Тросненская бітва 1368 г.

Вялікі князь Альгерд Гедзімінавіч.

Тросненская бітва 1368 г. адбылася ў час вайны Вялікага княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай 1368-1372 гг. на рацэ Тросна 21 лістапада 1368 г. (некаторыя крыніцы падаюць памылковую дату 21 снежня) паміж войскам ВКЛ на чале з вялікім князем Альгердам і старажавым атрадам Вялікага княства Маскоўскага. Кампанія 1368 г. (паводле маскоўскіх летапісаў – “первая литовщина”) распачата Альгердам у падтрымку саюзнага ВКЛ Вялікага княства Цвярскога. Раптоўнае з’яўленне войска ВКЛ “в силе тяжце” з паўднёвага захаду (яно чакалася з боку г. Ржэў), забяспечанае поўнай сакрэтнасцю руху, заспела маскоўскага вялікага князя Дзмітрыя Іванавіча і яго саюзнікаў знянацку.

1-ю перамогу войска ВКЛ атрымала над князем С.Дз.Старадубскім-Крапівой на р. Хоўхла (левы прыток Протвы), потым – над князем К.Ю.Абаленскім і наблізілася да Масквы, дзе на р. Тросна (левы прыток Нары) яго сустрэла застава на чале з ваяводамі Дз.Мініным і А.Шубам. Цяжка ўзброеная конніца ВКЛ ушчэнт разграміла лёгкую, дрэнна ўзброеную і тактычна недасведчаную маскоўскую, абодва ваяводы і амаль усе ратнікі былі забітыя ці патанулі ў Тросне. Перамога ў Тросненскай бітве адкрыла Альгерду шлях на Маскву, 3-дзённая аблога якой была, аднак, беспаспяховай (за год да гэтага быў пабудаваны мураваны Маскоўскі Крэмль).

Падзяліцца: