Магнаты і шляхта Вялікага Княства Літоўскага

У Вялікім Княстве зямля дзялілася на прыватную і дзяржаўную, галоўным уладальнікам якой быў манарх-гаспадар. Дзяржаўныя землі пашыраліся за кошт далучэння да краіны новых абшараў. Уладальнікі прыватных земляў мелі права прадаваць, дарыць і мяняць сваю маёмасць. 3 развіццём феадальных дачыненняў колькасць прыватнаўласніцкіх земляў расла і ўтвараліся буйныя латыфундыі.

Гаспадароў вялікіх абшараў у другой палове XIV ст. пачалі называць «панамі». Гэтае найменне пашырылася і на іншых уласнікаў. Найбагацейшыя сталі звацца магнатамі. Шмат хто з іх меў княскія або графскія тытулы: Радзівілы, Сапегі, Гальшанскія, Хадкевічы, Слуцкія, Друцкія, Астрожскія, Тышкевічы, Алелькавічы, Гаштаўты, Чартарыйскія.

Людзі, якія атрымлівалі зямлю ад вялікага князя за вайсковую службу, называліся баярамі. Зямля належала ім часова, але баярын мог выслужыць або выкупіць свой надзел у вотчыну, гэта значыць у поўнае ўладанне.

Як асобная палітычная сіла баярства ўмацавалася ўжо пры Вітаўце. Клапоцячыся пра моц войска, гаспадар шчодра раздаваў землі васалам. Гарадзельская вунія 1413 г. надзяліла прывілеямі і гербамі толькі буйное баярства (51 род) каталіцкага веравызнання. Аднак такое становішча трывала нядоўга. Вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч у 1434 г. ураўнаваў у правах каталіцкую і праваслаўную арыстакратыю. У часы Казіміра Ягайлавіча баяры таксама атрымалі аднолькава шырокія прывілеі - незалежна не толькі ад веры, але і ад памераў уладанняў.

З XV ст. разам з даўнейшым назовам «баяры» ўсё часцей пачаў ужывацца новы «шляхта», што ў перакладзе з тагачаснай нямецкай мовы азначала «род, парода». На пачатку XVI ст. усіх вайскова-служылых людзей ужо называлі шляхцічамі.

Шляхта Вялікага Княства карысталася надзвычай шырокімі правамі. Яна мела асабістую недатыкальнасць і магчымасць вольнага выезду за мяжу, вызвалялася ад натуральных павіннасцяў і плацяжоў з маёнткаў, вольна распараджалася вотчынамі, судзіла сваіх сялянаў. Самога ж шляхціча маглі судзіць толькі роўныя яму, гэта значыць шляхоцкі суд. Праз мясцовыя соймікі і вальны Сойм шляхта ўдзельнічала ў самакіраванні ў паветах і ваяводствах, а таксама ў вызначэнні палітыкі ўсёй краіны. Менавіта шляхта выбірала вялікага князя і суддзяў усіх роўняў да самага галоўнага - Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага.
Да самай багатай і ўплывовай арыстакратыі Еўропы належаў ліцьвінскі род Радзівілаў. У ягоных уладаннях знаходзіліся болей за дваццаць замкаў, 426 гарадоў і мястэчкаў, блізу 2 тысяч маёнткаў з 10 тысячамі вёсак. Радзівілы далі дзяржаве шмат славутых палітыкаў, палкаводцаў, культурных дзеячоў. Выдатную ролю ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага адыгрывалі таксама магнацкія роды Астрожскіх, Сапегаў, Хадкевічаў...

Асноўным абавязкам шляхоцкага стану была абарона Айчыны. За «нявартыя» заняткі рамяством або гандлем пагражала страта шляхоцтва. У залежнасці ад сваёй маёмасці і палітычнай вагі шляхта падзялялася на тры групы. Верхнюю складала арыстакратыя - вялікія паны і князі, якія былі нашчадкамі Рурыкавічаў і вялікакняскіх дынастыяў. Яны мелі велізарныя зямельныя абшары і тысячы прыгонных сялянаў, ішлі на вайну пад уласнай харугвай на чале свайго войска з баяраў і слугаў. Попіс (перапіс) узброеных сілаў Вялікага Княства паказвае, што траціну ўсяго войска выстаўлялі толькі блізу дваццаці родаў - Радзівілы, Кезгайлы, Алелькавічы, Астрожскія, Осцікавічы,ь Глябовічы, Забярэзінскія, Кішкі, Хадкевічы, Сангушкі ды іншыя. Да асноўнай часткі шляхты належалі сярэднія і дробныя землеўласнікі, што валодалі ў лепшым разе некалькімі дзясяткамі сялянскіх «дымоў». Апошнюю прыступку займалі самыя дробныя шляхцічы, якія мелі зямельны надзел без падданых.

 

Больш за 80% шляхты па крыві былі беларусамі, але незалежна ад этнічнага паходжання і веры ўвесь шляхоцкі стан Княства ўтвараў адзіную агульнадзяржаўную супольнасць. Шляхта вяла настойлівае змаганне за пашырэнне сваіх правоў і кантроль над дзейнасцю вышэйшых дзяржаўных органаў і чыноўнікаў. Гэта прывяло пазней да стварэння своеасаблівай шляхоцкай рэспублікі.

Параўнальна з іншымі еўрапейскімі краінамі шляхоцкі (дваранскі) стан складаў у Вялікім Княстве Літоўскім вельмі значную долю насельніцтва. Гэта тлумачыцца частымі войнамі і неабходнасцю мець вялікую колькасць вайскова-служылых людзей. У XVII ст. шляхцічам быў прыкладна кожны дзясяты жыхар нашай краіны (у суседніх Расеі, Аўстрыі і Прусіі дваранства складала блізу 1% жыхарства, у Францыі - 2-3%). Шматлікасць і велізарная роля шляхты далі гісторыкам падставу называць яе «палітычным народам» Княства. Гэты народ вызначаў шлях дзяржавы на працягу некалькіх стагоддзяў.

Разглядаючы пазнейшыя падзеі, некаторыя аўтары памылкова называюць шляхту былога Вялікага Княства польскай. Напраўду нашая шляхта, хоць і карысталася ў XIX ст. польскай мовай, была мясцовага паходжання. Яна ніколі не захоплівала гзтай зямлі, а, наадварот, бараніла яе ад ворагаў, паўставала супроць акупантаў, добра ведала беларускую мову і традыцыйную народную культуру.
Адыход панавальнага стану ад сваіх каранёў адбываўся не толькі ў нас. Да прыкладу, вярхі нарвежскага грамадства засвоілі дацкую культуру, чэшскага - нямецкую, а расейскага - французскую. Але, калі наспелі новыя гістарычныя ўмовы, пачалося вяртанне эліты да нацыянальных каштоўнасцяў. Літва-Беларусь не была тут выняткам. Нягледзячы на намаганні паланізатараў і русіфікатараў, наш край не стаў ні польскім, ні расейскім. Гэта засведчылі і настроі шляхты.

Паводле дадзеных перапісу насельніцтва, праведзенага ў Расейскай імперыі ў 1897 г., 65 тысяч, або каля 50%, дваранаў у беларускіх губернях (дзе шмат было тады і наезных) назвалі роднай мовай беларускую.

© “У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012