Што такое “мангольскі праект” ?

У гэтай тэме 1 адказ, 1 удзельнік, апошняе абнаўленне 3 мес., 2 тыд. таму.

Прагляд 2 паведамленняў - з 1 па 2 (з 2 усяго)
  • Аўтар
    Посты
  • #1963
    Belhistory
    Belhistory
    Заснавальнік
    Усяго адказаў: 253

    У сярэдзіне 1920-х гадоў у Заходняй Беларусі актывізаваўся нацыянальна-вызвольны рух, што ў сваіх мэтах вырашыла скарыстаць Масква. У крамлёўскіх кабінетах нарадзіўся гэтак званы “мангольскі праект”. Знаходзячыся ў рэчышчы ідэі “сусветнай рэвалюцыі”, ён быў характэрнаю праявай бальшавіцкага экспансіянізму. Беларускія ж нацыянал-камуністы хацелі выкарыстаць задуманае ў Маскве дзеля аб’яднання ў адной дзяржаве ўсіх нашых этнічных земляў.
    Праект прадугледжваў узняцце паўстання беларусаў у Польшчы, выхад БССР са складу СССР і вайну з Польшчай за Заходнюю Беларусь. У выніку ўтварылася б Беларуская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка пад пратэктаратам СССР (як і ў выпадку з Мангольскай Народнай Рэспублікай, адсюль і назоў праекта). А папярэдне, каб прадэманстраваць поспехі нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва, былі праведзеныя “ўзбуйненні” БССР, дазволена стварэнне шырокай сеткі навучальных і культурных устаноў на беларускай мове.

    Карта БНР

    “Мангольскі праект”, на які пакладалі надзеі нацыянал-камуністы і, магчыма, некаторыя нацыянал-дэмакраты, спадзеючыся гэткім шляхам вызваліць Беларусь з маскоўскае ды польскае няволі, не здзейсніўся. Спадзяванні былі ілюзіямі. На пачатку 1927 года з дапамогай бальшавіцкіх спецслужбаў у Заходняй Беларусі была разгромлена 120-тысячная Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада, а крыху пазней у БССР распачалася ліквідацыя “нацдэмаў”, якіх цяпер ужо абвінавачвалі ў спробах адарваць Савецкую Беларусь ад СССР з дапамогаю Польшчы.
    Застаўшыся толькі на паперы, “мангольскі праект”, тым не менш, з’яўляецца для нас сведчаннем авантурызму бальшавікоў, іх гатоўнасці дзеля сваіх камуністычных утопіяў маніпуляваць лёсамі цэлых народаў.

    #5327
    Belhistory
    Belhistory
    Заснавальнік
    Усяго адказаў: 253

    Чаму бальшавікі пайшлі на стварэнне БССР ?
    Бальшавікі, хоць і не прызнавалі беларускае нацыі, двойчы стваралі БССР (называлася яна тады ССРБ): 1 студзеня 1919 года і ў канцы ліпеня 1920 года. Першы раз — каб супрацьпаставіць яе Беларускай Народнай Рэспубліцы, якая з’яўлялася рэальным цэнтрам нацыянальна-вызваленчага руху. Аднак праз месяц самі ж бальшавікі ліквідавалі рэспубліку, разагнаўшы першы беларускі савецкі ўрад на чале са Зміцерам Жылуновічам (літаратурны псеўданім Цішка Гартны). Папярэдне ўсходнія беларускія губерні перадалі ў склад РСФСР. Ленін з гэтай нагоды пісаў: “Рэспубліка — буферная, і патрэбная толькі таму, што мяжуе з іншымі краінамі. Паколькі Смаленская, Віцебская і Магілёўская губерні не мяжуюць з іншымі дзяржавамі — іх можна выключыць”. Рэшту тэрыторыі далучылі да Летувы і ўтварылі так званы Літбел (Літоўска-Беларускую рэспубліку) са сталіцай у Вільні. У кіраўніцтве Літбела не аказалася ніводнага беларуса. Ні ў ССРБ, ні ў Літбеле беларуская мова не дапускалася ні ў друку, ні ў дзяржаўным ужытку, не было ніводнае газеты на беларускай мове.
    31 ліпеня 1920 года бальшавікі адрадзілі ССРБ з прапагандысцкімі мэтамі, каб паказаць, што яны прызнаюць права нацый на самавызначэнне на бальшавіцкай палітычнай платформе. Першапачаткова беларуская мова не дапускалася да афіцыйнага ўжытку. Але праз нейкі час пачалася шырокамаштабная палітыка беларусізацыі, каб працоўныя Заходняй Беларусі бачылі тут сваю радзіму і змагаліся за далучэнне да Савецкай Беларусі. Захапіўшыся магчымасцямі працы на роднай ніве і паверыўшы бальшавіцкай прапагандзе, у 20-х гадах у БССР пераехалі выдатныя беларускія дзеячы з-за мяжы: Максім Гарэцкі, Францішак Аляхновіч, Вацлаў Ластоўскі, Аркадзь Смоліч, Аляксандр Цвікевіч, Палута Бадунова і іншыя. Праз нейкі час усе яны разам з тымі, што бралі ўдзел у стварэнні ССРБ (Усеваладам Ігнатоўскім, Зміцерам Жылуновічам, Аляксандрам Чарвяковым і іншымі), былі знішчаныя сталінскай рэпрэсіўнай машынай.

Прагляд 2 паведамленняў - з 1 па 2 (з 2 усяго)

Для адказу ў гэтай тэме неабходна аўтарызавацца.

Падзяліцца