У барацьбе за душы вернікаў

Змаганне Расіі за поўнае падпарадкаванне Беларусі ў пэўнай ступені нагадвала рэлігійныя войны. Пад сцягам праваслаўя ішла русіфікацыя. Гэтаму супрацьстаяў каталіцызм, але і ён вёў да паланізацыі. Такое становішча толькі ўзвышала для беларускага народа ролю уніяцкай веры. Ад выніку “рэлігійнай вайны” залежаў яго лес.

Германавіцкі Благавешчанскі касцёл

Стаўленне ўрада да “польскай” веры. Каталікам рымскага абраду забаранялася адчыняць новыя прыходы, калі ў гэтых прыходах не набіралася 100 хатаў або 400 вернікаў, і вышэйшае духавенства не магло мець зносінаў з Рымам непасрэдна, а толькі праз царскі ўрад. Беларускія землі дзяліліся паміж Магілёўскай, Мінскай, Віленскай і Ковенскай епархіямі на чале з біскупамі. Яны ж падпарадкоўваліся мітрапаліту, які меў рэзідэнцыю ў Пецярбурзе. Вышэйшым органам кіравання каталікоў была ўрадавая ўстанова – Рымска-каталіцкая калегія. Царскі ўказ 1827 г. забараняў пераходзіць з уніяцтва ў каталіцызм. Пасля паўстання 1831 г. ксяндзам забаранялася без дазволу адлучацца са сваіх прыходаў, рымска-каталіцкі касцёл пераводзіўся на дзяржаўнае ўтрыманне, а яго маёнткі канфіскоўваліся. За дапамогу паўстанцам 191 кляштар з 304-х быў ліквідаваны. Звычайна іх ператваралі ў прыходскія касцёлы. У семінарыях дазвалялася выкладаць толькі на лацінскай або на рускай мове. Але, мала таго, у атачэнні Мікалая I выношваліся планы далучэння больш за мільён уніятаў (грэка-каталікоў) у Беларусі і Украіне да праваслаўных.

Роля уніяцтва. Уніяцкая царква ўзнікла як вынік каталіцка-праваслаўнага кампрамісу. Уніяты прызнавалі каталіцкія дагматы, падпарадкоўваліся законам каталіцкай царквы і рымскаму папу, але захоўвалі ў набажэнстве праваслаўныя абрады, царкоўнаславянскую і беларускую мовы. Уніяцкі клір дэманстраваў у мінулым палітычную адцанасць сваёй паствы Рэчы Паспалітай і тым стрымліваў яе паланізацыю. Уніяцкая вера дапамагала беларускім сялянам, мяшчанам і дробнай шляхце зберагчы сваю этнічную самабытнасць у складзе Рэчы Паспалітай. Пасля разбораў гэтай дзяржавы уніяцкая царква ператварылася ў палітычную зброю руска-польскага супрацьстаяння. Царскі ўрад імкнуўся перацягнуць уніяцкую большасць насельніцтва на свой бок, каб замацавацца на беларускіх землях. Рымска-каталіцкая апазіцыя старалася ўтрымаць уніятаў у сферы свайго уплыву. Актыўная падтрымка паўстання 1831 г. грэцка-каталіцкім духавенствам узмацніла наступ на уніятаў, што складалі больш за тры чвэрці беларускага насельніцтва. Імператар Мікалай I загадаў зачыніць сорак базылянскіх кляштараў, якія ён называў «неприятельскими крепостями».

Але нават ва ўмовах жорсткага пераследу ў Беларускай уніяцкай дыяцэзіі (царкоўнай акрузе) у 1838 г. з 680 святароў за далучэнне да праваслаўя падпісаліся толькі 186. Тым не менш у наступным годзе пад апекаю каланіяльных уладаў адбыўся Полацкі царкоўны сабор, што прыняў пастанову пра вяртанне грэка-каталікоў «в лоно прародительской веры, дабы пребывать отныне в послушании Святейшего Правительствующего Всероссийского Синода».

Ліцьвіноў-уніятаў пераводзілі ў праваслаўе з шматлікімі здзекамі, пра што абурана пісалі Леў Талстой і Аляксандр Герцэн. Былыя уніяты супраціўляліся ўвядзенню ў набажэнства расейскай мовы. Запісы фалькларыстаў сведчаць, што ўжо ў другой палове XIX ст. у праваслаўных парафіях вернікі на загад святара спяваць «Господи, помилуй!» адказвалі:
«Мы не маскалі, каб так спяваць!»

Падзяліўшы нашых суайчыннікаў на праваслаўных і каталікоў, царскія ўлады атрымалі магчымасць даводзіць, нібыта каталікі – гэта выключна палякі, а праваслаўныя – рускія.

Закрыццё уніяцкіх храмаў, кляштараў і навучальных установаў суправаджалася масавым дзікунскім паленнем кніг і знішчэннем царкоўных інтэр’ераў, якія не адпавядалі канонам расейскага праваслаўя.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии