Тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага

Фармаванне абшару нашай дзяржавы - цалкам яна называлася Вялікае Княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае і Інфлянцкае - працягвалася некалькі стагоддзяў. Даследнік гэтага працэсу Мацвей Любаўскі вылучаў у Княстве дванаццаць гістарычна-тэрытарыяльных частак: уласна Літву, Русь Літоўскую, Жамойць, Палессе, Падляшша (Берасцейскую зямлю), пяць асобных вобласцяў-земляў (Полацкую, Віцебскую, Смаленскую, Кіеўскую, Валынскую і Падольскую) і раздробленыя Чарнігаўска-Северскія землі. Ядром дзяржавы былі абшары, якія ўваходзілі ў вялікакняскую (гаспадарскую) вотчыну. Яе ўтваралі родавыя ўладанні вялікіх князёў і далучаныя да іх воласці з гарадамі Новагародкам, Горадняй, Берасцем, Менскам, Магілевам, Пінскам, Браславам, Слонімам, Бабруйскам, Мазыром, Гомелем, Рагачовам, Клецкам.

Асноўная частка ВКЛ ад часоў Альгерда і Кейстута падзялялася на дзве паловы, якія ў 1413 г. былі пераўтвораныя ў Віленскае і Троцкае ваяводствы. Тут знаходзілася бальшыня земляў, якімі валодаў сам вялікі князь. Галоўныя пасады ён раздаваў буйной арыстакратыі з старажытных родаў. На тэрыторыі Беларусі ў XV ст. яшчэ існавалі ўдзельныя княствы: Амсціслаўскае, Слуцкае, Заслаўскае і Клецкае ў Віленскім ваяводстве; Пінскае, Тураўскае, Свіслацкае, Кобрынскае і Гарадзецкае (з сталіцай у цяперашнім Давыд-Гарадку) - у Троцкім. Імі найчасцей кіравалі князі-васалы з дынастыі Гедзімінавічаў.

На ўсходніх межах дзяржавы знаходзіліся Ноўгарад-Северскае, Старадубскае, Бельскае і Вярхоўскія (у вышнявінах Акі) княствы. Імі звычайна валодалі залежныя ад вялікага князя Рурыкавічы. У гэтых землях гаспадар надзяляў вотчынамі знатных перабежнікаў з Маскоўшчыны. Напрыклад, гарады Бранск, Старадуб і Гомель у 1446 г. Казімір Ягайлавіч аддаў князю Васілю Бароўскаму, а пазней - Івану Мажайскаму.

Асаблівае становішча ў Вялікім Княстве займалі Полацкая, Віцебская і Смаленская землі. Яны падпарадкоўваліся Вільні на аснове ўзаемавыгаднай дамовы («рады»). Перад тым як пасадзіць у сталіцы зямлі свайго намесніка, гаспадар выдаваў адпаведны прывілей (устаўную грамату). Ён дакляраваў «вечнае і непарушнае» захаванне правоў і «вольнасцяў», у тым ліку абяцаў берагчы цэласць тэрыторыі ўсёй зямлі («не дарыці нікому»).

Устаўныя граматы падкрэслівалі добраахвотны характар далучэння зямлі да Вялікага Княства. Яны гарантавалі маёмасныя правы жыхароў, давалі ім магчымасць выезду за мяжу («пуць чысты, куды хто хоча, без усякай зачэпкі»). Пры гэтым прывілей атрымліваў не нейкі адзін стан, а ўсё насельніцтва - «мяшчане і ўвесь горад, і ўся зямля Полацкая», «мяшчане места Віцебскага і ўсёй зямлі Віцебскай».

Удзельныя княствы мелі значную аўтаномію, але адмаўляліся ад самастойнай замежнай палітыкі і былі абавязаныя выстаўляць ваяроў у агульнадзяржаўнае войска. Паступова ўдзелы ліквідоўваліся і там пачыналі кіраваць прызначаныя гаспадаром намеснікі.
Аўтаномія земляў не аслабляла дзяржавы. Усходнія і паўночныя беларускія землі не аддзяліліся ад Вялікага Княства, нават з увагі на цяжкія і доўгія войны з адзінавернай Масковіяй. Гэтаму спрыяла адзінства палітычных і эканамічных інтарэсаў, а таксама цярпімасць вышэйшай улады да мясцовых парадкаў і традыцыяў. Тым часам маскоўскія князі, далучыўшы новыя землі, бязлітасна знішчалі іх ранейшы лад, а саміх жыхароў часта перасялялі ўглыб дзяржавы.

Расейскія гісторыкі часам сцвярджаюць, нібыта Вялікае Княства Літоўскае было раз'яднаным і слабым дзяржаўным утварэннем і ўяўляла сабой у тагачаснай Еўропе нейкую анамалію. Але ў XVI ст. Гішпанія таксама складалася з Кастыліі, Арагона, Леона ды іншых земляў аб'яднаных толькі адзіным манархам. Кангламерат розных тэрыторыяў утвараў у гэты час Святую Рымскую імперыю нямецкай нацыі. Італія тады наагул перажывала паглыбленне палітычнай раздробленасці. Такім чынам, ніякім выняткам з агульнаеўрапейскай гісторыі нашая дзяржава не была.

© У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012