Соф’я Менская і Полацкая, каралева Даніі

Імя гэтай каралевы сёння невядомае ў Беларусі. Між тым жанчына, якая ўвайшла ў еўрапейскую гісторыю як «Sophie av Minsk og Polotzk», была жонкай аднаго з наймагутнейшых каралёў дацкай гісторыі і заснавальніцай «па кудзелі» дацкай каралеўскай дынастыі. Яе дзеці сядзелі на дацкім, шведзкім і францускім тронах. Беларуская гісторыя разгарнула яшчэ адну сваю дзівосную старонку.

Дачка князя менскага, а пазней і полацкага Валадара Глебавіча (памёр у 1161 г.) Сафія нарадзілася каля 1141 году, напэўна, у Менску. У сярэдзіне XII ст. полацкая зямля знаходзілася на вяршыні сваёй магутнасці. Полацкая дзяржава валодала ня толькі замкамі Кукенойс і Герцыке ў ніжнім цячэнні Заходняй Дзвіны (сёння тэрыторыя Латвіі), але і кантралявала Рыжскую затоку і разам з ёй усходнюю Балтыку.

Соф’я Менская
Каралева Соф’я. Рэканструкцыя па чэрапу

Менскі князь Валадар пад той час быў таксама князем Полацкім. Ён быў з дынастыі Рагвалодавічаў, чый радавод Алег Латышонак выводзіць ад Германарыха. Жонкаю Валадара была польская князёўна Рыкіса. Ня выключана, што Валадар пазнаёміўся з ёю, хаваючыся ў Польшчы. Там ён ратаваўся ад кіеўскага палону і высылкі ў Візантыю. Рагвалодавічы вялі актыўную замежную палітыку, таму не павінен выклікаць здзіўленьня ўзяты ў 1157 годзе шлюб дачкі князя з дацкім каралём Вальдэмарам І, адным з наймагутнейшых каралёў дацкай гісторыі (1131—1182, на пасадзе — з 1157 году) з дынастыі Эстрыдсэнаў.

Запісы пра гэты шлюб змяшчаюць летапісы ХІІ стагоддзя «Славянская хроніка» Арнольда з Любэку і «Граматыка Саксаў», а ўскосныя згадкі пра Соф’ю — іншыя заходнееўрапейскія крыніцы. Іх знайшоў гісторык з Стакгольмскага ўніверсітэту Андрэй Катлярчук. Раней гэтыя надзейныя крыніцы папросту не траплялі пад увагу беларускіх гісторыкаў. Пра Соф’ю Валадароўну няма нават згадкі ў шасьцітамовай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі»!

Сямейнае жыццё Вальдэмара і Соф’і было шчаслівым. Соф’я нарадзіла двух сыноў і шэсць дачок. Дзьве з іх, згодна з полацкай традыцыяй, абралі кляштар. Астатнія ўзялі шлюб з тагачаснымі ўладарамі Еўропы. Сама Соф’я не абмяжоўвалася хатнім жыццём ды брала актыўны ўдзел ў палітыцы. У горадзе Калундбарг Соф’я пабудавала катэдру, якая лічыцца адзінай сярэднявечнай царквой Скандынавіі, пабудаванай у візантыйскім стылі. З тых, што захаваліся — напрыклад, полацкі храм у Вісьбю на Готляндзе ляжыць у руінах. Прычым калі параўнаць від калундбарскай катэдры 1801 году з рэканструкцыямі першапачатковай полацкай Сафіі, відавочна, царква ў Калундбаргу — наследаванне полацкаму сабору. Сафія перажыла свайго мужа і памерла 5 траўня 1198 году, на 58-м годзе жыцьця. Яна ляжыць побач з Вальдэмарам у каралеўскай пахавальні места Рынгстэд. Захаваліся два яе пазнейшыя партрэты 1580 і 1757 гадоў.

Цікавы лёс чакаў іхных дзяцей і, адпаведна, унукаў Валадара Глебавіча. Інгеборга пабралася з каралём Францыі Філіпам II Аўгустам, Рычыза — з каралём Швецыі Эрыкам Кнудсанам, Соф’я-малодшая выйшла за князя Арлямундзкага Зыгфрыда, нарэшце, Гелена стала жонкай князя Люнэбурскага Вільгельма. Сыны Кнуд IV (1163—1202) і Вальдэмар II (1170—1241) па чарзе ўспадкавалі бацькаў прастол.

Сабор у Рынгстэдзе, дзе пахаваная Сафія Валадараўна

Муж Інгеборгі, Філіп ІІ Аўгуст, кіраваў адным з крыжовых паходаў і зацвердзіў статут Сарбоны. Як муж ён ня быў надта верны. Калі пабачыў магчымасць павялічыць свае зямельныя ўладанні, ён кінуў Інгеборгу, і за гэтае скасаванне шлюбу ў 1200 годзе папа Інакенці ІІІ адлучыў яго ад царквы і наклаў на яго Францыю інтэрдыкт. Тым ня менш, кароль выпусціў Інгеборгу з замку і стаў жыць з ёй як з каралевай толькі пасля смерці яе суперніцы Агнэсы.

Што датычыць Вальдэмара ІІ, дык ён прадоўжыў дацкую экспансію на ўсход, заснаваў у 1219 г. на месцы захопленага замку Лінданіса Талін (што значыць «дацкі замак»).

Вынікае пытанне, чаму імя каралеўны-беларускі малавядомае сучаснікам? Гісторыя полацкай дзяржавы пішацца на падставе лівонскіх хронік ды наўгародзкіх і ўладзімірскіх летапісаў, якія ствараліся тагачаснымі ворагамі Полаччыны. Выходзіць тое самае, што пісаць гісторыю Ізраілю па арабскіх крыніцах. Але ж да канца XVIII стагоддзя Беларусь была неад’емнай часткай еўрапейскай цывілізацыі, і процьма патрэбных крыніц ляжыць менавіта ў заходніх архівах.

Напрыклад, гарадзкі архіў шведзкага г. Вісьбю перапоўнены крыніцамі на старанямецкай і лацінскай мовах, што тычаць гандлю гэтага места з Полацкам у X—XIII ст. Нацыянальны архіў Галандыі захоўвае матэрыялы па гандлі полацкіх купцоў XVII стагоддзя ў гэтай краіне. Нас безумоўна чакаюць новыя захапляльныя адкрыцці.

© Андрэй Катлярчук, Наша Ніва

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии