Купцы і рамеснікі ў Вялікім Княстве Літоўскім

Развіццё рамёстваў

Магдэбургскае права спрыяла развіццю рамяства, якое было асноўным заняткам мяшчанаў. У тагачасных беларускіх гарадах працавалі майстры каля 200 спецыяльнасцяў. Да прыкладу, у Магілёве іх налічвалася болей за 80: збройнікі, ліцейнікі, муляры, кафляры, разьбяры, катляры, каптаннікі, сярмяжнікі, саф’яннікі, півавары ды інш.

Вінярня
Праца ў вінярні. 1568 г.

Найбольшым попытам карысталіся вырабы кавалёў, краўцоў, шаўцоў, гарбароў, ткачоў цесляроў ганчароў, бондараў. Знаходзіла сваіх спажыўцоў і прадукцыя майстроў больш вузкай спецыялізацыі: капялюшнікаў, панчошнікаў, замочнікаў, залатароў, сярэбранікаў, чаканшчыкаў. У спісах збройнікаў «места Полацкага» згадваюцца парахоўнікі, мечнікі, шабельнікі, пішчальнікі. 3 полацкім портам было звязанае жыццё пільнікаў стырнавых, майстроў па вырабе ветразяў. Далёка за межамі Княства славіліся беларускія майстры-гарматнікі.

Вырабы рамеснікаў звычайна спалучалі ў сабе практычную, эстэтычную і сімвалічна-абрадавую функцыі і часта былі сапраўднымі творамі мастацтва. Сярэднявечныя майстры, напрыклад ювеліры, нярэдка валодалі такімі тэхнічнымі сакрэтамі, якія з цяжкасцю раскрываюцца сёння.

Нашы таленавітыя землякі атрымлівалі запрашэнні з іншых краінаў. Да прыкладу, еўрапейскую вядомасць здабыў майстар Ян з Вільні, што ў 1562 г. стаў прыдворным ювелірам дацкага караля Фрэдэрыка II.

Частыя ваенныя дзеянні абумовілі развіццё лекарскай справы. Вялікай павагай карысталіся зельнікі – знаўцы лекавых раслінаў-зёлак. Шырокую спецыялізацыю мелі цырульнікі, якія не толькі займаліся пастрыганнем і галеннем, але і лячылі вывіхі і пераломы, рабілі хірургічныя аперацыі.

Майстры і цэхі

Баронячы свае інтарэсы ад канкурэнтаў, рамеснікі беларускіх гарадоў, як і ва ўсёй Еуропе, аб’ядноўваліся ў цэхі – своеасаблівыя тагачасныя прафесійныя звязы.
Стварэнне цэхаў прадугледжвалася граматамі на магдэбургскае права або асобнымі дакументамі, што горад атрымліваў ад гаспадара дзяржавы ці ад свайго ўладальніка. Прывілей на заснаванне цэха звычайна меў статут, у якім пералічваліся правы і абавязкі ягоных удзельнікаў, зацвярджалася цэхавая пячатка, герб і харугва. Цэхавыя статуты падрабязна рэгламентавалі вытворчасць і збыт прадукцыі, якасць сыравіны і тавараў, тэхналогію, час і ўмовы працы. Цэхі існавалі практычна ва ўсіх гарадах і мястэчках. У Магілеве іх, да прыкладу налічвалася 21, у Слуцку -17, Берасці -14, Менску – 9.

Шкляны посуд XVI ст.

Рамесніцкія цэхі мелі складаную герархію. Іх узначальвалі абраныя на год старасты-цэхмістры. Наступныя прыступкі займалі старэйшыя і малодшыя майстры, за імі ішлі падмайстры, чаляднікі, пахолкі і «хлопцы» (вучні). У вялікіх цэхах былі дапаможныя службоўцы – ключнікі, «сталовыя», пісары, шафары (бухгалтары).

Рамеснікі, якія не ўваходзілі ў прафесійныя суполкі, не маглі прадаваць свае вырабы на гарадскіх рынках і нават у ваколіцах. Так, полацкі цэх кушняроў і гарбароў карыстаўся правам за тры мілі ад горада канфіскоўваць ва ўсіх майстроў-аднаасобнікаў тавар, а іх саміх саджаць у астрог.
Дзеля таго каб падняцца па цэхавай лесвіцы, найперш трэба было мець дакумент пра законнае нараджэнне, потым доўгія гады вучьщца і плаціць складкі. Да ўступлення ў цэх дапускалі людзей «жанатых і дабрачынных», а вось «п’яніцы або гульцы ў косці» з гэтай мараю мусілі развітацца.

Прэтэндэнт на пераход у майстры павінны быў вытрымаць цяжкое выпрабаванне – «зрабіць штуку», шэдэўр свайго майстэрства. Экзамен (яго дазвалялася здаваць тры разы) адбываўся пад пільным наглядам найлепшых прафесіяналаў якія сачылі, каб кандыдат у майстры працаваў абсалютна самастойна. Каваль, да прыкладу, мусіў выштукаваць падкову, цясак і сякеру, а слесар – змайстраваць складаныя замкі для куфра і крамы. Экзамены завяршаліся шчодрым частаваннем экзаменатараў у карчме.

Рамеснікаў, якія не ўваходзілі ў цэхі ці былі выгнаныя з іх за парушэнне статуту, называлі «партачамі». Іх вырабы звычайна мелі меншы кошт, але і ніжэйшую якасць. Цэхавыя рамеснікі пераследвалі партачоў у судовым парадку і нярэдка выганялі з гарадоў.

© “У. Арлоў “Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае”, 2012

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии