Рэформы А.Тызенгаўза

Антон Тызенгаўз. Мастак Ян Рустэм. 1819 г.

Прыкладам патрыятычна настроеных дзеячоў, што верылі ў вялікую сілу навукі і рэформаў, стаў падскарбі (міністр фінансаў) Вялікага Княства Антоні Тызенгаўз (1733-1785).

Рэфарматар і прадпрымальнік, адміністратар і мецэнат, ён замахнуўся на вельмі многае: з адсталай правінцыі зрабіць добраўпарадкаваны квітнеючы край. Сучаснікі называлі яго Інфлянцкім д’яблам і Літоўскім царом, а сам кароль і вялікі князь аказваў яму поўную падтрымку. Але што атрымаецца ў чалавека, што хацеў апярэдзіць свой час?

У падначаленых яму каралеўскіх эканоміях падскарбі палепшыў апрацоўку зямлі, увёў парнікова-цяплічную сістэму, выкарыстоўваў заходнееўрапейскую тэхніку. Для сялянаў ствараліся «камунальныя касы» – своеасаблівае страхаванне на выпадак неўраджаю або стыхійнага бедства. Рэформы прадугледжвалі добраўпарадкаванне вёсак, утрыманне дактароў і фельчараў а таксама вясковых радзільняў. Уводзіліся санітарныя правілы дзеля засцярогі людзей і жывёлы ад эпідэміяў.

У Гарадзенскай эканоміі Тызенгаўз заснаваў 21 мануфактуру, дзе выраблялі самую розную прадукцыю – ад гарматаў і карэтаў да посуду, карункаў і картаў для гульні. Выпісаныя з-за мяжы спецыялісты вялі навучанне мясцовых майстроў. Цэнтрам эканамічных пераўтварэнняў падскарбія было гарадзенскае перадмесце Гарадніца. Там размяшчаліся школы мернікаў, бухгалтараў і будаўнікоў, гандлёвая і камерцыйная канторы…

Дзейнасць падскарбія сягала далёка за межы гаспадарчых рэформаў. Ён падтрымліваў створаную ў нашай дзяржаве Адукацыйную камісію – першае ў Еўропе міністэрства адукацыі. 3 ініцыятывы Тызенгаўза ў Горадні былі адчыненыя медычная акадэмія, кадэцкі корпус, тэатр і тэатральна-музычная школа, пачала выходзіць газета.

Рынкавая плошча ў Горадні. Злева – гандлёвыя рады і дом Тызенгаўза. Акварэль Н.Орды. XIX ст.

Аднак рэформы А. Тызенгаўза сутыкнуліся з вялікімі цяжкасцямі. Работнікамі на ягоных, як і на іншых мануфактурах, былі пераважна прыгонныя сяляне, што не мелі зацікаўленасці ў выніках сваёй працы. 3 другога боку, у дзяржаве яшчэ не існавала развітога рынку для рэалізацыі мануфактурных тавараў. Пасля адхілення падскарбія ад пасады амаль усе яго прадпрыемствы былі зачыненыя як стратныя.

Подписаться
Уведомить о
guest
0 Comments
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии