Пачалася рэстаўрацыя Паўночнай вежы Гальшанскага замка

Руіны калісьці непрыступных замкаў выклікаюць змяшанае адчуванне. Гальшанскі замак – асаблівы выпадак. Перш за ўсё ён асацыюецца з гістарычным дэтэктывам Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Але толькі тут, знаходзячыся побач з руінамі, адчуваеш маштаб былой велічы і прыгажосці. А яшчэ відавочны крытычны стан, у якім знаходзіцца Гальшанскі замак. Аб кансервацыі і рэстаўрацыі аб’екта загаварылі яшчэ ў 2009-м, але справа зрушылася з мёртвай кропкі толькі цяпер.

Да наступнага рэгіянальнага фестывалю «Гальшанскі замак» адновяць Паўночную вежу гісторыка-культурнага аб’екта. Працы ўжо пачаліся. Пасля іх завяршэння госці змогуць падняцца на назіральную пляцоўку, каб ацаніць маштаб гэтага велічнага збудавання XVI-XVII стагоддзяў з сумнай і містычнай гісторыяй. Работы будуць фінансавацца з Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.

Гальшанскі замак
Паўночная вежа Гальшанскага замка. 2018

Гальшанскі замак — палацава-замкавы комплекс, рэзідэнцыя магнацкага роду Сапегаў, узведзены ў першай палове ХVII ст. Сваёй кампазіцыяй ён аддалена нагадвае Мірскі замак і ўяўляе сабой прамавугольны (88,6 х 95,6 м) замкнуты будынак. Жылыя карпусы з вежамі на вуглах утвараюць замкнёны квадратны двор (60х60 м).

Дрэнная захаванасць замка ў Гальшанах не дазваляе дастаткова поўна вызначыць яго планіроўку. Такім пабачыў Гальшанскі замак мастак Я.Кулік у 1970-м годзе:

Са слоў вядучага метадыста па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры С. Жыліка на дадзены момант ужо распрацавана канцэпцыя музеефікацыі кожнага ўзроўню вежы. Музейная экспазіцыя будзе халоднай, таму акцэнт перш за ўсё зробяць на мультымедыйнай прэзентацыі. Гэта дазволіць ажывіць архітэктуру будынка, а для наведвальнікаў стаць больш інфарматыўнай і відовішчнай. Гальшанскі замак калісьці быў адным з самых прыгожых збудаванняў ВКЛ. Таму падчас абмеркавання аднаўленчых работ вырашылі правесці рэканструкцыю Паўночнай вежы, якая часткова захавала гістарычнае аблічча, а тыя руіны замка, што засталіся – закансерваваць. Так што ўбачыць, як выглядаў замак у часы свайго росквіту, нам наўрад ці ўдасца. Такое рашэнне апраўдана, бо ўзнавіць усё цалкам практычна немагчыма. На працягу стагоддзяў замак неаднаразова быў разбураны і перабудаваны, што значна змяніла яго знешні выгляд і аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. У выніку абследавання помніка ў 1981—83 гг. архітэктурна-археалагічнай экспедыцыяй Міністэрства культуры выяўлены 3 розначасовыя этапы будаўніцтва, якія адрозніваюцца характарам выкарыстанай цэглы, вапнавага раствору і тэхнікай муроўкі. А рабіць нешта падобнае было б няправільна.

На сёняшні дзень папярэднія працы, па сутнасці, праведзеныя. Зробленыя расчыстка тэрыторыі, археалагічныя даследаванні. Пачаты работы па рэканструкцыі Паўночнай вежы. У першую чаргу мяркуецца правесці работы па ўзмацненні сцен, уладкаванню паддахавага поясу і мантажу даху. Наступны этап – усталяванне страпільнай сістэмы і ўладкаванне назіральнай пляцоўкі, каб аб’ект стаў больш прывабным для турыстаў. Далейшы ход рэканструкцыі будзе залежаць ад своечасовага фінансавання.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии