Слуцкія паясы XVIII ст.

Залататканны слуцкі пояс
Залататканны слуцкі пояс з часу дзейнасці ў Слуцку Яна Маджарскага (1758-1777 гг.)

Слуцкія паясы – папулярныя ў 2-й палове XVIII ст. кантушовыя шоўкавыя паясы – абавязковы элемент шляхецкага касцюма, так званага кантушовага строю, які склаўся пад уплывам сармацкай ідэалогіі, пануючай у грамадстве Рэчы Паспалітай з канца XVI да 2-й паловы XVIII ст. Вырабляліся на спецыяльнай мануфактуры – “персіярні”, адкрытай для іх вытворчасці ў Слуцку. Вызначаліся сваеасаблівай стылістыкай і высокай мастацкай якасцю, якія моцна паўплывалі на стылістыку вытворчасці кантушовых паясоў у іншых гарадах Рэчы Паспалітай і нават Еўропы. Гэта дало падставу ўжываць тэрмін “слуцкія паясы” для агульнай назвы паясоў такога тыпу, якія вырабляліся ў Слуцку, не залежна ад месца іх вытворчасці.

З гісторыі: ад гандлю да вытворчасці. Пашырэнная ў XVII-XVIII ст. сярод заможнага грамадства Рэчы Паспалітай ідэалогія сарматызму, якая грунтавалася на міфе аб паходжанні шляхты ад старажытных сарматаў, знайшло адбітак у культуры, мастацтве і побыце шляхты. У гэты перыяд склаўся традыцыйны шляхецкі строй – жупан і кантуш (“Пара”), які дапаўняўся неабходным элементам – поясам 1 (ст.154-156).

Першапачаткова на тэрыторыю Рэчы Паспалітай паясы завозіліся з краін Усходу. Гандаль паясамі ішоў праз Заходнюю Украіну – Галіцыю, якая з даўніх часоў вяла гандаль з Усходам. Купцамі былі галоўным чынам армяне, якія яшчэ ў XIV ст. пасяліліся ў Галіцыі, а таксама часткова туркі і грэкі.

Канстанцінопаль і Львоў сталі галоўнымі цэнтрамі гандлю. Асабліва вядомым было прадпрыемства Нікаровічаў, якія мелі аддзяленне ў Канстанцінопалі, дзе час ад часу знаходзіліся самі або накіроўвалі туды давераных асоб для забяспечання рынку Рэчы Паспалітай усходнімі паясамі 2 (ст.26).

Вялікі попыт на ўсходнія паясы, іх высокі кошт (ад 4 да 500 дукатаў), які паваялічваўся з прычыны значных накладных выдаткаў, прымусілі купцоў пераключыцца з гандлю на прамысловую вытворчасць.

Найбольш раннімі фабрыкамі, якія выпускалі ўсходнія тканыя паясы былі фабрыкі армян Якуба Пятровіча ў Канстанцінопалі і Яна Маркановіча ў Львове. У Галіцыі ўзнікае шэраг прадпрыемстваў саматужнага тыпу, якія затым развіваюцца ў персіярні. Росту вытворчасці паясоў садзейнічалі галіцкія магнаты, якія бяруць персіярні пад сваю апеку. Асабліва падтрымліваў развіццё вытворчасці паясоў гетман Юзаф Патоцкі і яго нашчадкі. У галіцкіх уладаннях Патоцкіх узнік шэраг прадпрыемстваў па вырабу паясоў саматужнага тыпу – у Станіславе, Бродах, Бучачы і інш., з якіх найбольшую вядомасць набыла персіярне ў Станіславе (зараз Івана-Франкоўск, Украіна), які неўзабаве стаў цэнтрам вытворчасці шаўковых паясоў. Тут у 40-х гг. XVIII ст. пасяліўся армянін Місяровіч, які паклаў пачатак вытворчасці ўсходніх паясоў. У Станіславе таксама разгарнулася дзейнасць і Яна Маджарскага. Сюды для навучання накіроўваліся майстры з розных месц.

Слуцкая мануфактура. У 40-50-х гг. XVIII ст. у Слуцку ўжо дзейнічала фабрыка, якая выпускала галуны, пазументы і іншыя залотныя вырабы. Аднак мануфактура “перскіх паясоў” была перш заснаваная ў Нясвіжы. Лічыцца, што менавіта там склаўся тып будучага “слуцкага пояса” 3 (ст.4). Між тым паясоў з паметкай “Нясвіж” пакуль не знойдзена. Узнікненне слуцкай “персіярні” адбываецца ў 1730-1740-я гг. на базе рэарганізацыі трох прадпрыемстваў – фабрыкі залотных галуноў, паясоў і “розных матэрый” – і перамяшчэння мануфактуры паясоў з Нясвіжа ў Слуцк 4 (ст.13).

Канструктыўныя элементы слуцкага пояса: 1 – “голавы”, 2 – сярэднік, 3 – бардзюр, 4 – мохры.

У 1757 г. па даручэнню нясвіжскага ардыната Міхала Казіміра Радзівіла (Рыбанькі) – заснавальніка слуцкай “персярні” – мясцовыя майстры Іосіф Барсук, Тамаш Хаецкі і Ян Гадоўскі накіроўваюцца на вучобу ў Станіслаў. Яны не толькі асвоілі вопыт гэтай мануфактуры, але і прывезлі “персідскія, стамбульскія і кітайскія” станкі, а таксама выканалі дыпламатычную місію: па даручэнню магната запрасілі вядомага майстра Яна Маджарскага пераехаць ў Слуцк.

У канцы 1757 г. Ян Маджарскі быў ужо на Беларусі. У наступным годзе М. К. Радзівіл падпісвае з ім кантракт, згодна з якім Ян Маджарскі павінен быў “пасы рабіць з квятамі, фігуратыўнымі выявамі, манаграмамі, золатам, серабром, шоўкам паводле пададзенага абрысу (рысунку взору)”. Таксама згодна з кантрактам Маджэранц павінен быў вывучаць “рабоце персідскай” іншых рамеснікаў. Плацілі ўсім рамеснікам “згодна ступені майсэрства”.

Упамінанне ў кантракце “кнігі взораў”, на аснове якіх павінны былі ткацца вырабы, дазволіла даследчыкам меркаваць, што мастацкая стылістыка слуцкіх паясоў ўжо была распрацавана мясовымі мастакамі да прыезда ў Слуцк Яна Маджарскага. Акрамя таго, нясвіжскія рэестры сведчаць аб вырабе “перскіх пасаў” ў Нясвіжы яшчэ да 1743 г., у той самы час калі ўзнікла персіярня ў Станіславе (1740-1742). Вядомасці выдаткаў Нясвіжскай фабрыкі і рэестры прададзеных ёю за 1757-1760 гг. паясоў даюць уяўленне аб іх агульным выглядзе, структура і каларыт якіх пазней праявіліся ў слуцкіх паясах.

У перыяд 1760-1778 г. адбылося завяршэнне фарміравання тыпу “слуцкага пояса”. У выніку шырыня пояса паменьшылася да 20-40 см, даўжыня змянілася да 260-450 см. “Голавы” пояса з’яўляюцца найбольш выразнымі элементамі кампазіцыі. Матывы ад трох, чатырох і болей скарачаюцца да аднаго, двух, радзей трох, якія павялічваюцца да 25-30 см. На канцах паясоў яшчэ іншы раз захоўваліся элементы ўсходняй арнаментыкі, але асноўны акцэнт рабіўся на раслінны матыў.

Слуцкі пояс набыў поўную кампазіцыйную заершанасць пры пераемніку і сыну Яна Маджарскага – Леоне Маджарскім, які быў арандатарам слуцкай мануфактуры ў 1778-1807 гг. Гэты перыяд знаменаваны 1) з’яўленнем новага мастацкага рашэння сярэдніка пояса, у якім чаргаванне аднолькавай шырыні палос замяняецца рознымі па колеру, шырыні, арнаменту, 2) больш гучным каларытам, 3) аконтурваннем арнаменту малюнка канцоў пояса і 4) павышэннем увагі да мохраў, якія цяпер заўсёды прышываюць да пояса. Менавіта ў гэты перыяд 5) матывы мясцовай флоры поўнасцю выцясняюць персідскую арнаментыку.

З далучэннем Беларусі да Расіі Слуцк у 1795 г. робіцца павятовым горадам Мінскага намесніцтва. У рапарце Мінскага губернскага праўлення 1797 г. ёсць запіс аб мануфактурах за 1796 г. У гэтым дакуменце ўпамінаецца, што “ў мястэчку Слуцку належачая малалетняму князю Дамініку Радзівілу мануфактура польскіх кушакоў шляхціча Лявона Маджарскага”. Той жа дакумент прыводзіць дадзеныя аб памерах вытворчасці Слуцкай “персіярні”. У прыватнасці там гаворыцца, што фабрыка Лявона Маджарскага вырабляе паясоў “шаўковых з золатам да 200 штук у год”. Зарнавецкі адзначае, што на персіярні Маджарскага мелася 24 ручных стана для вытворчасці паясоў. Супастаўляючы прыводзімае, даследчыкі дапускаюць, што на кожным стане за год выраблялася ў сярэднім 45 м тканых паясоў. Дапускаючы, што з прычыны працаёмкасці на кожны стан выпадала ў сярэднім па два ткача, то атрымліваецца, што ў 1796 г. агульная колькасць ткачоў на Слуцкай персіярні складала прыблізна 48 чалавек. Прымаючы пад увагу, што яшчэ да 1792 г. вытворчасць паясоў была згорнута напалову, то, верагодна, агульная колькасць рабочых у перыяд росквіту фабрыкі дасягала больш за 100 чалавек.

У сувязі з паніжэннем попыту на слуцкія паясы, выкліканай забаронай царскага ўрада на нашэнне кантушовых строяў, Лявон Маджарскі ў 1807 г. спыніў арэнду мануфактуры. У гэтым жа годзе Радзівілы прызначылі кіраўніком мануфактуры беларуса, былога пісара, а раней ткача Фаму (Тамаша) Барсука. Былая “персіярня” скараціла выраб паясоў і пашырыла выпуск парчовых узорыстых і залотных тканін, галоўным чынам, для патрэб царквы і касцёла. У 1835 г. Слуцкую “персіярню” арандавалі мясцовыя ткачы Юзэф і Піліп Дубіцкія, якія былі нашчадкамі вядомага роду беларускіх гравёраў па шкле. У 1848 г. мануфактура спыніла сваю дзейнасць.

Канструктыўна-мастацкія асаблівасці. Паводле ніцянога складу слуцкія паясы падзяляюцца на “простыя”, “паўлітыя” і “літыя”. “Простыя” вырабляліся толькі з шаўковых нітак. “Паўлітыя” акрамя шоўку мелі дадатак каштоўных металічных (залатых і сярэбраных) нітак да арнаментаў. Асабліва каштоўнымі былі цяжкія “літыя” паясы, гладкая бліскучая паверхня “літых” паясоў дасягалася залотнай (валачонай) ніткай утку, што закрывала шаўковую аснову. Залотныя ніткі ў сваю чаргу расплюшчваліся пракаткай праз металічныя валы – каляндры. “Літыя” паясы змяшчалі металічныя ніткі ў арнаменце і фоне. Правы іх бок быў цалкам затканы залатой ніткай, якая закрывала шаўковую аснову. Найбольш дарагія з такіх паясоў утрымлівалі да 2 фунтаў золата.

Канструктыўна слуцкі пояс складаўся з дзвюх “галоў”, сярэдніка, аблямоўкі (бардзюраў) і мохраў. Велічыня сярэднка прыблізна суадносілася да памераў “галавы” як 1х16, а шырыня “галавы” да шырыні аблямоўкі як 1х8. Даўжыня слуцкіх паясоў вагалася ад 2 да 4,5 м, шырыня прыблізна ад 30 да 45 см. На “голавах” поясу звычайна змяшчалі дзве сіметрычныя выявы букетаў кветак і іншых раслінных матываў. Сярэднік запаўняўся папярэчнымі аднатоннымі ці арнаментаваныя палосы, радзей – сеткавым узорам ці ў “гарошак”. Па бардзюру ішоў раслінны звіты ў паласу арнамент. Канцы завяршаліся паласой (шлячком), матывы якой звычайна паўтаралі аздобу сярэдніка 5 (ст.111).

Арнат XVIII стагоддзя
Арнат пашыты з слуцкага пояса. Сяр. – апошняя чв. XVIII ст.

Колеры паясоў былі розныя: цёмна-чырвоны, малінавы, блакітны, зялёны, белы, чорны ў спалучэнні з золатам і серабром. Адзін бок пояса звычайна быў светлы, а адваротны – цёмны. Часам паясы рабілі чатырохбаковымі (па ўсёй даўжыні яны былі падзелены на дзве палавіны з утком рознага колеру). Іх падпяразвалі на той ці іншы бок у залежнасці ад жыццёвых акалічнасцей. Ужыванне масяжовай валкоўніцы надавала паясам надзвычай прыгожы бляск.

Насілі паясы складзенымі па аснове ў 2-4 разы і завязвалі некалькімі спосабамі: канцы пояса завязваліся бантам злева на таліі, з выстаўленымі з двух бакоў ці схаванымі канцамі.

Слуцкія паясы, як правіла, мелі наступныя меткі: “Sluck”, “Sluciae”, “IAANES MADZARSKI”, “JOANES MADZARSKI”, “Sluciae fecit”, “Mefecit Sluciae”, “Mefecit Slutiae” (“Мяне зрабіў Слуцк”). Пасля далучэння тэрыторыі Беларусі да Расіі ў канцы XVIII ст. былі распрацаваны меткі і ў рускай транскрыапцыі, якія ткаліся лацінскім шрыфтам і кірыліцай: “Wogradae” – “Sluciae”; у верхнім радку “ЛЕО МА”, у ніжнім “ЖАРСКІ”, а з другога боку ў верхнім радку “ВЬГРАѢ”, у ніжнім “СЛУЦКѢ”, або “В ГРАДѢ СЛУЦКѢ” ці “ВЬГРАДѢ СЛУЦКѢ”.

Уплыў слуцкай вытворчасці. Попыт на слуцкія паясы быў такі вялікі, што выклікаў паяўленне многіх персіярань у розных частках Рэчы Паспалітай. На тэрыторыі Беларусі найбольш вядомымі былі персіярні ў Нясвіжы, у Жмігурдах (каля Горліц, у Радзівілаў), у Ружанах (ваяводства Навагрудскае, у Сапегаў; метка FR), на Падляссі (у князя Міхаіла Агінскага), у Карэлічах, Гарадніцы і Ласосне (пад Гродна; меткі на паясах адсутнічаюць). На тэрыторыі Польшчы атрымалі вядомасць персіярні ў Кабылках і Ліпкаве (пад Варшавай), шэраг прадпрыемстваў у Кракаве, прадпрыемства ў Джэвіцах (пад Радамам), а таксама прадпрыемства у Гданьску (у прадмесці Шыдлоўцы). Гэтыя прадпрыемствы знаходзіліся пад моцным уплывам Слуцкай фабрыкі і звычайна паясы гэтых персіярань ішлі пад назваю “слуцкіх паясоў).

У большасці выпадкаў персіярні засноўваліся магнатамі або прадстаўнікамі шляхты, якія перадавалі справу прадпрыемцам таксама, як і ў Слуцку. Гэта тлумачыцца тым, што па заканадаўству, якое існавала ў Рэчы Паспалітай да 1791 г. гандлёва-прадпрымальніцкая дзейнасць была забаронена феадальнаму саслоўю пад пагрозай пазбаўлення шляхецкай годнасці. Акрамя таго, мелася значная колькасць саматужнікаў, якія выраблялі шаўковыя паясы.

Звычайна гэтыя персіярні і саматужныя майстэрні не выпрацоўвалі свайго індывідуальнага афармлення пояса. Яны выкарыстоўвалі ўжо гатовыя ўзоры, усходнія і слуцкія, часам уносячы ў іх некаторыя змены. У некаторых выпадках падобныя персіярні паслужылі асновай для ўзнікнення значных прадпрыемстваў шаўковых паясоў з індывідуальнымі асаблівасцямі распрацоўкі арнаменту. Такія прадпрыемствы распрацавалі разнавіднасць слуцкага пояса, якую можна назваць польскім тыпам.

Вытворчасцю паясоў тыпу слуцкіх заняліся шаўкаткацкія прадпрыемствы Францыі, з якіх найбольш вядомай была фабрыка ў Ліёне, якая належала П’еру Тусэну Дэшазэль.

© Паводле матэрыялаў сайта spadczyna.com (складальнік – Раман Маісей).

  1. В.М. Бялявіна, Л.В. Ракава. Мужчынскі касцюм на Беларусі. Мінск, “Беларусь”, 2007
  2. Л.І. Якуніна. Слуцкія паясы. Мінск, Выдавецтва Акадэміі навук БССР, 1960
  3. М.М. Яніцкая. В граде Слуцке (фотаальбом). Мінск, “Асобны”, 2006
  4. Высоцкая Н. Ф. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII-XVIII стагоддзяў. Мінск, “Беларусь”, 1984.
  5. Лазука Б. А. Гісторыя беларускага мастацтва (у двух тамах). Мінск, “Беларусь”, 2007
Падзяліцца
  • 3
    Падзяліліся