Змаганне з беларускім нац. рухам у Заходняй Беларусі

Польскія ўлады ў 20—З0-х гадах праводзілі ў Заходняй Беларусі палітыку паланізацыі карэннага насельніцтва, каб зрабіць край этнічна польскім і такім чынам назаўсёды замацаваць сваё панаванне на нашых землях “Крэсы Усходнія” — як яны называлі заходнебеларускія землі — мелі для тагачаснае Польшчы выключнае, перадусім эканамічнае, значэнне. Так, у бюджэце на 1924 год першыя два месцы ў структуры польскага экспарту займалі беларускі лес і ўкраінская нафта. Беларуская сыравіна і прадукцыя сельскае гаспадаркі фактычна трымалі канверсаванасць польскай залатоўкі ў Еўропе. Вывозячы з беларускіх земляў каштоўную сыравіну, Польшча навадняла яе неканкурэнтаздольнымі на еўрапейскім рынку нізкаякаснымі таварамі.Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі..

Беларускае насельніцтва было пастаянным чыннікам нестабільнасці, а пры пашырэнні нацыянальна-вызваленчых ідэй станавілася адкрыта пагрозлівай і варожай для польскай акупацыі сілай. “Вогнішча беларушчыны”, паводле слоў аднаго з ідэолагаў польскай каланізацыі Заходняй Беларусі У.Студніцкага, стварала б сур’ёзную пагрозу каланіяльным планам Польшчы. Таму невыпадкова дзейнасць у Заходняй Беларусі нацыянальных арганізацыяў па выхаванні самасвядомасці, прапагандзе ідэі аб’яднання ўсіх беларускіх земляў у адну дзяржаву, выданне беларускамоўнай літаратуры, адкрыццё школ і навуковых установаў, іншыя формы працы выклікалі рэпрэсіі з боку польскай улады. Арышты беларускіх настаўнікаў і дзеячаў культуры, канфіскацыя газет і часопісаў, зачыненне беларускіх гімназій у Барунах, Наваградку, Клецку, Радашкoвічах ды іншых месцах, публічныя палітычныя судовыя працэсы над нашымі патрыётамі, катаванні беларускіх дзеячаў у турмах Лукішкі, Вронкі, у Картуз-Бярозе ды інш., дыскрымінацыйнае ў дачыненні да беларускага насельніцтва школьнае, аграрнае, рэлігійнае заканадаўства — вось няпоўны пералік рэаліяў з жыцця Заходняй Беларусі пад польскай уладай.
Уціск і дыскрымінацыя беларусаў набылі такія памеры, што супраць гэтага пачала выказваць свой пратэст міжнародная грамадскасць і нават некаторыя польскія дзеячы, як, напрыклад, С.Жаромскі, а таксама паасобныя палітычныя арганізацыі.

© Шыбека 3.
Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии