Сталыпінская рэформа

Мэта рэформы. Хоць натуральны прырост насельніцтва Беларусі на пачатку XX ст. зменшыўся, але вёска задыхалася ад перанаселенасці. Дваране захоўвалі зямельныя латыфундыі, а значыць, і эканамічную ўладу ў краі. У 1905 г. ім належала каля 41% усёй зямлі. Прыкладна такое самае становішча складалася ў іншых раёнах імперыі. Каб не чапаць памешчыцкага дабра і расчысціць дарогу для сялянскага прадпрымальніцтва, прапаноўвалася знешне простае выйсце - узбагаціць адных сялянаў за кошт другіх, а для гэтага распусціць абшчыну і палегчыць пераход здрабнелых надзелаў беднякоў ва ўласнасць заможных вяскоўцаў. Абеззямеленых павінны былі прыняць гарады і прамысловыя цэнтры, а таксама Сібір, куды наладжвалася масавае перасяленне. А астатнія мусілі перабрацца на хутары або, не пакідаючы сядзібы ў вёсцы, аб’яднаць свае ворныя землі ў адзін палетак (“водруб”). Ажыццяўленне гэтых даўно вядомых ідэяў і распачаў кабінет Пятра Сталыпіна на тэрыторыі еўрапейскай Расіі.

Разбурэнне абшчыны. Згодна з царскім указам ад 9 лістапада 1905 г. сяляне атрымалі права на выхад з абшчыны. Урад даваў зразумець, што спадзяванні на дармавыя нарэзкі - марныя; зямлю можна толькі купіць. I ў 1909—1911 гг. абшчыну пакідалі дзесяткі тысячаў сялянаў Магілёўшчыны і Віцебшчыны. Сяляне ўсходняй Беларусі ахвотна вярталіся да традыцыйных зямельных адносінаў, закладзенілх яшчэ аграрнай рэформай 1557 года. Усяго ў гэтых дзвюх губернях да 1915 г, замацавалі зямлю ў асабістую ўласнасць 48% абшчынных двароў, тады як у цэлым па Расіі - 22%. Для сялянаў Віленскай, Гарадзенскай і Мінскай губерняў, дзе абшчынаў не існавала, сталыпінская рэформа не мела істотнага значэння.

Хутарызацыя. Яшчэ ў канцы XIX ст. пад уплывам Прыбалтыкі і Польшчы хутары пашырыліся на Віцебшчыне, Аршаншчыне і Гарадзеншчыне. За дзесяць гадоў сталыпінскай рэформы іх узнікла ў беларускіх губернях каля 128 тысячаў, ці 12% ад усіх сялянскіх двароў. Гэты паказчык быў вышэйшы за агульнарасійскі (10%). Амаль кожны хутаранін меў патрэбу ў крэдыце. Ен мог стаць на ногі толькі пры інтэнсіўнай і добра арганізаванай працы, набыўшы навейшыя прылады і хоць бы мінімум агранамічных ведаў. Забітай і непісьменнай вёсцы такія перамены даваліся вельмі цяжка. Дзяржава дапамагала, але была не такая багатая, каб забяспечыць усіх, хто жадае. Не кожнаму хапала працавітасці, цярплівасці і спрыту. Да 1915 г. каля 36% гаспадароў, што выйшлі на хутары і водрубы, прадалі сваю зямлю болей спрытным. Пазбаўляліся жабрацкіх надзелаў і бедныя вяскоўцы.

Сялянскія перасяленні. Бедната рэдка адважвалася на далёкае падарожжа. Дзяржава дапамагала грашыма на праезд. Але зноўтакі ў недастатковым памеры і не ўсім. Таму паўперы, насуперак разлікам урада, канцэнтраваліся ў прамысловых цэнтрах еўрапейскай Расіі. А ў Сібір ехалі гаспадары сярэдняй рукі, якія любілі зямлю, умелі на ёй працаваць, але не маглі ва ўмовах зямельнай нястачы разгарнуць сваю дзейнасць. За 1904—1914 гг. з пяці заходніх губерняў перасялілася каля 368 тыс. чалавек, большасць была з усходняй іх часткі. Былыя абшчыннікі літаральна за бесцань прадавалі сваё дабро і імкнуліся на волю, як мага далей ад ненавісных памешчыкаў і земскіх начальнікаў, ад абрыдлай апекі абшчыннай вярхушкі. Знаходзіліся сярод перасяленцаў і заможнікі, якія мелі патрэбу ў большай прасторы для прадпрымальніцтва. Багацейшыя ў першую чаргу і замацоўваліся на новых месцах. А Беларусь страчвала найбольш прадпрымальных людзей. Тым, каго жыццё прымушала лічыць кожную капейку, даводзілася цяжэй. Каля 11% перасяленцаў вярнулася ў 1907—1914 гг. у Беларусь. Сотні тысячаў найлепшых беларускіх сялянаў, адарваных ад родных мясцінаў, выкарыстоўваліся царызмам для эканамічнага ўздыму сібірскіх прастораў. Паводле перапісу 1926 г., у Канскай акрузе жыло 13% беларусаў, у Тулуноўскай - 14%, у Орскай - 16%. А насельніцтва Усурыйскага краю яшчэ на пачатку XX ст. на 5/6 было беларускае. Усяго за 50 гадоў, што папярэднічалі першай сусветнай вайне, з Беларусі выбыла за Урал больш за мільён чалавек. Другі струмень сялянскіх перасяленцаў накіроўваўся на захад - у ЗША, Канаду, Бразілію, Аргенціну. Значная іх частка потым вярталася на радзіму з заробленымі грашыма. Агульная колькасць беларусаў-эмігрантаў 1914 г. за межамі Расійскай імперыі ацэньваецца на круглы мільён. А ўсяго на пачатку XX ст. за межамі Беларусі шукалі кавалак хлеба больш за два мільёны яе сыноў і дачок. I гэта адбывалася тады, калі рускі ўрад праводзіў аграрную каланізацыю Беларусі. Пры Сталыпіне з дзяржаўных земляў тут быў створаны спецыяльны фонд для рускіх перасяленцаў. Адпаведнае заданне па пашырэнні рускага землеўладання меў і Сялянскі банк.

© Шыбека 3.
 Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002).— Мн.: «Энцыклапедыкс». 2003.— 490 с.