Склад канцылярыі ВКЛ ў XV-XVI стст.

Канцылярыя ВКЛ – дзяржаўная ўстанова, якая дакументацыйна забяспечвала дзейнасць цэнтральных органаў улады і кіравання, гаспадара і паноў-рад. Канцылярыя была задзейнічана ў сферы ўліку дзяржаўнай маёмасці і працы пасольскай службы. Удзел персаналу канцылярыі ў сферы ўліку дзяржаўнай маёмасці, відавочна, трэба звязваць са старой традыцыяй, калі такія віды дзейнасці, як сам улік і падрыхтоўка ўліковай дакументацыі, былі ў значнай ступені не дыферэнцыраваныя. Тое ж самае можна сказаць пра ўдзел канцылярыі ў падрыхтоўцы дыпламатычнай дакументацыі і ў саміх пасольствах. Няма падстаў лічыць, што ў складзе канцылярыі дзейнічаў і скарб. 3 20-х гадоў XVI ст. адбываўся працэс спецыялізацыі канцылярыі, які прывёў да таго, што ў 30-40-х гадах XVI ст. праца ўстановы была засяроджана ў асноўным толькі ў сферы дакументацыйнага забеспячэння дзейнасці гаспадара. Аснову штата канцылярыі Вялікага княства Літоўскага складаў канцлер (з 1566 г. і падканцлер), сакратары, найвышэйшы і старэйшы пісары, пісары і дзякі.

Агульнае кіраўніцтва канцылярыяй належала канцлеру. Канцлер – кiраўнiк канцылярыi, у распараджэннi якога знаходзiўся ўвесь штат установы. Праз канцлера вялiкi князь перадаваў усе магчымыя загады адносна дзейнасцi канцылярыі: падрыхтоўкі і выдачы розных дакументаў, іх ануляванні, аб правiльным напiсаннi тытула вялiкага князя маскоўскага, выдачы розных копiй і г.д. Канцлер павiнен быў «пилне стереч» выкананне гаспадарскiх загадаў 1.

Першы вядомы канцлер – літоўскі баярын Судзівой Валімунтавіч (1441 г.). Пасада канцлера прайшла пэўную эвалюцыю. Спачатку канцлер быў службовай асобай вялікакняжацкага двара, непасрэдным кіраўніком канцылярыі Вялікага княства Літоўскага, галоўным пісарам, які адказваў за дакументальнае абслугоўванне дзейнасці гаспадара (пераважна ў знешнепалітычнай сферы) і агучванне яго рашэнняў. У 1458 г. канцлер стаў адначасова і віленскім ваяводам. Па прычыне заняцця гэтай пасады. прыцягнуты як прадстаўнік «преднейшей» ці «найвышшай» рады да рашэння агульнадзяржаўных спраў, ён фактычна адхіліўся ад рэальнага кіраўніцтва канцылярыяй. Мала таго, у той час як вялікі князь, будучы таксама і каралём польскім, выязджаў у Польшчу, адкуль ажыццяўляў вышэйшую ўладу праз тых жа пісараў, якія суправаджалі яго, канцлер-віленскі ваявода заставаўся ў ВКЛ у якасці намесніка. Рэальнае кіраўніцтва ўстановай псрайшло да найвышэйшага пісара ці да калегіі найвышэйшых пісараў («рускага» і ланінскага). У далейшым канцлер стаў атрымліваць паўнамоцтвы міністра юстыцыі. З 1-й чвэрці XVI ст. вялікі князь менавіта канцлеру стаў даручаць кантроль за падрыхтоўкай збораў законаў (статутаў) і найбольш важных прававых актаў.

Як кіраўнік канцылярыі канцлер захоўваў маястатную пячатку, у далейшым яе разнавіднасць — вялікую маястатную пячатку ВКЛ. Адсюль неафіцьійная назва пасады канцлера — пячатар, якая узнікла у другой палове XVI ст. (яшчэ адным пячатарам быў падканцлер). Згодна з прысягай, якую прыносіў канцлер пры заняцці пасады, ён абавязваўся не выдаваць дакументаў без волі, ведама і загаду вялікага князя, акты, якія б маглі нанесці шкоду годнасці і аўтарытэту ВКЛ і парушалі правы дзяржавы. Ужо ў першай чвэрці XVI ст. канцлер дамогся значнага ўплыву на дзейнасць канцылярыі. Ёсць падставы меркаваць, што менавіта канцлер Радзівіл стаў ініцыятарам першай рэарганізацьіі «рускай» канцылярыі (укамплектаванай пісарамі, што пісалі на старабеларускай мове) вясной—летам 1516 г. і увядзення пісарскай прысягі. Пры ім замацавалася практыка сістэматычнага замацавання выходных дакументаў пісарскім, а таксама велікакняжацкім і канцлерскім подпісамі. Імкненне канцлера павысіць свой уплыў на дзейнасць канцылярыі выяўлялася і ў падключзнні да працы у гэтай установе ўласных пісараў (так, у канчатковым рэдагаванні Статута ВКЛ 1529 г. браў удзел асабісты пісар Гаштольда Б. Сямашка), а ў далейшым — у прасоўванні на пасаду пісараў (вялікіх пісараў) асоб з уласнага двара. За выкананне пэўных відаў працы канцлер атрымліваў шэраг даходаў, у т. л. за апячатванне дакументаў.

Найвышэйшы пiсар – намеснiк канцлера пры вялiкiм князі. Першыя звесткi аб iм знаходзiм пад 1476 г. Гэта – Якуб. У 1499 г. найвышэйшым пiсарам названы Федка Рыгоравiч; 1501 г. (яшчэ пры жыццi Федкi Рыгоравiча) – Федка Янушкавiч. Не выключана, што абодва Федкi не валодалi лацiнскай мовай i таму для лацiнскага аддзела канцылярыi (гл. нiжэй) быў уведзены свой найвышэйшы пiсар. Найвышэйшы пiсар – гэта, верагодна, тое ж самае, што i найвышэйшы сакратар («таемны пiсар»), якiм становiцца прыблiзна ў 1505 г. Iван Сямёнавiч Сапега. Апошнi захоўвае за сабой найвышэйшае сакратарства да смерцi ў 1517 г. Хто быў найвышэйшым пiсарам у 1517 – 1519 гг., цi iснавала такая пасада наогул, невядома. З 1520 г. – гэта той пiсар, якi з’яўляўся адначасова i земскiм падскарбiем.

У 1566 г. была ўведзена пасада падканцлера, які замяшчаў канцлера ў час адсутнасці апошняга ў канцылярыі. Першым падкацлерам – эвалюцыйным прадуктам найвышэйшага пiсара – стаў у 1566 г. Астафей Багданавiч Валовiч – таксама пiсар i земскi падскарбi. Канцлер распараджаўся вялікай дзяржаўнай пячаткай, падканцлер – малой, таму абедзве гэтыя асобы атрымалі абагульняючую назву “пячатары” 2.

Тэрмiн «старэйшы пiсар» не зафiксаваны крынiцамi. Тым не менш наяўнасць такой катэгорыi пiсараў не выклікае сумнення. Яна дзейнiчала з 90–х гг. XV ст. па 1517 г. З пачатку 90–х гг. па 1498–1499 гг. пры Федку Рыгоравiчу старэйшым пiсарам быў Iван Яцкавiч Уладыка; у 1505–1516 гг. пры I. С. Сапезе – М. Богуш–Багавiцiновiч. Не iснавала старэйшых пiсараў толькi прыкладна ў 1500 – 1505 гг. пры найвышэйшым пiсарстве Федкi Янушкавiча. Становiшча i статус старэйшага пiсара I. Я. Уладыкi блiзкае да становiшча i статуса пiсара найвышэйшага. Пры I. С. Сапезе старэйшы пiсар – давераная асоба, намеснiк найвышэйшага пiсара (сакратара), якi замяшчаў апошняга ў час яго адсутнасцi.

Для характарыстыкi статуса найвышэйшых i старэйшых пiсараў А.І. Груша ў сваім даследаванні адзначае, што пераважна толькi гэтая катэгорыя работнiкаў канцылярыi ў 1494–1497 i 1507–1509 гг. бярэ ўдзел у аднаасобным цi сумесным з iншымi службовымi асобамi прыняццi справаздач («личбы») ў арандатараў дзяржаўных даходаў: мытнiкаў, ключнiкаў, васкаўнiчых. Ёсць толькi адзiн факт правядзення такога ўлiку дзякам: Занькам Iванавiчам у 1495 г. Толькi найвышэйшыя i старэйшыя пiсары ў 80-90-х XV ст. збiраюць нядоiмкi з данiн, саму данiну, срэбшчыну з насельнiцтва Задзвiнскiх і Падняпроўскiх валасцей. Калi меркаваць па загалоўках кнiг Метрыкi, то можна заўважыць, што пасольскую дакументацыю ў 1512-1516 гг. выдае толькi старэйшы пiсар М. Богуш–Багавiціновiч, якi пры гэтым замяшчае найвышэйшага пiсара I. С. Сапегу.

У канцылярыі працаваў вялікі штат іншых службовых асоб – рэгенты, сакратары, пісары, дзякі. Сярод іх існавала пэўная спецыялізацыя. Асобную групу складалі пісары арабскія і татарскія, якіх выкарыстоўвалі ў сувязях з мусульманскімі краінамі, у першую чаргу з Крымскім ханствам і Турцыяй. Паводле меркавання А.І. Грушы, ужо ў пачатку XVI ст. (да сярэдзіны 1540-х гг.) існаваў падзел канцылярыі на два аддзелы, сфарміраваныя паводле моўнай прыметы – рускі і лацінскі (“руская канцылярыя” і “лацінская канцылярыя”). кожны з аддзелаў меў свой склад службоўцаў – адпаведна рускіх і лацінскіх пісараў і сакратароў. Пасля ўвядзення пасады падканцлера (1566 г.) канцылярыя падзялілася на галоўную (большую) і меншую. Гэты падзел не быў замацаваны арганізацыйна і выяўляўся ў размеркаванні канцылярскіх кніг паміж канцлерам і падканцлерам у час іх вядзення і наступнага захоўвання. Па даручэнні пячатара дакумент рыхтаваўся любым з пісараў і замацоўваўся пячаткай адпаведна канцлера ці падканцлера. Копія дакумента запісвалася ў тую кнігу, якая вялася пры адпаведным пячатары.

Рэгент – кіруючая пасада ў канцылярыях Вялікага княства Літоўскага, вядомы з 1590-х г., прызначаўся канцлерам (або падканцлерам), зацвярджаўся каралём і выконваў свае абавязкі да змены канцлера (падканцлера). Рэгент быў адным з сакратароў, заносіў дакументы ў кнігі метрыкі ВКЛ і выдаваў іх афіцыйныя копіі-выпіскі. Правіў і падаваў на подпіс каралеўскія, канцлерскія і падканцлерскія дакументы, выконваў абавязкі натарыуса. У выпадку смерці канцлера ці падканцлера выконваў іх абавязкі.

Сакратар – службовая асоба ў канцылярыі ВКЛ, якая непасрэдна займалася справаводствам вялікага князя (караля) і прызначалася ім. Упершыню ўпамінаецца ў 1407 г., часам так называліся вялікакняжацкія пісары, як мяркуецца найбольш заслужаныя з іх. З другой паловы XVI ст. сакратар – асобная пасада, часам іх дзейнасць не была звязана проста са справаводствам (выконвалі абавязкі мернікаў, рэвізораў, паборцаў і інш.). Некаторыя сакратары вялі дакументацыю Рады Вялікага княства Літоўскага, што пазней рабілі рэгенты.

Выканаўчы апарат канцылярыі складалі пісары і дзякі. Пiсары i дзякi вядомыя ўжо з часоў вялiкага князя Вiтаўта. Першыя з вядомых дзякаў пры Казiмiры – Васiль Любiч (1448 верасень – 1449 жнiўня 31) i Iванка (1449 г.). Спачатку дзяка, па старой традыціі, раз-пораз таксама звалі пісарам, але пасля пісарамі сталі зваць больш высокіх службовых асоб Канцылярыі ВКЛ. Дзякі засталіся адной з ніжэйшых канцылярскіх пасад, ніжэй за іх былі толькі дваране і слугі канцылярскія. Дзякі займаліся перапіскай чарнавікоў і ўносілі гатовыя дакументы ў кнігі Метрыкі, множылі дакументы, ездзілі з дробнымі даручэннямі паноў-рады і гаспадарскімі лістамі. Другая палова XV ст. – этап, калi ў дачыненнi да пiсараў i дзякаў канчаткова зацвердзiлася адпаведная тэрмiналогiя. Толькi ў адным выпадку ў 40-50-х гг. XV ст. пiсар Iван Кушлейка падпiсаўся як «дзяк». У 80 – х гг. XV ст. тэрмiн «пiсар» часам выкарыстоўваецца ў якасцi агульнага наймення ўласна пiсараў i дзякаў. У XVI ст. так называюць амаль выключна ўласна пiсараў. У адрозненне ад пісарства дзячаства канчаткова не аформілася ў пасаду.

Пiсарства – гэта пасада існавала ўжо ў сярэдзiне XV ст. За 40–50 гг. гэтага стагоддзя вядома 12 пiсараў (па меншай меры тых асоб, якiя падпiсвалi дакументы), з iх 6 (Мiкалай з Блашэвiч, Пузыр, I. Кушлейка, Логвiн, Сапега, Якуб) рыхтуюць дакументы сiстэматычна. Пісар афіцыйна зацвярджаў фармуляр і змест выходнага дакумента. Да 1520-х гадоў пісар мог непасрэдна складаць праекты лістоў. У першай чвэрцi XVI ст. на пасаду пiсара назначаюць афiцыйна. З пiсарства здымаюць. Большасць жа дзякаў – гэта дваране, якiя выконвалi даручэннi ў канцылярыi. Адна i тая ж асоба ў крынiцах магла называцца то як дзяк, то як дваранiн.

I канцлер, i найвышэйшы i старэйшы пiсар, пiсар – службовыя асобы канцылярыi. Толькi iм належала права падпiсваць выходную дакументацыю. Дзяк такiх паўнамоцтваў не меў. Абавязкі дзякоў зводзіліся галоўным чынам да перапіскі розных папер: чыставікоў дакументаў, а гатовых дакументаў – у «кнігі» Метрыкі; множання дакументаў і г. д. Такое размеркаванне службовых абавязкаў паміж пісарамі і дзякамі, відавочна, існавала ўжо ў сярэдзіне XV ст. Размежавання працы па відах дзейнасці сярод пісараў не было. Не існавала такога размежавання і сярод дзякоў.

Часовая адмена пісарскіх уездаў (збору пісарамі нядоімак з даніны і срэбшчыны з насельіцтва Падзвінскіх і Падняпроўскіх воласцей), рост маёмаснай дыферэнцыяцыі сярод пісараў, магчымасць для некаторых з іх выкарыстоўваць у працы канцылярыі ўласных дзякоў паслужылі ўмовай для рэарганізацыі канцылярыі ў 1516-1522/23 гг., вынікам якой стала скарачэнне і рэгламентацыя штату пісараў. Матэрыяльныя магчымасці пісараў абумовілі далейшыя змены ў службовым статусе апошніх. 3 выканаўцаў яны ператварыліся ў рэальных арганізатараў і кіраўнікоў установы. Усё гэта ў сваю чаргу прывяло да пераразмеркавання працы ўнутры канцылярыі.

У гаспадарскай канцылярыi выкарыстоўвалася праца i прыватных пiсарскiх дзякаў i канцлерскiх пiсараў. Аб’ём працы дзякаў у асабiстых пiсарскiх «канцылярыях» наўрад цi быў вялiкiм. I таму, трэба меркаваць, што iх асноўнае прызначэнне – дапамога пiсарам па канцылярыi гаспадарскай. Пісарскія дзякі і канцлерскiя пiсары па сваіх функцыях i службовым статусе нічым не адрозніваліся ад дзякаў гаспадарскiх. Крынiцы гавораць аб даволi працяглай дзейнасцi некаторых з гэтага лiку асоб.

Канцылярыя мела кваліфікаваны штат работнікаў, многія з якіх былі выпускнікамі еўрапейскіх універсітэтаў. Як адзначае А.І. Груша, аб наяўнасці універсітэцкай адукацыі ёсць прамыя звесткі адносна васьмі пісараў. Шэсць з іх вучыліся ў Кракаўскім універсітэце, з якіх двое працягвалі адукацыю ў Італіі: Ян Філіпавіч – у Балонскім універсітэце, дзе ў 1495 г. атрымаў ступень доктара царкоўнага права і Л. Медзылескі (1513 г.) 3.

У галіне дакументацыйнага забеспячэння паміж работнікамі канцылярыі не існавала ніякай дыферэнцыяцыі. Градацыя ўстановы па іншых галінах дзейнасці была выражана слаба, існавала на працягу параўнальна кароткіх тэрмінаў, да таго ж была службовай. Ліквідацыя асобных «рускага» і лацінскага аддзелаў канцылярыі ў сярэдзіне 40-х гадоў XVI ст. была ажыццеўлсна ў рамках далейшай спецыялізацыі ўстановы.

Па саслоўнай прыналежнасці пісары і дзякі канцылярыі ВКЛ з’яўляліся ў асноўным асобамі шляхецкага паходжання. Прадстаўнікі мяшчанскага саслоўя – выключэнні. Амаль усе работнікі канцылярыі – гэта ўраджэнцы Вялікага княства Літоўскага. Вялікі князь прывілеем 1447 г. і Статутам 1529 г. абавязваўся не прызначаць на пасады ВКЛ асоб іншаземнага паходжання. Большасць работнікаў канцылярыі прытрымліваліся праваслаўнага веравызнання.

Канцылярыя ВКЛ мела свецкі характар, толькі некаторыя выхадцы з Польшчы, якія працавалі ў канцылярыі ў XV-XVI стст. лацінскімі сакратарамі і пісарамі, адначасова займалі пэўныя царкоўныя пасады.

  1. Груша, А. І. Службовы склад i структура канцылярыi ВКЛ 40-х гадоў XV – першай паловы XVI ст. / А.І. Груша // Metriciana: Даследаваннi i матэрыялы Метрыкi Вялiкага Княства Лiтоўскага. — 2001. — Т. 1. — С. 11-45
  2. Рыбакоў, А. Канцылярыя Вялікага Княства Літоўскага / А. Рыбакоў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: у 2 т. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — 2-е выд. — Мінск: БелЭн, 2007. — С. 38
  3. Груша, А. І. Канцылярыя Вялікага княства Літоўскага 40-х гг. XV — першай паловы XVI ст. / А.І. Груша — Мінск: Беларуская навука, 2006. — 215 с
Падзяліцца:
  • 5
    Падзяліліся

Leave a comment

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.