Эпоха Рэнесансу на Беларусі

Эпоха Рэнесансу (XIV - першая палова XVII ст.) у еўрапейскай гісторыі была переходным перыядам ад Сярэднявечча да Новага часу. Яна характарызавалася ўздымам навукі і мастацтва, станаўленнем нацыянальных моваў літаратураў і самасвядомасці, гуманістычным светапоглядам.
Нашыя продкі жылі ў талерантнай дзяржаве, шырока адкрытай для кантактаў з астатнім светам. Пранікненню заходняй культуры спрыялі беспасярэднія сувязі з рымска-каталіцкай царквой. Прывілей вялікага князя Казіміра Ягайлавіча 1447 г. даў шляхце заканадаўча замацаванае права вольнага выезду ў кожную (апрача непрыяцельскай) краіну «дзеля лепшага шчасця набыцця або ўчынкаў рыцарскіх». У заходні «лацінскі» свет накіроўваліся і каталікі, што ў Вялікім Княстве паранейшаму былі ў меншасці, і ліцьвіны-праваслаўныя. XVI - пачатак XVII ст. сталіся эпохай найвышэйшага ўзлёту беларускай культуры. Яго абумовілі багатая культурная спадчына папярэдніх стагоддзяў, эканамічны ўздым краіны і магутны ўплыў агульнаеўрапейскага Адраджэння, або Рэнесансу.

Падарожжамі па Еўропе выславіўся пан Аляксандр Солтан праваслаўнага веравызнання, які ў 1467-1469 гг. аб'ездзіў двары самых вядомых манархаў і здзейсніў паломніцтва ў Святую зямлю. Шмат вандраваў, жыў у Ляйпцыгу і Альтдорфе шляхціч Полацкага ваяводства Саламон Рысінскі, вядомы паэт XVI ст. Ён сабраў надзвычай каштоўную тысячатамовую бібліятэку. 3 антычнымі творамі Гамэра і Герадота, Тацыта, Авідзія, Ювенала ў ёй суседзілі кнігі Томаса Мора, Ульрыха фон Гутэна, Яна Каханоўскага ды іншых выдатных гуманістаў

Юнакі-ліцьвіны яшчэ з сярэдзіны XIV ст. вучыліся ва ўніверсітэтах Прагі і Кракава. Сярод іх былі арыстакраты, аднак пераважную бальшыню складалі дзеці мяшчанаў і шляхты. Традыцыйнымі для тых, хто імкнуўся атрымаць дзяржаўную пасаду, рабіліся як універсітэцкае навучанне, так і служба пры адным з еўрапейскіх двароў. У сваіх мемуарах наваградскі падсудак Хведар Еўлашоўскі, напрыклад, з гонарам адзначыў, што ягоны сын служыў у італійскіх князёў Гонзага ў Мантуі. Дзясяткі мастакоў, музыкаў настаўнікаў ды іншых адукаваных асобаў, якія натхняліся ідэямі Рэнесансу прыбылі ў нашую дзяржаву з Італіі разам з герцагіняю Бонай Сфорца, што стала жонкаю вялікага князя Жыгімонта Старога.

Беларускі вучоны першай паловы XVII ст. Іван Ужэвіч, выконваючы, як мяркуюць даследнікі, замову кардынала Рышэлье, напісаў для Французскай акадэміі славянскую граматыку. Рукапіс гэтага лацінамоўнага шэдэўра тагачаснай беларускай філалогіі зберагаецца цяпер у Нацыянальнай бібліятэцы у Парыжы.

Ідэі Рэнесансу знаходзілі сваіх прыхільнікаў у беларускіх брацтвах - рэлігійна-дабрачынных і культурных аб'яднаннях гарадскога насельніцтва, што ўтвараліся пры праваслаўных (а пазней і пры вуніяцкіх) цэрквах і манастырах, а таксама пры каталіцкіх парафіях. Брацтвы істотна уплывалі на пашырэнне асветы і кнігадрукавання, развіццё літаратуры і музыкі, іканапісу і дойлідства.

Варшава

 

Адукаваныя пласты грамадства нашай дзяржавы дзякуючы перакладам чыталі на тагачаснай беларускай мове не толькі тэксты Святога Пісьма і папулярныя ў Еўропе духоўныя аповесці, але і свецкія творы - прысвечаную Аляксандру Македонскаму «Алексан-рыю», «Аповесць пра Трышчана і Іжоту», «Сказанне пра Сівілу Прарочыцу», гістарычную «Аповесць пра Траянскую вайну». Героі «Александрыі» згадваюцца ў беларускіх летапісах і хроніках, а бітва Аляксандра Македонскага з індыйскім царом Порам нават увайшла ў рэпертуар нашага старажытнага лялечнага тэатра - батлейкі.

Эпоха Рэнесансу змяніла ўсе сферы жыцця краіны, найбольш выразна выявіўшыся ў адукацыі і кнігадрукаванні, літаратуры і мастацтве. Але гэтыя змены не азначалі адмаўлення продкаў ад ранейшых культурных дасягненняў што ўзбагачаліся і напаўняліся новым гуманістычным зместам. Знаходзячыся на скрыжаванні ўсходніх і заходніх культурных уплываў, Вялікае Княства Літоўскае было ўсходнім аванпостам Рэнесансу і годна папоўніла яго агульную скарбніцу сваімі шэдэўрамі. 3 другога боку, Княству выпала быць своеасаблівым культурным мостам паміж Еўропай і Расеяй. На вялікі жаль, наша ўсходняя суседка засталася па-за межамі еўрапейскага Адраджэння. Жыхары Вялікага Княства мелі нязмерна большыя магчымасці атрымаць адукацыю, непараўнана болей правоў і духоўнай свабоды.

3 Рэнесансам у нашай дзяржаве, як і ў іншых еўрапейскіх краінах, цесна пераплятаўся сацыяльны і рэлігійны рух Рэфармацыі.

© У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012