Рэлiгiйная палiтыка ў БССР

3 прыходам да ўлады ў кастрычніку 1917 г. бальшавікоў становішча ўсіх канфесій у грамадстве карэнным чынам змянілася. Пачалася доўгая канфрантацыя дзяржавы і царквы. Такая палітыка была выклікана тым, што марксізм-ленінізм разглядаў барацьбу з рэлігіяй як адзін з напрамкаў класавай барацьбы пралетарыята з капіталам.
Дэкрэт СНК „Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы“ (студзень 1918 г.), у якім абвяшчалася права чалавека спавядаць любую рэлігію або не спавядаць ніякай, супярэчыў праграмным устаноўкам бальшавікоў, накіраваным на „поўнае адміранне рэлігійных забабонаў“. І на справе ажыццяўлялася не дэклараваная свабода сумлення, а зусім іншая палітыка. Умяшанне ў канфесійныя справы стала нормай. Гэта быў адміністрацыйна-ідэалагічны ўціск, накіраваны не на рэгуляванне рэлігійнага жыцця, аказанне дапамогі прадстаўнікам тых ці іншых канфесій у вырашэнні ўзнікаўшых праблем, а на разбурэнне склаўшыхся традыцый, спыненне рэлігійнага жьщця, пабудову атэістычнага грамадства. Заканадаўча былі абвешчаны новыя прынцыпы сямейна-шлюбных адносін. Рэгістрацыя шлюбаў прызнавалася толькі ў органах савецкай улады. Так з дапамогай дзяржавы сямейны быт вызваляўся ад рэлігіі.

Дзейнасць усіх канфесій падвяргалася жорсткаму кантролю з боку адпаведных органаў. 8 мая 1918 г. пры Народным камісарыяце юстыцыі быў створаны VIII аддзел. Ён праводзіў работу па разбурэнні структур усіх канфесій, распрацоўваў антырэлігійныя кампаніі, вяршыў лёс кожнага іерарха. За палітыку, скіраваную на разбурэнне царквы, гэтае падраздзяленне атрымала афіцыйную назву Ліквідацыйны аддзел Наркамюста.

Пасля падпісання Рыжскага дагавора значная частка Мінскай епархіі аказалася на тэрыторыі польскай дзяржавы і ў кананічнай юрысдыкцыі Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (ПАПЦ). У гэтых умовах паўстала неабходнасць перагляду кіравання праваслаўнай царквой на Беларусі. У ліпені 1922 г. па ініцыятыве архіепіскапа Мелхіседэка (Паеўскага) прайшоў з’езд духавенства Мінскай епархіі, які ў далейшым атрымаў назву Памеснага Сабора беларускай праваслаўнай царквы. Ён абвясціў аўтаномію беларускай царквы, якая на той час знаходзілася ў межах Мінскай епархіі. З’езд прыняў рашэнне аб увядзенні Мельхісэдэка ў сан мітрапаліта з тытулам “Мінскі і Беларускі”. Было ўстаноўлена правіла, калі Мінскі архірэй з’яўляўся кіраўніком праваслаўнай царквы на Беларусі. Гэта традыцыя засталася да сённяшняга дня. Прынцыповае значэнне мела рашэнне аб утварэнні на тэрыторыі Беларусі чатырох епархій: Мінскай, Бабруйскай, Мазырскай і Слуцкай.

На падрыў эканамічных асноў царквы і ў той жа час паляпшэнне фінансавага становішча савецкай улады была скіравана кампанія канфіскацыі каштоўнасцяў, якая разгарнулася ў пачатку 1922 г. Праводзілася яна пад выглядам дапамогі галадаючым Паволжа. Рабаванне рэлігійных храмаў пачало ажыццяўляцца на аснове дэкрэта УЦВК “Аб парадку канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца ў карыстанні груп веруючых”, інструкцыі УЦВК і Наркамюста да дэкрэта ад 23 лютага 1922 г. Гаворка ішла аб забіранні з “царкоўнай маёмасці, перададзенай у карыстанне групай вернікаў усіх рэлігій, па вопісу і дагавору ўсіх каштоўных рэчаў з золата, срэбра і камянёў”. Нягледзячы на інструкцыі, якія дазвалялі канфіскаваць рэчы, не звязаныя з рэлігійнымі каштоўнасцямі, фактычна пачалося нічым не прыкрытае рабаванне праваслаўных храмаў. Канфіскоўвалі абрадавыя сасуды, крыжы, падсвечнікі, упрыгажэнні, іконы, кадзілы, іншыя духоўныя рэчы.

Дэкрэт УЦВК выклікаў незадавальненне вернікаў. У іх не было гарантыі, што канфіскаваныя сродкі пойдуць на закупку харчавання, дапамогу галадаючым. 23 красавіка 1922 г. на імя старшыні ЦВК БССР А.Чарвякова прыйшла тэлеграма, у якой паведамлялася, што ў Буйновіцкай воласці Мазырскага павета “пры адабранні царкоўных каштоўнасцяў узбуджаны святаром натоўп не дазваляе забіранне каштоўнасцяў”. Святар быў арыштаваны і прыгавораны да смяротной казні1. Вынішчэнне святароў адбывалася з дазволу дзяржаўнага кіраўніцтва рэспублікі.

Наступленне бальшавікоў на рэлігійныя арганізацыі суправаджалася разгортваннем унутрыцаркоўнай барацьбы. Яна адлюстроўвала адносіны вышэйшых іерархаў да новага рэжыму. На гэтай глебе адбыўся раскол на “ціханаўцаў і абнаўленцаў”. Патрыярх Ціхан з часткай іерархаў не падтрымалі “бязбожную ўладу”, за што падвергліся рэпрэсіям. Абнаўленцы, якія падтрымлівалі бальшавіцкую ўладу, у красавіку — маі 1923 г. правялі Сабор, які выказаўся за пераход царквы на “новы” стыль календара, пабудову царкоўнага кіравання на калегіяльнай аснове. Скасоўваўся культ святых мошчаў, прывілеяваны стан манаства. Беламу духавенству дазвалялася займаць пасады епіскапаў, другі раз жаніцца. Але прыхільнікі Ціхана не ўспрымалі новаўвядзенні і заставаліся вернымі старым царкоўным канонам. У 20-я гг. рух абнаўленцаў пачаў распаўсюджвацца на Беларусі, асабліва ў Магілёўскай епархіі. Тут 17 – 19 мая 1924 г. адбыўся Першы беларускі абласны царкоўны Сабор, які аб’яднаў абнаўленцаў на чале са Св. Сінодам і мітрапалітам Магілёўскім і Беларускім у Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву (БАПЦ). У новае аб’яднанне ўвайшлі каля 500 прыходаў, што складала амаль палову ад іх агульнай колькасці.
У выніку жорсткай антырэлігійнай палітыкі і агульнага крызісу абнаўленства Беларуская аўтаномная праваслаўная царква страчвала свае пазіцыі і ў снежні 1934 г. пастановай Св. Сінода праваслаўных цэркваў СССР была ліквідавана. Яе парафіі вярнуліся пад уладу Маскоўскай патрыярхіі.

Годам “вялікага пералому” становіцца 1929 год, калі канчаткова згортваецца НЭП, пачынаецца калектывізацыя. У грамадскую думку ўсё больш настойліва ўкараняецца “тэорыя” абвастрэння класавай барацьбы ў працэсе пабудовы сацыялізму. Прадстаўнікам царквы адводзіцца месца актыўнай контррэвалюцыйнай сілы, якая выступае супраць мерапрыемстваў дзяржавы. Сталін патрабуе ўзмацнення антырэлігійнай прапаганды. У палітычнай справаздачы ЦК XV з’езду УКП(б) ён заявіў: “У нас маецца яшчэ такі мінус, як аслабленне антырэлігійнай работы”2. У сталінскім разуменні гэта азначала ўзмацненне эканамічнага ўціску, фізічнага тэрору, знішчэння прадстаўнікоў духавенства і вернікаў.

Вокладка Маякоўскага да кнігі “Обряды”

Далейшы наступ дзяржавы на рэлігію азнаменавала пастанова ЦВК РСФСР “Аб рэлігійных аб’яднаннях”, прынятая 8 красавіка 1929 г. На доўгія гады яна лягла ў аснову дзейнасці мясцовых савецкіх органаў па кантролі за рэлігійнымі арганізацыямі. Пастанова забараніла ўсялякую царкоўную дзейнасць па-за сценамі храмаў. Яна разглядалася як прапаганда, на якую мелі права толькі атэісты. Рэлігійным аб’яднанням забаранялася праводзіць спецыяльныя дзіцячыя, юнацкія, жаночыя, малітоўныя і іншыя сходы, ствараць групы для навучання рэлігіі. За межамі цэркваў дзейнасць духавенства абмяжоўвалася наведваннем хворых і паміраючых. На ўсе іншыя дзеянні патрабаваўся спецыяльны дазвол мясцовых Саветаў. Нягледзячы на тое, што царква не атрымала права юрыдычнай асобы, усе рэлігійныя аб’яднанні на працягу года павінны былі прайсці рэгістрацыю. Мясцовым уладам давалася права адмаўляць у рэгістрацыі. У такім выпадку прыход закрываўся, а культавы будынак адбіраўся.

Пачатак 30-х гг. азнаменаваўся новай кампаніяй рабавання цэркваў. Яна пачалася канфіскацыяй званоў згодна з дырэктывай старшыні СНК СССР А.Рыкава ад 8 кастрычніка 1930 г. Улічваючы неабходнасць забеспячэння каляровымі металамі прамысловасці, электрабудаўніцтва і транспарту, прапаноўвалася ў кастрычніку — снежні 1930 г. і ў студзені — чэрвені 1931 г. атрымаць не менш 25 тыс. т лому, у тым ліку па РСФСР — не менш 20 тыс. т, па УССР — 4 і па БССР — не менш 1 тыс. т.

У рэспубліцы праводзілася вялікая работа па разгортванні антырэлігійнай прапаганды. Па рашэнні ЦК КП(б)Б гэтыя пытанні былі ўключаны ў план вывучэння ў сетцы партыйнай і камсамольскай палітасветы. Не абыходзіў тэму барацьбы з “царкоўнай ідэалогіяй” рэспубліканскі і мясцовы друк, асабліва напярэдадні рэлігійных свят. Тады старонкі газет і часопісаў пачыналі стракацець такімі артыкуламі, як “Каму патрэбны вялікдзень?”, “Паходжанне тройцы”, “Паходжанне і класавая сутнасць каляд” і інш.

Састаўной часткай антырэлігійнай прапаганды з’яўлялася работа па ўкараненні новых савецкіх абрадаў, свят. Яна накіроўвалася на тое, каб адарваць насельніцтва ад царквы, рэлігійна-нацыянальных традыцый, якія складваліся вякамі. Мясцовыя ўлады пачалі з галоўнага — замест хрышчэнняў і вянчанняў сталі ўкараняць акцябрыны, чырвоныя вяселлі. Яны вельмі дасканала рыхтаваліся, але пераўтвараліся ў чарговае палітычнае мерапрыемсгва з прысутнасцю мясцовых партыйных і савецкіх кіраўнікоў, спяваннем “Інтэрнацыянала”. У 1925 г. у БССР у сярэднім у месяц праходзіла 300 акцябрын, 80 чырвоных вяселляў.

Ударнай сілай у сістэме глумлення над царквой з’яўлялася дзейнасць Саюза ваяўнічых бязбожнікаў (СВБ), разгорнутая ў краіне ў 1925 г. У Беларусі такая арганізацыя пачала стварацца пазней, калі 30 сакавіка 1926 г. у адпаведнасці з пастановай сакратарыята ЦК КП(6)Б пачаў працаваць часовы орган — бюро па стварэнні таварыства. У рады гэтай арганізацыі ўцягваліся піянеры і школьнікі ва ўзросце ад 14 гадоў.

Палітыка фарсіраванай пабудовы сацыялістычнага грамадства накладвала адбітак на дзейнасць гэтай арганізацыі. 3 прыняццем другога пяцігадовага плана развіцця народнай гаспадаркі 5 мая 1932 г. СВБ СССР абвясціў сваю пяцігодку. У 118 пунктах праграмы намячаліся меры поўнага знішчэння рэлігіі на ўсіх абшарах краіны. На 1932 г. планавалася закрыццё застаўшыхся рэлігійных устаноў, у першую чаргу рыхтаваўшых кадры духавенства; на 1933 г. — ліквідацыя манастыроў, вынішчэнне абраднасці ў сямейным жыцці, забарона ўсялякіх рэлігійных публікацый, прапаганда атэізму праз кіно; на 1934 г. — дэпартацыя духоўных асоб, якія не адракліся ад святарства; на 1935 г. — пераўтварэнне культавых будынкаў у культурна-асветныя ўстановы; на 1936 г. — умацаванне заваяваных пазіцый у рэлігійнай барацьбе. На 1937 г. намячалася святкаванне перамогі канчатковага знішчэння ўсялякіх слядоў рэлігіі на ўсёй тэрыторыі СССР.

Разгортванне атэістычнай прапаганды суправаджалася ўзмацненнем новай хвалі рэпрэсій супраць святароў, якая пачалася ў 1937 г. Аб узмацненні варожай дзейнасці служыцеляў культу канстатавалася ў пастанове бюро ЦК КП(б)Б “Аб становішчы антырэлігійнай прапаганды ў Беларусі”, прынятай 7 кастрычніка 1937 г. Прадстаўнікі духавенства абвінавачваліся ў тым, што “варожа” растлумачвалі Канстытуцыю, збіралі сродкі і подпісы сярод насельніцтва для адкрыцця старых і нават будаўніцтва новых цэркваў, прымалі захады па развале калгасаў, узмацненні свайго уплыву на моладзь.

Устаноўка на неабходнасць барацьбы з рэлігійнымі арганізацыямі, якая закладвалася ў пастанове ЦК КП(6)Б, садзейнічала актывізацыі работы органаў НКУС па “выкрыцці” шпіёнскіх арганізацый, у якіх удзельнічалі і прадстаўнікі духавенства. У ліпені — верасні 1937 г. з мэтай расправы над астатнімі дзеячамі БАПЦ фабрыкуецца справа “Беларуская аўтакефальная царква”. Паводле версіі НКУС гэта “шпіёнска-паўстанцкая арганізацыя” пачала фарміравацца яшчэ ў 1918 г. у час акупацыі Мінска немцамі. Да арыштаў нібыта ў Асіповіцкім, Барысаўскім, Клічаўскім, Смілавіцкім, Чавускім раёнах дзейнічалі 13 контррэвалюцыйных труп. Усяго было арыштавана больш за 200 чал., у тым ліку 2 архіепіскапы, 30 святароў. Кіраўніком арганізацыі абвясцілі епіскапа Філарэта (Х.Раменскага). Рашэннем асобай тройкі НКУС БССР ад 25 кастрычніка 1937 г. да вышэйшай меры пакарання былі прыгавораны 11 кіраўнікоў арганізацыі.

Такім чынам, вынікам канфрантацыйнай палітыкі супраць праваслаўнай царквы з’явілася тое, што да пачатку 40-х гг. ва ўсходняй частцы Беларусі гвалтоўна былі закрыты ўсе цэрквы. Засталіся дзейнічаць толькі два храмы, дзе час ад часу праводзіліся набажэнствы. Але галоўнай стратай царквы сталі служыцелі культу. Каля 2000 духоўных асоб загінулі ў лагерах ці былі асуджаны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны на месцы.

На агульным фоне актывізацыі каталіцкага жыцця (адразу пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г.) разгортвалася кампанія рэпрэсій супраць яго духавенства. Пачатак гэтаму паклаў арышт у ноч з 16 на 17 красавіка 1918 г. магілёўскага мітрапаліта Эдварда дэ Ропа.

Канфрантацыя рымска-каталіцкай царквы з уладамі ўзмацнілася пасля таго, як яе духавенства і вернікі адмовіліся выконваць дэкрэт У ЦВК СССР аб канфіскацыі каштоўнасцяў, якія захоўваліся ў касцёлах, у фонд галадаючых Паволжа. Каталіцкае духавенства разглядала гэты акт як парушэнне Рыжскага дагавора, самавольства і гвалт у адносінах да касцёла.

Вялікі рэзананс у краіне і свеце выклікаў судовы працэс над магілёўскім архібіскупам Янам Цэпляком і 14 актыўнымі каталіцкімі свяшчэннаслужыцелямі з Расіі, які адбыўся 21—26 сакавіка 1923 г. у Маскве. Арыштаваўшы ў ноч з 12 на 13 красавіка 1922 г. группу каталіцкіх свяшчэннаслужыцеляў, улады ставілі мэту зламаць супраціўленне каталікоў на месцах, пакінуўшы рымска-каталіцкую царкву без кіраўніцтва. Я. Цэпляку ставілася ў віну тое, што ён яшчэ да абнародавання дэкрэта аб канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў даваў указанне каталіцкаму духавенству “цвёрда стаяць на аснове кананічнага права”, не дапускаць стварэння пры касцёлах саветаў (“дваццатак”) і не падпісваць з уладамі пагадненняў аб касцёльнай уласнасці.

Рэпрэсіі ксяндзоў працягваліся і ў наступныя гады. Яны праводзіліся пад лозунгам знішчэння на тэрыторыі БССР разгалінаванага і добра заканспіраванага антысавецкага падполля, якое, на думку аўтараў гэтага сцэнарыя, мела цесныя кантакты з суседняй Польшчай. Рэпрэсіўны кірунак ўключаў у сябе прававую дыскрымінацыю царквы і яе духавенства, закрыццё касцёлаў, канфіскацыю царкоўных каштоўнасцяў, ажыццяўленне рэпрэсій па лініі ВЧК – ОГПУ ў дачыненні да ксяндзоў3.
Да канца 30-х гг. дзейнасць рымска-каталіцкай царквы на ўсходніх абшарах фактычна была спынена. Рэлігійнае жыццё каталікоў працягвалася ва ўмовах глыбокага падполля.

“Фара Вітаўта”, Гродна. Узарваная ў 1961 г.

Першыя паслякастрычніцкія гады характарызаваліся актывізацыяй працэсу стварэння на тэрыторыі Беларусі пратэстанцкіх суполак розных плыняў: евангельскіх хрысціян і баптыстаў, хрысціян веры евангельскай, пяцідзесятнікаў і інш. У немалой ступені гэтаму садзейнічала імперыялістычная вайна, якая пракацілася па беларускіх землях. Ідэі евангелізма ў родныя мясціны прыносілі з сабой палонныя, якія вярталіся з Германіі, учарашнія сяляне, якія былі прызваны на службу ў царскую армію. Новая вера падкупляла людзей адказам ад складанай царкоўнай іерархіі, адсутнасцю манашаства, цэлібата, тым, што самі яе прапаведнікі усіх аднаверцаў лічылі сваімі братамі і сёстрамі.
Рост і актывізацыя дзейнасці евангельскіх аб’яднанняў не засталіся без увагі Масквы. У жніўні 1925 г. ЦК РКП(б) выдаў дырэктыву мясцовым партыйным арганізацыям вывучыць стан сектанцкага руху ў рэгіёнах, а Сакратарыят ЦК КП(б)Б зацвердзіў спецыяльную памятку і разаслаў у акругі. Высветлілася, игго, па няпоўных даных, у рэспубліцы на канец 1925 г. дзейнічала 46 абшчын розных сектаў, у якіх налічвалася 2584 чалавекі. Па сацыяльным становішчы 55 % вернікаў складалі сяляне-беднякі і 45 % — сераднякі. Каля 80 % сектантаў з’яўляліся беларусамі. За 1923 — 1925 гг. сетка суполак павялічылася на 40 %.

Даныя, якія сведчылі аб росце пратэстанцкіх суполак, паступалі не толькі з Беларусі, але і з іншых рэгіёнаў. Гэта не магло не хваляваць Маскву. Палітычную ацэнку набіраўшаму моц пратэстанцкаму руху дало Аргбюро ЦК УКІЦ6), якое 27 верасня 1926 г. заслухала пытанне “Аб стане сектанцтва ў СССР — яго палітычнай і эканамічнай ролі”. У пастанове па гэтым пытанні была пастаўлена задача канчатковай ліквідацыі сектанцтва.
Тым не менш у сярэдзіне 20-х гг. колькасць пратэстанцкіх цэркваў працягвала павялічвацца. Але працаваць з кожным годам станавілася ўсё складаней. Таму ў канцы 20-х гг. суполкі перайшлі на нелегальнае становішча.

Трагічныя падзеі не абмінулі і іудзейскую канфесію, да якой па стану на 1 студзеня 1925 г. належала 10,88% ад агульнай колькасці насельніцтва БССР. Савецкія агітатары-антырэлігійнікі дэманстравалі сваё адмоўнае стаўленне да асобных яўрэйскіх святаў і абрадаў. Непрыхільнасць да іўдзейскай суботы была выклікана тым, што нібыта яна замінала росту вытворчасці працы, бо ў гэты дзень яўрэі, як правіла, не выходзілі на працу. Так яўрэі-вернікі сустрэлі перашкоды ў справе шанавання суботы. Галоўнай задачай антысуботніх кампаній было прыцягненне ў гэты дзень дарослага насельніцтва да працы, а дзяцей — да вучобы 4.
Савецкая ўлада, якая знішчала ўсю сістэму рэлігійнай адукацыі, асаблівыя намаганні прыкладала да руйнавання сінагог, пераўтварэння іх у клубы, тэатры, склады. Лёс усіх канфесій склаўся аднолькава трагічна.

Такім чынам, з прыходам бальшавіцкай улады карэнным чынам змяніліся адносіны дзяржавы да рэлігіі, пачаліся ганенні супраць усіх канфесій. Разбураліся праваслаўныя, каталіцкія, пратэстанцкія, іудзейскія, мусульманскія храмы. Вынікам гэтай палітыкі стала тое, што ва ўсходняй частцы Беларусі да пачатку 40–х гадоў былі гвалтоўна закрыты ўсе праваслаўныя цэрквы, за выключэннем толькі двух (!) храмаў, фактычна спынена дзейнасць каталіцкай царквы, ліквідаваны ўсе сінагогі. Нябачаных памераў дасягнулі рэпрэсіі супраць духавенства і вернікаў усіх канфесій. Прычым факты сведчаць пра тое, што жорсткія рэпрэсіі супраць святароў пачаліся задоўга да злавеснага 37–га. Так, ужо ў красавіку 1923 г. быў прыгавораны да расстрэлу каталіцкі магілёўскі архібіскуп Ян Цэпляк, у 1929 г. такі самы прыгавор быў вынесены ксяндзу Я.Мацеўскаму. У 1922 г. у БССР быў расстраляны 201 праваслаўны святар. Новая хваля рэпрэсій супраць духавенства пачалася з 1937 г. НКУС адну за адной фабрыкаваў „гучныя справы“. У 1937 г. адбыўся суд па „справе“ Беларускай аўтакефальнай царквы, створанай праваслаўнымі святарамі ў 1922 г. Расстраляна 11 чалавек. У 1938 г. — працэс над „шпіёнска–паўстанцкай арганізацыяй“ на чале з мітрапалітам П.Бліновым. Усяго каля 2000 праваслаўных святароў было расстраляна або загінула ў лагерах. Ідэалагічны ўціск, атэістычная прапаганда прывялі да стварэння бачнасці бязбожнага грамадства. Але знішчэнне рэлігійных арганізацый не азначала выкаранення веры з душ людзей. I ва ўмовах манаполіі ваяўнічага атэізму ва ўсіх канфесіях заставалася многа вернікаў.

  1. Канфесіі на Беларусі (к. XVIII – ХХ ст.) / Навук. рэд. У.І.Навіцкі. – Мінск, 1998
  2. Церкви и приходы Минска. История и современность. Мн., 1996
  3. Политика советской власти по отношению к Римско-католической церкви в БССР (1919–1929 гг.) : моногр. / А.Д. Лебедев. – Минск : РИВШ, 2013
  4. Змены ў становішчы іудзейскага культу ў БССР ва ўмовах савецкай антырэлігійнай прапаганды (1919 – 1939 гг.) / К. Карпекін // Беларускi гiстарычны часопiс. – 2012. – № 8
Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии