Канцлер Леў Сапега

Пошук па сайту

Гл. таксама

Катэгорыі

Рэклама:

"Евроклуб". летний языковой лагерь в москве . смотреть тут.

Леў Сапега паходзіў з старажытнага беларускага роду, які лічыўся ў дзяржаве другім паводле значнасці пасля Радзівілаў. Будучы канцлер нарадзіўся ў вёсцы Астроўна (цяпер у Бешанковіцкім раёне). Шасцігадовага хлопчыка бацька завёз у Нясвіж. Там ягоным апекуном стаў адданы прыхільнік незалежнасці Вялікага Княства Мікалай Радзівіл Чорны.

Спачатку ў Нясвіжскай пратэстанцкай школе, а затым у Ляйпцыгскім універсітэце, куды Радзівіл паслаў трынаццацігадовага Льва разам з сваімі сынамі, Сапега атрымаў выдатную адукацыю. У Ляйпцыгу ён грунтоўна вывучаў гісторыю, філасофію і права, што зрабіла яго добра падрыхтаваным да палітычнай дзейнасці. Гэтаму спрыяла і вольнае валоданне пяццю мовамі. Пад час навучання Сапега перайшоў у кальвінізм, але талеранцыя, якая панавала пры двары Радзівіла, з дзяцінства заклала ў ягоныя душу і розум непрыняцце рэлігійнага фанатызму.

Вярнуўшыся з Нямеччыны, ён быў прыняты на службу да вялікага князя і караля Сцяпана Батуры. Манарха ўразіла адукаванасць Сапегі і дасканалае веданне ім лацінскай мовы. Апекуны Радзівілы параілі маладому палітыку застацца пры двары, каб бараніць інтарэсы дзяржавы пасля Люблінскай вуніі.

У дваццаць тры гады Леў ужо займаў высокую пасаду сакратара Вялікага Княства. Ён вёў паспяховую палітыку, накіраваную супроць імкнення Польшчы да гегемоніі над нашай краінай. Становішча Сапегі яшчэ больш умацаваў ягоны ўдзел у Інфлянцкай вайне. Сваім коштам ён сфармаваў і ўзброіў гусарскі полк, на чале якога выявіў мужнасць і вайсковыя здольнасці ў бітве пры Вялікіх Луках і аблозе Пскова.

Батура накіраваў Льва Сапегу з надзвычай адказнай дыпламатычнай місіяй у Маскву. У выніку быў падпісаны вельмі выгадны для нашай дзяржавы «вечны мір», які пацвярджаў, што Масква прызнае за Вялікім Княствам Полаччыну і Інфлянты. Дыпламатычная ўдача паспрыяла кар'еры таленавітага палітыка. У 1585 г. Сапега заняў пасаду падканцлера, а праз чатыры гады стаў канцлерам - другім чалавекам у дзяржаве, які выконваў функцыі міністра унутраных і замежных справаў.

Выдатная заслуга Льва Сапегі ў тым, што ён дамогся ў 1588 г. зацверджання нашага трэцяга Статута, самага перадавога на той час у Еўропе збору законаў. Падрыхтаваны з удзелам Сапегі, ён гарантаваў палітычную і эканамічную незалежнасць краіны. Сам канцлер няўхільна трымаўся 12-га артыкула III раздзела Статута, які забараняў раздаваць польскай шляхце маёнткі і пасады ў нашай дзяржаве. Статут быў выдадзены пад асабістым наглядам Сапегі, з яго прадмовай і ягоным коштам.

Перайшоўшы ў каталіцтва, канцлер стаў прыхільнікам аб'яднання праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, якое закліканае было ўмацаваць дзяржаву. У 1596 г. ён як прадстаўнік вялікага князя і караля выступаў за вунію каталікоў і праваслаўных на Берасцейскім царкоўным саборы. У сваіх лістах да духоўных уладаў Сапега перасцерагаў іх ад гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да суайчыннікаў іншага веравызнання.

Вызначальная роля належала Сапегу ў ваенных кампаніях з Масковіяй у 1609-1611 і 1617-1618 гг. Тады Княства значна пашырыла межы, вярнуўшы сабе Смаленск, Дарагабуж, Старадуб, Себеж ды іншыя землі. Пры канцы жыцця Леў Сапега восем гадоў быў вялікім гетманам, паказаўшы сябе таленавітым военачальнікам. I тут інтарэсы Айчыны ён ставіў вышэй за ўсё. У часе вайны з Швецыяй гетман і ягоны сын Ян ахвяравалі на змаганне з ворагам вялікую частку сваёй маёмасці.

Захоўваючы найвышэйшую пасаду на працягу трыццаці з лішкам гадоў, Леў Сапега вызначаў палітыку Вялікага Княства Літоўскага. Ён быў паслядоўным прыхільнікам не абсалютнай манархіі, а моцнай праўнай дзяржавы, дзе пануюць законы, а не асобы. Асноўным ягоным клопатам заўсёды заставалася ўсебаковае ўмацаванне дзяржаўнага суверэнітэту краіны. 3 удзелам Сапегі быў створаны Трыбунал Вялікага Княства - галоўны апеляцыйны суд, рашэнні якога мелі сілу соймавых пастановаў.

Леў Сапега меў таксама заслужаную славу шчодрага мецэната, апекуна мастакоў і пісьменнікаў. Паэт XVI ст. Андрэй Рымша ў панегірыку на герб вялікага канцлера пісаў:

Пры каторых з аружжам конны воін стаіць,
Служыць сваім спадаром ку кождай штрэбе,
Не літуючы скарбаў, ні самога себе.

Сапега спрыяў развіццю беларускага кнігадрукавання. Ён сам быў вялікім аматарам кнігі і сабраў у сваім палацы ў Ружанах вялікую бібліятэку. На загад нашага знакамітага палітыка былі спарадкаваныя і перапісаныя некалькі сотняў тамоў Літоўскай Метрыкі - архіва дзяржавы, які ў выніку збярогся для нашчадкаў. Перад сконам Леў Сапега шчодра адарыў зафундаваныя ягоным родам храмы і быў пахаваны ў адным з іх - віленскім касцёле святога Міхала.

Дзякуючы дзейнасці Льва Сапегі нашая дзяржава ў складаных гістарычных абставінах не толькі захавала незалежнасць, але і перажыла перыяд гаспадарчага і культурнага росквіту. Гэты час гісторыкі з поўным правам называюць «эпохай Сапегі».

© У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012