Скандынаўская каланізацыя Вялікага Усходняга шляху

Вікінгі ва Усходняй Еўропе з’яўляюцца ў сярэдзіне VIII ст. i працягваюць сваю дзейнасьць да пачатку XIII ст. На жаль, пры мностве гіпотэзаў дагэтуль бракуе праўдападобных крыніцаў. Але калі савецкая «антынарманская» школа была пабудаваная цалкам на міфах пра «русы люд», «раксаланаў», «рэчку Русь», дык шведскія і заходнія гісторыкі заўсёды ішлі ад фактаў, якіх, тым ня менш, не хапае, каб скласці ясны вобраз тагачасных падзеяў. Як i абсалютная бальшыня сучасных гісторыкаў, аўтар падтрымлівае «нарманскую», дакладней, «варажскую» канцэпцыю гісторыі старажытнай Русі.

Як вядома, мэтаю данскіх i нарвежскіх вікінгаў быў Захад. Акурат у Заходняй Еўропе былі заснаваныя скандынаўскія дзяржавы ў Англіі (Ёрвік), Нармандыі, Сіцыліі. У сваю чаргу, шведскія вікінгі прасоўваліся на Усход у землі тагачасных фінскіх i славянскіх плямёнаў [Arbman 1961:89]. Асноўным цэнтрам гэтага прасоўвання на ўсход была старашведская Бірка на выспе возера Мэларэн (Malaren). Потым да яе далучыўся горад Вісьбю (Visby) на выспе Готланд (Gotland) [Sawyer 1985:167]. Першай шведскай калоніяй была Старая Ладага/Aldejgjuborg, заснаваная ў сяр. VIII ст. на паўночным захадзе сучаснай Расіі. Акурат тут шведскія вікінгі-купцы атрымалі ад навакольнага фінскага насельніцтва назву «Русь» («Routsi»). Этнонім гэты паходзіць альбо ад назвы паморскай шведскай правінцыі Русьлаген (Roslagen), альбо ад назвы маракоў-веславаннікаў «русь-чалавек» (rops-maen). Пабудаваны этнонім строга паводле законаў фінскіх дыялектаў Параўнайце наступныя назвы фінскіх плямёнаў: «Чудзь», «Весь», «Водзь», «Сумь», «Лібь». Дагэтуль тэрмін «Русь» («Routsi») выкарыстоўваецца для пазначэння Швецыі ў фінскай ды эстонскай мовах.

Вараг IX ст.
Вараг IX ст.

У заходняй гістарычнай навуцы паходжанне паняцьця «Русь» лічыцца канчаткова вырашаным, a ўсе спекуляцыі на гэты конт («русы», «раксаланы» і г.д.) антынавуковымі. Яўхім Карскі яшчэ ў 1930 годзе заўважыў, што назва шведскіх вікінгаў «роусь» была запазычана ў фінскіх этнасаў наўгародзкімі славенамі і полацкімі крывічамі. У першыя стагоддзі існавання старажытнага Полацкага і Ноўгарадзка-Кіеўскага княстваў назва «Русь» ніколі не змешвалася з назвай «Славяне». Напрыклад, выразна адрознівае «Русь» ад «Славянаў» збор законаў «Руская праўда» [Karskii 1930:90]. Усе імёны першых князёў i фыдзяў (чаляднікаў) у даўнейшых памятках выключна скандынаўскія.
У IX ст., паступова прасоўваючыся з Ладагі і Ноўгараду на ўсход, шведскія вікінгі праклалі міжнародны гандлёвы шлях ад Балтыйскага да Чорнага мора і далей на ўсход. Сымбалем далечыні падарожжаў шведскіх ваяроў-купцоў лічыцца фігурка Буды з Індыі, знойдзеная на выспе Гельгё (Helgo) возера Мэларэн ля Стакгольму, якая сёння захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Швэцыі (Statens Historiska Museum).

Ha рачных прасторах паміж Балтыкай i Чорным морам шведскія вікінгі засноўваюць гандлёвую карпарацыю, якая атрымала назву «варагі» (varjager, varingar). Слова гэтае мае скандынаўскі корань «var» — клятва. Згодна з «Рускай праўдай» варагі валодалі выключна прывілеяваным становішчам у старажытнарускім грамадзтве [Stender-Petersen 1953:250]. Старажытнарускія летапісы злучалі паняцце «Русь» i «Варагі» ў адно, маючы на ўвазе, безумоўна, скандынаваў: «идоша за море къ Варагом к Русі, сіце боса звахуть Варази суть яко се друзии зъвутся Свеі, друзии же Оурмане, Ангелане, друзии Гете» [PSRL 1997-1:19]. Першая звестка пра скандынаўскае гаспадарства на абшарах плямёнаў фінаў i ўсходніх славянаў датуецца 839 годам. Праз Хазарскі каганат i Візантыю да імператара Святой Рымскай імперыі Людвіка прыбыло пасольства ад народу «Русь» (Rhos). Якраз так назваў дэлегацыю ў сваім лісце імператар Візантьгі Тэафіль. Але нямецкае баярства са здзіўленьнем адзначыла, што насамрэч гэтыя Русы па сваёй мове належаць да шведаў (Suetos) [Stender-Petersen 1953:247]. Шведскай дзяржавай лічылі старажытную Русь таксама арабскія аўтары [Karras 1989:46].

У X ст., перамогшы Хазарскі каганат (акурат у часе вайны паўстала неабходнасць пабудовы «гарадоў»-умацаваньняў уздоўж Дняпра), шведскія вікінгі апанавалі ўсе рачныя шляхі ад Балтыкі да Чорнага мора. Балтыйскае мора па шведску мае назву Усходняе мора (Ostersjon). Славяне і фіны гэтае мора «ўсходнім» называць ня маглі, бо для іх яно было заходнім. Таму назвалі яго «Варажскім» на імя купцоў, якія прыходзілі са Скандынавіі [Labuda 1960:64]. Пра гэта пісаў пры канцы XVII ст. гісторык Хвядос Сафановіч: «словяни осели ажь до Двины и там все берега и того край осели на остаток ажь до Ледова и Балтіского мора, которое Варяжским Русь называет» [Safanovic 1952:96]. У сваю чаргу, Чорнае мора называлі «морам Русов» усходнія географы, напрыклад, Аль-Масудзі (сярэдзіна X ст.) [LI1989:189], тое самае мы сустракаем у «Аповесці мінулых гадоў». «Рускім» Чорнае мора называе таксама заходнееўрапейская «Славянская хроніка» Гельмольда (др. пал. XII ст.) [LI 1989:189].

З цягам часу скандынаўская дзяржава «Русь», палітычная ўлада ў якой належала шведскім вікінгам, апанавала ўсе рачныя шляхі ад Балтыкі да Чорнага мора. Сістэма Вялікага Ўсходняга шляху (Storosterled), якую кантралявалі скандынавы, была досыць складанай. Існавала некалькі маршрутаў яго праходжання. Сярод іх не згаданы канкурэнтнай Полацку кіеўскай хронікай «Аповесць мінулых гадоў» шлях з Балтыкі наўпрост праз Полацак i Віцебск па Дзвіне ў Дняпро, які быў карацейшы за Неўска-Ладажскі маршрут. Менавіта полацкі варыянт вялікага ўсходняга шляху ўзгадвае адзіная шведзкая сага «Гутасага» (Gutasagan). Згодна гэтай гісторыі Готланду, пісанай у пачатку ХІІІ ст. готландзкай гаворкай: «ля 1030 году Ігар Дальняход з сябрамі праплыў па рацэ Дзьвіна (Dyna) праз Русь (Ryzaland) у Грэцыю…».

У шведзкіх крыніцах краіна Русь атрымала ўласную назву «Гардарыка» (Gårdarike) – краіна ўмацаваных гарадкоў, бо ў метрапольнай Швецыі VIII-X стст. не было патрэбы будаваць умацаванні. Цэнтрамі «Гардарыкі», альбо «Вялікай Швецыі», сталі Aldejgjuborg /Старая Ладага, Holmgard/Ноўгарад, Palteskia/Полацак, Syrnes/Гнёздава, Konugard/Кіеў (Княжскі горад). Мэтаю падарожжа варагаў-купцоў быў Miklagard/Канстантынопаль – найбуйнейшы гандлёвы цэнтр тагачаснага свету. Падарожжа ад шведскай Біркі праз Балтыку на Русь пры добрым надвор’і займала ўсяго пяць дзён [LI 1989:145]. Багата шведскіх вікінгаў служыла ў каралеўскай гвардыі Візантыйскай імперыі, дзе яны былі вядомы як «варангі» (varangus) [Stender-Petersen 1953]. Шмат з іх складалі гвардыю вугорскага караля Х-ХІ стст., дзе яны былі вядомы як «оруш» (orosz) [LI 1989:115]. Нарвежскі кароль Гаральд (Harald, 1047-1066) у маладосці служыў збіральнікам палюдзьдзя («бірчым») у кіеўскага князя Яраслава/Jaritsleif Мудрага, жонкаю якога была шведка Інгегерд/Ірына. Закахаўшыся ў дачку Яраслава скандынаўку Елізавету/Ellisiv, Гаральд прысвяціў ёй верш на старашведскай мове. Твор гэты захаваўся.

Скарб скандынаўскіх ювелірных вырабаў
Скарб скандынаўскіх ювелірных вырабаў

Галоўнаю мэтай усходняга гандлю шведскіх вікінгаў былі рабы, якіх абменьвалі на срэбра. Невыпадкова куфіцкія дырхемы знойдзены на ўсходнім узбярэжжы Швецыі ды на заходнім, нашым, баку Балтыкі – у Беларусі, Латвіі і на поўначы сучаснай Расеі. Гандлёвае падарожжа ў Візантыю («Усход», «Грэцыю»), мяркуючы па надпісах рунічных камянёў Упланду, было звычайнай справай шведскіх вікінгаў. Акурат яны пакінулі падчас свайго побыту рунічныя надпісы на старашведскай мове ў Ноўгарадзе, Полацку, Кіеве, Канстантынопалі (Сафійскі сабор). На абшарах старажытнай Русі знойдзена вялізарная колькасьць скандынаўскіх памятак, большую за якую археолагі знайшлі толькі ў самой Швецыі ды на фінскім узбярэжжы. На абшарах старажытнай Русі дагэтуль ня знойдзена ніводнай памяткі альбо комплексу памятак данскага ці нарвежскага паходжання. Усе знаходкі атрыбутуюцца даследнікамі як акурат шведскія [Sverdlov, Shaskolskii 1986:113]. Гандлёвы шлях на ўсход меў выключнае значэнне для старажытнай Швецыі. На Усход везлі футра, мячы, медзь, свінец, коней. На абшарах усходніх славянаў i старажытных фінаў як падатак збіраліся каштоўныя шкуры, воск (тагачасны свет меў моцную патрэбу ў свечках), мёд. Важнае значэнне набыў гандаль рабамі, які красаваў у тагачаснай Швецыі. Рабы былі хадавым таварам на рынках Усходу. Асноўным пастаўніком была Ўсходняя Балтыка. Напрыклад, эстонцам (эстам) паходжаннем быў захоплены калісьці вікінгамі ў рабства нарвежскі кароль Улаф Трыгвасон (Olof Tryggvason).

Скандынаўскія русы кантралявалі з IX ст. Чорнае мора, а таксама зрабілі шэраг паходаў на караблях на Каспій. Апошні шведскі паход на Усход датуецца другой паловай XI ст., калі караблі вікінгаў на чале з Ігарам Дальняходам (Ingvar Vittfarne), верагодна, трапілі ў Грузію, але ня здолелі вярнуцца дадому. Успаміны пра гэтую выправу адбітыя на 26 рунічных камянях Упланду, афармленне якіх у свой час патрабавала вялікіх сродкаў [Kan 1996:48]. Вядома, што менавіта Ігар Дальняход на чале ўласнай дружыны каля 1030 г. зрабіў рэйд па Дзьвіне [Abrahamson 2002].

Што да полацкіх крывічоў, наўгародзкіх славенаў альбо кіеўскіх палянаў дык скандынаўскія калоніі здаваліся выспачкамі ў іх моры. Шведскія вікінгі забяспечвалі збыт прадукцыі тутэйшых гаспадарак ды вызначалі памер, характар («палюдзьдзе») i месца («пагост») збору падаткаў. Бедныя славянскія плямёны (пра гэга сведчаць пахаванні) ня мела аніякага сэнсу рабаваць. Паступова, на працягу стагоддзяў, скандынаўская палітычная эліта асімілявалася ў славянскім асяроддзі. Тутэйшыя абшары, населеныя ўсходнімі славянамі, атрымалі назву Русь i вызналі праваслаўе. Вынікам стаўся своеасаблівы скандынаўска-славянскі сымбіёз. Этнолагі даўно заўважылі, што ў адрозненне ад звычайных палітонімаў (этнонімаў), палітонім «рускі» адказвае на пытанне «чый», але не на пытаньне «хто» (паляк, немец i т.д.). Таму ўсходнеславянскія этнасы лічыліся ў сярэднявеччы «рускімі». Акурат таму вызнаюць праваслаўе i лічаць сябе «рускімі» фінамоўныя карэлы і карпацкія русіны, на мову якіх паўплывалі заходнеславянскія гаворкі. Бо ад Карэліі да Карпатаў у паўночным i паўднёвым кірунку сягалі межы старажытнай Русі. Сёння скандынаўскі корань «Русь» захавалі дзве краіны Усходняй Еўропы: Беларусь i Расея.

© А.Котлярчук “Швэды ў гісторыі і культуры беларусаў”

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии