Топ-5 жахлівых гіст...
 
Падзяліцца:
Апавяшчэнні
Clear all

Топ-5 жахлівых гісторый з беларускай гісторыі

1 Посты
1 Карыстальнікі
0 Likes
4,136 Прагляды
Посты: 278
Заснавальнік Admin
Аўтар тэмы
 

Беларуская мінуўшчына хавае ў сабе мноства гісторый, ад якіх мурашкі па скуры. Вось некаторыя з іх.

Крывавае забойства князя Жыгімонта

Вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч сем гадоў ішоў да вярхоўнай улады. Ішоў па трупах — іначай не бывала ў далёкім XV стагоддзі. Ён перамог у цяжкай грамадзянскай вайне свайго стрыечніка Свідрыгайлу, паставіў на калені магнатаў, заліў крывёй мяцежныя княствы.

Жыгімонт Кейстутавіч
Вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч

Але змаганне за ўладу зрабілі Жыгімонта падазроным. Мы сёння нават сказалі б — паранаідальна падазроным… У кожных вачах ён бачыў здраду, у кожным кубку — атруту, у кожным рукаве — кінжал…

Жыгімонт кідаўся па пакоях Троцкага замка як дзікі звер, катаваў паноў, якіх падазраваў у змове, канфіскоўваў іх маёнткі.
Змова ў такіх абставінах проста не магла не з’явіцца. Князі Чартарыйскія, віленскі ваявода Даўгерд і троцкі ваявода Лялюш вырашылі пазбавіцца ад жорсткага ўладара-вампіра. Але як яго дастаць у непрыступных Троках, аб якія ламалі сталёвыя зубы крыжакі? Хітры Чартарыйскі прывёў у замак абоз з трохсот вазоў сена. У кожным возе быў схаваны ўзброены ваяр.  Раззброіўшы ахову, змоўшчыкі кінуліся шукаць Жыгімонта. Ён быў у капліцы, замкнутай зсярэдзіны.
Як змусіць князя адамкнуць цяжкія дзверы? Пачнеш ламаць — уцячэ падземным ходам, а потым літасці можна не чакаць. І тут Чартарыйскі пабачыў непадалёк любімага князевага мядзведзя — і "ад яго імя" падрапаўся пазногцямі ў дзверы. Што там былі за пазногці — можна сабе ўявіць, калі Жыгімонт паверыў, што драпаецца сапраўдны мядзведзь і адчыніў. Змоўшчыкі ўварваліся, доўга пераследавалі яго па капліцы… Урэшце, яны загналі ахвяру ў кут і разбілі князю галаву жалезнымі каміннымі вілкамі. Плямы крыві Жыгімонта на сценах паказвалі і праз многа гадоў пасля забойства.

А вернага слугу, які спрабаваў заступіцца за Жыгімонта, скінулі з высокай замкавай вежы. Яшчэ доўга ў паветры лунаў яго апошні крык…
Трэба адзначыць, праўда, што жорсткасць князя Жыгімонта была апісаная ў хроніках, што складаліся "партыяй пераможцаў" пасля яго трагічнага сыходу з пасады і з жыцця. А самым мірным і рахманым у гэтай дзікай гісторыі выглядае мядзведзь. Нават мухі не пакрыўдзіў.

"Хто каго змог, той таго з’еў": канібалізм у Крамлі

У 1612 нашы продкі выправіліся ў Маскву, саджаць на вялікакняскі стол каралевіча Уладзіслава Вазу. Аднак — не заладзілася. Кароль і вялікі князь Жыгімонт ІІІ захацеў экстрана хрысціць Масковію ў каталіцтва, насельніцтва заўпарцілася, узнялося і — некалькі тысяч шляхціцаў апынуліся абложаныя ў маскоўскім Крамлі.
"Дыярыюш" Мазырскага харужага Язэпа Будзілы дае жахлівую карціну голаду шляхты:
"Трускоўскі, паручнік пяхоты, двух сыноў сваіх з’еў, гайдук адзін таксама сына з’еў, другі — сваю матку; таварыш таксама адзін слугу з’еў свайго; адным словам, сын бацьку, бацька сыну не даваў літасці; пан для слугі, слуга для пана не быў бяспечны; хто каго ўвогуле змог, той таго з’еў, здаравейшы слабейшага забіў". 
Знайшло адбітак у Дыярыюшы і вяршэнства права, якое панавала ў нашых продкаў:
"У аддзеле п. Ляніцкага гайдукі з’елі памерлага гайдука; нябожчыкаў сваяк з іншага дзесятку скардзіўся перад ротмістрам, маўляў, яго я меўся першым з’есці, як сваяк, тыя ж адпіраліся, мы найперш меліся яго з’есці, бо з намі ў адным шыхце і аддзеле быў. Ротмістр не ведаў, які вынесці дэкрэт, баючыся, каб нейкі з бакоў, пакрыўджаны дэкрэтам, самога б суддзю не з’еў…"
І ўсё гэта — на фоне закурадымленых муроў, пад крык вароніных грамад і грукат аблогі… Праўда, гісторыкі падазраюць, што мог Будзіла перабольшыць, знаходзяць штампавана падобныя апісанні ў іншых успамінах таго часу… Хто ж не любіў, вярнуўшыся з паходу, уразіць жанчын і дворню аповядам пра перажытыя жахі. Кінематограф жа тады яшчэ не вынайшлі.

Хрышчэнне мёртвага бацькі

княгіня Ганна-Алаіза

У 1636 годзе княгіня Ганна-Алаіза, апошняя з слаўнага роду князёў Астрожскіх, вырашыла перахрысціць свайго бацьку з праваслаўя ў каталіцтва. Яе не спыняла нават тое, што Аляксандр Астрожскі, унук слаўнага гетмана Канстанціна, аўтара аршанскай перамогі, ужо 30 гадоў як… памёр.
Фанатычна рэлігійная жанчына, выхаванка езуітаў, якая ўсё жыццё трымалася аскезы і насіла пад вопраткай калючы драцяны пас, яна не магла трываць тае думкі, што яе бацька памёр "схізматыкам".
Летапіс паведамляе, як у ноч перад Вялікаднем дворня Ганны-Алаізы атачыла праваслаўны Багаяўленскі собор…
"Прывялі святара, хоць не хацеў, каб цэркву адамкнуў… А калі ўвайшлі ў царкву, пабачылі, што саркафаг каштоўна аздоблены, на колькі тысяч, што самі езуіты дзівіліся, стаяў на склепе, дзе князі ляжаць. Саркафаг той раструшчылі, адсоўваючы, і дабіліся да склепу, і знайшлі ў труне толькі косткі, бо ўжо гадоў 34, як памер князь, а труна цынкавая. І панеслі яе ў кляштар.
Там адзін езуіт сеў за труной, прыкрыўся, а другі пытае, а той адказвае ад тых костак. І кажа: „Аляксандру, чаго сюды прыйшоў?“ А той адказвае: „Збавення шукаю“. „А чаму ж раней не шукаў?“. „Бо не знаў, што вера лепшая рымская“. А княжна косткі перамыла, зёлкамі пахучымі пераклала.
Езуіты хрысцілі ў сваю веру косткі і вадою пакрапілі, і ім’я змянілі на Станіслава…"

Гэтая гісторыя "праславіла" Ганну-Алаізу на ўсю Рэч Паспалітую, бо была вынятковай нават ва ўмовах тагачаснай міжканфесійнай барацьбы.

Вядзьмак Максім Знак

Цёмныя магі і вядзьмаркі — і такое траплялася ў Залатым і наступных вяках беларускай гісторыі. Прыкладам можа быць Гарадзенская справа 1691 г., апісаная гісторыкам Уладзімірам Лобачам. "Падставай для яе стала скарга (пратэстацыя) на жыхара маёнтка Коханава Максіма Знака, падданага гарадзенскіх брыгітак, з боку Сымона Юхальскага з жонкай, месцічаў Горадні, уладальнікаў шынка, на "счараванне асоб з дзецьмі вышэйпамянёных і цэлага дому". Знак адмаўляў віну, прызнаючыся толькі ў знахарскіх здольнасцях: "не разумею нічога больш, як толькі падзьмухаць умею, калі хто на жывот хворы".вядзьмарка
Суд прыступае да катаванняў. Падчас першага Знак прызнаецца, што ўчыніў чары на шынок Юхальскага: "плюнуў і кляў тымі словамі, што б як сліна знікла, так і яны (Юхальскія) каб зніклі", аднак, адчыніць сваіх чараў не можа.
Высвятляецца і матывацыя здзейсненага злачынства — канкурэнцыя ў гандлі! Замоўцай чараў выступіла арандатарка другога шынка Полька Жыдоўка, камерцыйныя справы якой ішлі горай, чым у Юхальскага. Катаванне працягвалася з мэтай выкрыцця як мага большай колькасці чараўнікоў. …Знак узгадвае і нейкую Буслову з Коханава, якая "ўмее дзецям малым шкодзіць, ад кароў малако адняць, шкодзіць у шынках", а таксама мае здольнасць лётаць; Пацейку з Путрышак, што "перадам і задам ходзіць і галавой круціць" (незвычайныя паводзіны маглі лічыцца прыкметай вядзьмарства); называе Расола з Верцялішак, які, "абышоўшы колам дом" Юхальскага, магічным чынам вызваліў зняволенага там Знака. Не забыў Знак узгадаць і "бабу Пухнову з Капліц", якая рабіла ўзвар з упудніка і лячыла ім людзей. Знак сведчыў, што Расол з нейкага Банкечча (Bankieczcza) лётае на гару Роспну (Rospne), дзе ёсць слуп. Цалкам магчыма, што размова ішла пра патаемнае паганскае свяцілішча. Прызнанні Знака былі падпісаныя суддзямі, і пра яго далейшы лёс мы не ведаем.
Праўдзіва, што Максім Знак як чалавек, што прызнаў сваю віну ў шкоданосным чарадзействе і сувязі з іншымі чараўнікамі, мусіў быць асуджаны на спаленне…

Замураваная жанчына

Легенда пра Белую Панну бытуе ў Гальшанах. Яна распавядае пра будаўніцтва францысканскага кляштара ў Гальшанах. Фундатар Павал Стэфан Сапега прымеркаваў скончыць будаўніцтва на вялікае касцельнае свята. Амаль усё ўжо было гатова. Але ў час агляду будынку адна са сцен нечакана абвалілася. Магнат загадаў тэрмінова аднавіць. Але і ў другі раз сцяна абвалілася.
Будаўнікі вырашылі, што будоўля патрабуе ад іх ахвяры. І аддаць трэба самае дарагое. Дамовіліся, што замуруюць жонку, якая першай прынясе на будоўлю палудзень свайму гаспадару.
Пачуўшы гэта, захваляваўся малады цесля, стаў маліць Бога, каб яго прыгожая жонка забавілася дома і не прынесла яму палудзень першай. Але яго малітвы, відаць, не былі пачуты. Менавіта яе, маладую і прыгожую, замуравалі ў сцяну… Прайшлі стагоддзі, разбурыўся Гальшанскі замак, колькі разоў перабудоўваўся касцёл, а кляштар стаіць нязрушна. Душа маладой жанчыны трымае яго…
І нібыта ў сярэдзіне 1990-х пры рэстаўрацыі кляштара, які захаваўся амаль у першапачатковым выглядзе з часу пабудовы — пачатку XVII ст., у сутарэннях выявілі замураваны ў нішы шкілет. Косткі ляжалі дзіўна.
Ногі — пад сцяною, чэрап — бліжэй да цэнтру пабудовы, рукі раскінутыя крыжам… Быццам некалі чалавек стаяў на каленях і "трымаў" будынак. Шкілет належаў маладой жанчыне. А неўзабаве ад таго самага месца, адкуль забралі парэшткі, праз увесь будынак прайшла расколіна…
З таго часу ў кутняй келлі кляштара, што на першым паверсе, пачаў з’яўляцца прывід Белай Дамы — паўпразрысты сілуэт жанчыны з зачасанымі назад доўгімі валасамі.
Вядома ж, пайшла пагалоска, пра здань напісалі ў газетах. Госці і турысты, якія адважваліся застацца ў былым кляштары нанач, потым распавядалі з жахам, як рухаліся сцены, круцілася столь. На цікаўных навальвалася, прыціскала да ложка нейкая цёмная сіла, чуліся крокі, рыпела падлога. Здаралася, шукальнікі прыгод страчвалі прытомнасць, а вярталіся да свядомасці ўжо на падлозе — далёка ад ложка. Узброеныя прыборамі "паляўнічыя на прывідаў" фіксавалі ў будынку моцныя лакальныя электрамагнітныя палі. Выдае на тое, што душа будаўнічай ахвяры помсціць людзям за парушаны спакой…

© Андрэй Скурко, Наша Ніва

 
Размешчана : 28 сакавіка 2018 03:15
Падзяліцца: