поўдзень.

Паляўнічыя на паўночных аленяў
Паляўнічыя на паўночных аленяў. Мастак: Zdenek Burian.

Пачынаючы ад 17 тыс. год назад апошняе зледзяненне паступова пачало адыходзіць. Вярталіся жывёлы, у першую чаргу тыя хто прыстасаваўся да суровых кліматычных умоў тундры, сярод якіх колькасна пераважвалі паўночныя алені. Яны разам з тундрай рухаліся на поўнач а за імі ў след крочылі людзі, для якіх паляванне на аленяў было асноўным спосабам выжывання. З’яўленне у канцы палеаліту, каля 12 000 год назад, паляўнічых на паўночных аленяў бало трэцяй спробай засялення тэрыторыі Беларусі. Менавіта да гэтага часу адносіцца вынаходніцтва лука, неабходную зброю для палявання на хутканогую дзічыну. З мэтай знаходзіцца бліжэй да месц згуртавання жывёлаў, селішчы, у большасьці выпадкаў, ладзяцца на берагах рэк. Больш шырокае значэнне набывае вытворчасць прылад працы з косці і рогу.

Паляўнічыя належалі да розных культурных супольнасцей. Самыя старажытныя сляды паселішчаў гэтага перыяду знойдзены на Падняпроўі і належаць носбітам грэнскай культуры. У фінальным палеаліце паўднёвы захад Беларусі засяляюць плямёны свідэрскай культуры, на захад пранікаюць плямёны лінгбійскай і арэнсбургскай культур2.

  1. Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск: “Беларуская энцыклапедыя” імя Патруся Броўкі, 1993.
  2. В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын. Гісторыя Беларусі (у шасці тамах) Першы том. Мінск, ВП “Экаперспектыва”, 2000.
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии