Гандаль у ВКЛ

Агульнадзяржаўныя і гарадскія прывілеі вызвалялі купцоў Вялікага Княства ад мыта за правоз тавараў цераз дзяржаўную мяжу, а таксама давалі ім іншыя перавагі. Іншаземныя купцы не маглі гандляваць ураздроб, а павінны былі здаваць тавар гуртам (оптам), хоць для кірмашоў рабілі выняткі. Дзеля абароны ўласнага рынку існавалі своеасаблівыя «квоты» на продаж і набыццё замежнымі купцамі шэрагу тавараў. Да прыкладу, дадзены Полацку ў 1498 г. прывілей папярэджваў, што «ні адзін купец Рызскі, або каторы іншы чужы не мае моцы інака прадаваці і купаваці, толькі пад меру, надалей выпісаную».

Дзяржава і гарадскія ўлады патрабавалі стварэння ў прымежных гарадах «складаў» імпартных тавараў. Кожны купец-іншаземец пад пагрозаю канфіскацыі мусіў абвясціць колькасць, кошт і месца прызначэння свайго тавару, а потым заплаціць адпаведнае мыта. Апрача гэтага прыезджых купцоў чакалі іншыя зборы - «маставыя» (за пераезд цераз мост), «бруковыя» (за праезд па добрай дарозе), грэбельныя (за праезд па грэблі). Такая сістэма часта прыводзіла да таго, што замежнікі пакідалі свой тавар на складзе, а ўнутры дзяржавы ім гандлявалі мясцовыя купцы.

Найважнейшымі імпартнымі таварамі былі сукно, шаўковыя тканіны, палатно, медзь, волава, цына, соль, віно і прыправы. 3 Вялікага Княства ў Заходнюю Еўропу вывозілі найперш воск і футра. На экспарт ішлі таксама драўніна, вугаль, дзёгаць, паташ, жалеза, хмель. 3 канца XV ст. асноўным экспартным прадуктам стала збожжа. Галоўным гандлёвым шляхам дзяржавы, як і ў папярэднія стагоддзі, заставалася Дзвіна. Месты гандлявалі і з вёскай, дзе былі патрэбныя вырабы гарадскіх майстроў.

Раз ці два на тыдзень ва ўсіх гарадах і мястэчках адбываліся таргі. Рынак займаў самы вялікі гарадскі пляц. У Магілеве на ім стаялі больш за 400 крамаў.

У кожным буйным горадзе Княства можна было без праблем памяняць грошы іншай краіны. Тагачасныя «абменнікі» бралі за паслугу 4-5 адсоткаў. Ад XV ст. Вялікае Княства карысталася зручнай дзесятковай сістэмаю грашовых наміналаў, на якую шэраг еўрапейскіх дзяржаваў перайшоў толькі ў XIX ст.

Карыстаючыся выгодным геаграфічным становішчам краіны, беларускія купцы актыўна гандлявалі з Прыбалтыкай, Польшчай, Нямеччынай, Чэхіяй, Вугоршчынай, Масковіяй.

манеты

 

© “У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012