Усяслаў Полацкi

Другая палова XI ст. звязана з iмем буйнейшага ўсходнееўрапейскага палiтычнага дзеяча князя Усяслава Полацкага (1044-1101) i складае цэлую эпоху ў полацкай гiсторыi. Ужо ў сучаснiкаў гэта незвычайная асоба Рагвалодава нашчадка выклiкала здзiўленне, здавалася загадкавай. Адкуль у яго столькi палiтычнага розуму, хiтрасцi, невычэрпнай энергii i жвавасцi? Натура Усяслава была багатая i магутная, а жыццё – поўнае рашучых учынкаў, блiскучых узлётаў i трагiчных падзенняў. Сучаснiкi былi перакананы, што Усяслаў мае ў сабе незвычайную сiлу, што ён чараўнiк, можа абарочвацца воўкам i бегаць за сотнi вёрст. Усе летапiсныя паданнi звязваюць яго жыццё i дзейнасць з нейкiмi дзiвосамi. Тайна ахiнае ўжо яго прыход у свет. “Его же роди мати от волхования”, – пiша “Аповесць мiнулых гадоў”. Ля калыскi немаўляцi сабралiся вешчуны – амаль як пры нараджэннi Хрыста. Афiцыйны кiеўскi летапiсец атэставаў князя як “нелiтасцiвага на кровапралiцце”. Ваенныя поспехi Усяслава, яго ўменне непрыметна апынуцца са сваiм войскам там i тады, дзе i калi яго зусiм не чакалi, сучаснiкi таксама лiчылi чарадзействам. Яшчэ пры жыццi ён стаў чалавекам-легендай, што сведчыла пра выключнасць гэтай гiстарычнай постацi. Пасля смерцi князь стаў героем розных паданняў, гiстарычных песень i былiн. Прыхiльным да Усяслава быў генiяльны аўтар “Слова аб палку Iгаравым’` i ўславiў яго як эпiчнага героя “з вешчаю душою ў мужным целе”.

Усяслаў нарадзiўся каля 1030 г. i пракняжыў ў Полацку больш за паўстагоддзе. На працягу 1044—1060 гг. крынiцы маўчаць пра Усяслава. Яго дзейнасць ў гэты час не выходзiла за межы ўласнай вотчыны, бо старажытнарускiя летапiсцы звычайна гаварылi пра Полацк толькi тады, калi яго дзеяннi закраналi iнтарэсы Кiева i Ноўгарада. Першае 15-годдзе Усяслаў не ўключаецца ў агульнарускiя справы, а хутчэй за ўсё быў заняты ўнутрыдзяржаўнымi праблемамi. 3 60-х гадоў XI ст. ён дастаткова ўмацаваўся i пачынае энергiчную дзейнасць. У 1060 г. падтрымаў Кiеў у барацьбе з качэўнiкамi. Але гэты сумесны паход не спынiў росту ўзаемнай непрыязнасцi, хоць знешне мiрныя адносiны памiж iмi працягвалiся яшчэ пяць гадоў. Для Полацка гэты час характэрны ўсё большым падкрэслiваннем сваей дзяржаўнай асобнасцi. У 60-ыя гады тут узводзiцца Сафiйскi сабор, каб паведамiць свету пра роўнасць з Кiевам i Ноўгарадам, дзе такiя храмы з’явiлiся трохi раней.

Выкарыстаўшы спрыяльныя палiтычныя абставiны: пачатак распаду старажытнай Русi, мiжусобная барацьба, якой былi адцягнуты сiлы Кiева, – “поча Всеслав рать держать”. У 1065 г. ён са сваей дружынай напаў на Пскоў. Муры крэпасцi грамiлi сценабiтнымi прыладамi, але, нягледзячы на магутны наступ, пскоўскi замак застаўся непрыступным. У 1066 г. полацкая дружына рушыла на Ноўгарад, разрабавала яго, спалiла частку горада, захапiла палонных. У знак падначалення Ноўгарада паздымалi званы з Сафiйскага сабора i прывезлi ў Полацк – тут жа свая Сафiя… Будаўнiцтва храма ў Полацку i адначасова абрабаванне сабора ў Ноўгарадзе пры ўсёй супярэчлiвасцi магло адпавядаць няўстойлiваму хрысцiянска-паганскаму веравызнанню Усяслава. 3 якой мэтай гэта зроблена: знiшчьшь аб’ект пакланення? Цi выкарыстаць культавыя прыналежнасцi для ўласнага храма? Гэта застаецца тайнай. Некаторыя бачаць у такiм учынку выпад супраць хрысцiянства.

Бiтва на Нямiзе
Бiтва на Нямiзе. Выява з Радзівілаўскага летапісу

Захопам Ноўгарада Усяслаў “разбiў славу Яраслава”, як апавядае “Слова аб палку Iгаравым”, – менавiта гэты горад доўгi час быў апорай Яраслава Мудрага i яго нашчадкаў. Рознагалоссе крынiц i храналагiчная блытанiна ў iх даюць падставу меркаваць, што ў 1066 – пачатку 1067 г. Усяслаў зрабiў два паходы ў блiзкiя па назве гарады: першы – на Ноўгарад, другi – на Наваградак (сучасны Навагрудак). Помстай за гэтыя дзеяннi стала спусташэнне Менска, праз якi i мог вяртацца з Наваградка ў Полацк Усяслаў.

Бітва на Нямізе

Устрывожаныя, абураныя такiмi паводзiнамi Яраславiчы – сыны Яраслава Мудрага: Iзяслаў Кiеўскi, Святаслаў Чарнiгаўскi i Усевалад Пераяслаўскi — вырашылi ўцiхамiрыць полацкага князя. Аб`яднанае войска падышло да Менска. Тады горад знаходзiўся на рацэ Менцы (прыток Пцiчы) за 16 км на захад ад гiстарычнага цэнтра сучаснай сталiцы i быў памежнай крэпасцю Полацкага княства. Даведаўшыся пра небяспеку, вiдавочна, чакаючы скорага падыходу Усяслава з войскам, “меняне затворишася в граде”. Аднак выстаяць супраць злучаных сiл паўднёвай Русi не змаглi. Расправа з iмi была выключна жорсткая: усе мужчыны былi перабiты, а жанчыны i дзецi ўзяты ў палон. Менск ляжаў у руiнах. Менавiта у сувязi з такiмi драматычнымi падзеямi 1067 г. упершыню згадваецца ў летапiсах наша сталiца. Горад на Менцы знiшчалi двойчы – у 1084 г. трагiчныя падзеi паўтарыў Уладзiмiр Манамах, дружына якого захапiла горад. Пасля гэтых спусташэнняў “меняне” вымушаны былi яго пакiнуць. На месцы ўпадзення Нямiгi ў Свiслач, на своеасаблiвым востраве, у канцы XI- пачатку XII ст. яны ўзвялi другое паселiшча i далi яму былую назву.
Захапiўшы Менск, Яраславiчы рушылi на Нямiгу. Полацкая дружына выступiла насустрач iм. 3 сакавiка 1067 г. туг адбылася жорсткая бiтва – адна з самых крывавых у нашай старажытнасцi. Крынiцы не пакiнулi нам яе падрабязнага апiсання. “Бысць сеча зла и мнози падоша”, – канстатаваў летапiсец Нестар. Па сваiх маштабах i палiтычных вынiках падзеi 1067 г. былi настолькi значныя, што ўскалыхнулi грамадскую свядомасць старажытнай Русi, засталiся ў памяцi некалькiх пакаленняў. Праз 120 год рэха iх адбiлася ў “Слове аб палку Iгаравым” вобразам жудаснай крывавай малацьбы:
“На Нямiзе галовы сцелюць снапамi, харалужнымi малоцяць цапамi, жыццё кладуць на таку злюцела, веюць душу ад тела. Нямiгi крывавыя берагi не збожжам былi засеяны зноў – засеяны касцьмi рускiх сыноў”.
I хаця берагi Нямiгi былi «засеяны касцьмi рускiх сыноў», але Усяславу давялося адступiць. «I одолеша Iзяслав, Святослав, Всеволод. Всеслав же бежа”, — расказвае “Аповесць мiнулых гадоў”.
Даследчыкамi выказвалiся самыя розныя меркаваннi наконт лакалiзацыi месца пабоiшча на Нямiзе. Археалагiчныя пошукi пакуль што дакладнага адказу на гэта пытанне не далi. Трагедыя 1067 г. магла адбыцца ў межах гiстарычнага цэнтра сучаснага Мiнска. Нямiга – гэта ўмацаваны гарадок, заснаваны на аднайменнай рэчцы. Пры археалагiчных раскопках на глыбiнi 6—7 м знойдзены бераг першапачатковай ракi, вялiкая колькасць рэчаў матэрыяльнай культуры, гарадскiя ўмацаваннi. Да нашага часу захавалася абмялелае рэчышча Нямiгi, якое на працягу некалькiх кiламетраў працякае ў калектары над аднайменнай вулiцай беларускай сталiцы.

Дружыннік XI ст.

Нягледзячы на разгром палачан, Яраслававiчы не рушылi на iх сталiцу, а «замацавалi» сваю перамогу адступленнем да “Ршы ля Смаленска”, куды запрасiлi Усяслава на перамовы, гарантаваўшы яму бяспеку: “Приди к нам, яка не створим ти зла”. Полацкi князь з двума сынамi явiўся ў стан Яраславiчаў. Але тыя вераломна парушылi свае “крыжацалаванне” (прысягу), схапiлi iх i адвезлi у Кiеў, дзе пасадзiлi ў поруб-цямнiцу. Там яны i прасядзелi 14 месяцаў. Аднак э вязняў Усяслаў быў раптоўна ўзнесены ў вялiкiя князi. 15 верасня 1068 г. у Кiеве адбылося паўстанне, выклiканае грандыезным паражэннем Яраславiчаў на р. Альце ад полаўцаў, якiя ўпершыню напалi на Русь, i, скарыстаўшыся перамогай, пачалi рабаваць яе паўднёвыя землi. 3 ганьбаю вярнуўся кiеўскi князь Iзяслаў дадому. Абураныя кiеўляне запатрабавалi даць iм зброю для барацьбы з полаўцамi, але князь адмовiў iм. Гэта i выклiкала незадаволенасць, якая перарасла ў паўстанне. Узбунтаваная “чэрнь” вызвалiла з цямнiцы Усяслава i абвясцiла яго вялiкiм князем. Iзяслаў уцёк у Польшчу. Падзея экстраардынарная ў тагачасным грамадстве – выгнанне гараджанамi аднаго князя, вызваленне з вязнiцы i “ўхвала” другога. Не прыходзiцца сумнявацца ў наяўнасцi ў Кiеве шматлiкiх прыхiльнiкаў полацкага палоннага, якiя лiчылi яго права на вялiкакняжацкi пасад законным, бо яго бацька Брачыслаў быў у свой час кiеўскiм князем. Так, Усяслаў меў ускоснае права на гэты пасад, але яно было настолькi адносным, што сам ён нiколi не iмкнуўся яго ажыццявiць. У гiсторыi “iмперыi Рурыкавiчаў” гэты момант быў унiкальным яшчэ i тым, што ў яе склад уваходзiў i непакорлiвы Полацк.

Сядзець на “залатым стале кiеўскiм” Усяславу было наканавана ўсяго 7 месяцаў. У гэты час ён быў поўнаўладным валадаром больш за палову ўсходнеславянскай зямлi. Што адбывалася тады, аб гэтым летапiсы маўчаць. Вiдаць, па iх радках прайшлася рука пазнейшых рэдактараў, якiя пастаралiся выкрэслiць вельмi непрыемную для кiеўскiх князёў старонку гiсторыi. Б.Рыбакоў зрабiў спробу аднавiць гэту страчаную старонку гiсторыi на аснове “Слова аб палку Iгаравым`’. На яго думку, фраза “Всеслаў князь людям судяше (суды судзiў), князем грады радяше (парадкаваў)” адносiцца да кiеўскага перыяду дзейнасцi Чарадзея i характарызуе яго як справядлiвага i мудрага князя. Зноў-такi на падставе “Слова…” даследчык выказвае меркаванне, што Усяслаў зрабiў iмклiвы паход у далёкую Тмутаракань, каб знайсцi саюзнiка для барацьбы з полаўцамi. Не выходзiць за межы магчымага i сцвярджэнне Б. Рыбакова, што Усяслаў удзельнiчаў у разгроме полаўцау у канцы 1068 г. Тыя 3 гады (1065-1068) высока ўзнеслi Усяслава i паставiлi яго ў шэраг гiстарычных асоб Усходняй Еўропы.

У наступным 1069 г. выгнаннiк Iзяслаў пры падтрымцы войска польскага караля Баляслава Харобрага рушыў на Кiеў адстойваць “справядлiвасць”. Насустрач у бок Белгарада выйшла кiеўская дружына з Усяславам на чале. Развязка была нечаканай. Ноччу напярэдаднi бiтвы Усяслаў кiнуў войска i вярнуўся ў Полацк. У Кiеве зноў усталяваўся Iзяслаў, якi жорстка пакараў удзельнiкаў паўстання. Дагэтуль нiхто не змог пераканаўча растлумачыць, чаму Чарадзей добраахвотна адмовiўся ад такога прэстыжнага княжання. М. Ермаловiч тлумачыць гэга варожасцю кiеўскiх баяр да князя, абранага “чорным людам”, i апазiцыяй Ноўгарада. С.В. Тарасаў дапускае, што Усяслаў апынуўся перад складаным выбарам: як яму, якi выступаў супраць цэнтрысцкiх памкненняў Кiева i абараняў самастойнасць Полацка, праводзiць цэнтралiсцкую палiтыку? На Радзiме ён, зразумела, меў большую падтрымку i больш надзейнае месца. Таму, як падае “Слова…”, ён “даткнуўся пiкаю да залатога стала кiеўскага. I пабег ад iх лютым зверам апоўначы з Белгараду…”.

Барацьба Уладзiмiра Манамаха з Усяславам у 70 – 80-ыя гады. Значэнне дзейнасцi Усяслава

Змаганне Полацка з Кiевам, якi працягваў сваю палiтыку на падначаленне сабе беларускiх зямель, працягваецца. У тым жа годзе Iзяслаў прымусiў Усяслава ратавацца ўцёкамi i з роднага горада. Стол у Полацку заняў Iзяславаў сын Мсцiслаў. Пасля яго нечаканай смерцi – мяркуюць, “не без дапамогi” палачан – пасаду заняў яго брат Святаполк. Але i таму было наканавана правiць не болей года. Усяслаў жа знайшоў сабе часовае прыстанiшча на зямлi фiнскага племенi водзi. У 1071 г. ён прыйшоў пад Полацк з войскам саюзных яму эстаў, лiваў, летаў, земгалаў i выгнаў Святаполка. У тым жа годзе брат Святаполка Яраполк разбiў Усяслава ля Галацiчаска. Дзе знаходзiўся гэты горад, пакуль дакладна не выяўлена. Верагодна, на месцы сучаснай вёскi Голацк Пухавiцкага раёна, за 30 км на паўднёвы ўсход ад Менска. Магчыма, тады Усяслаў у другi раз быў сагнаны з полацкага прастола. Але у 1073 г. нястомны князь змог вярнуць сабе бацькаўскi ўдзел. Гаспадаранне кiеўскiх намеснiкаў, нежаданне мясцовых феадалаў змiрыцца з прадстаўнiкамi чужой дынастыi i iмкненне выйсцi з-пад улады Кiева аблягчала Усяславу вяртанне.

Аднак Яраславiчы не пакiдаюць Полацк у спакоi. У 70-я гады на гiстарычную арэну выйшаў Уладзiмiр Манамах, тады ўдзельны князь у Пераяслаўi, потым у Чарнiгаве i Смаленску. Шмат гора i бяды прынёс нашым продкам гэты добра вядомы ў расiйскай гiсторыi князь. Многа раз аб’ядноўваюцца пад яго кiраўнiцтвам паўднёвыя князi ў карных паходах на Полацкае княства, супраць Усяслава, а пасля i яго сына Глеба Менскага, хоць яны i не былi супернiкамi ў яго барацьбе за вялiкакняжацкi трон. У 1077-1078 гг. адбылiся два спусташальныя паходы. у час якiх “ожгоше” Полацк — спалiлi яго ваколiцы, а потым “воюя”, гэта значыць, рабуючы, беручы ў палон, пайшлi ў кiрунку Одрска (горад на тэрыторыi Полацкага кйяства, месцазнаходжанне якога пакуль не выяўлена).

Усяслаў пакараў Манамаха за яго гвалтоўнiцтва. У 1078 г. полацкая дружына робiць iмклiвы напад на Смаленск i “ожьже” яго – зрабiла тое, што Манамах зрабiў з Полацкам. 3 чарнiгаўскiм палком Манамах iмчыць наўздагон, але насцiгнуць яе не змог. Iсцi ж на стольны горад палачан не рызыкнуў. Таму ўслед за Усяславам, – пiсаў ён уласнаручна ў сваiм “Павучаннi”, – спалiў зямлю (Полацкую), спустошыўшы (яе) да Лукомля i Лагожска, ды супраць Друцка ваюючы. У сувязi з такiмi драматычнымi падзеямi упершыню папалi ў поле зроку летапiсца гэтыя беларускiя гарады.

У 1084 г. Манамах разам з чарнiгаўцамi i полаўцамi зрабiў знiшчальны паход на Менск – “захапiлi горад i не пакiнулi ў iм нi чалядзiна, нi скацiны”, што азначала яго абрабаванне i знiшчэнне датла. Мы ўжо гаварылi аб верагоднасцi першапачатковага знаходжання Менска на месцы сучаснай вёскi Гарадзiшча (Мiнскi раё’н) на рацэ Менцы. Хутчэй за ўсё гэты напад Манамаха i паклаў канец iснаванню першапачатковага Менска, паколькi археалагiчныя знаходкi тут абмяжоўваюцца XI ст. Двойчы разбураны на працягу 17 гадоў (1067 i 1084), горад адрадзiцца ўжо не змог. Жыхары, якiм нейкiм чынам удалося выратавацца ад знiшчэння цi палону, не вярнулiся на старое папялiшча, а пасялiлiся ў раёне Нямiгi, перанесшы сюды i назву свайго ранейшага паселiшча. Як вiдаць з прыведзеных фактаў, барацьба Манамаха з Усяславам насiла выключна напружаны i жорсткi характар. 3 1084 да 1101 г. летапiсы маўчаць аб войнах супраць Полацкай зямлi. Варожыя дзеяннi ў адносiнах да яе знайшлi працяг у пачатку XII ст., ужо пасля смерцi Усяслава.

У 1097 г. у Любечы сабралiся ўсходнеславянскiя князi, каб абвясцiць даўно наспелы i абмыты крывёю прынцып: “Кожны ды трымае вотчыну сваю”. Сярод iх не было Усяслава – красамоўнае сведчанне таго, што кiеўскiя князi бачылi ў Полаччыне непадуладную iм зямлю. Гэты самы прынцып ён абвясцiў у 1065 г. i да 1097 г. для Усяслава ён даўно быў здзейснены. Яму не было чаго дзялiць з астатнiмi князямi. Палачане не прысутнiчалi i на iншых княжацкiх з’ездах: у 1110 г. у Вiцiчаве i ў 1103 г. каля Долабскага возера, што замацавалi працэс распаду Кiеўскай Русi. Следам за iм гэтым шляхам пайшлi астатнiя княствы. Яны, па словах БД. Грэкава, развалiлi Кiеўскую Русь, як “шкарлупiну, у якой iм стала цесна”.

Аднесцiся да факта распаду старажытнарускай федэратыўнай дзяржавы гiсторык М Л. Ткачоў раiць спакойна, дыялектычна, бачачы ў гэтых падзеях не толькi адмоўныя, але i станоўчыя бакi. Усiм “плакальшчыкам” па колiшняй велiчы старажытнарускай дзяржавы вельмi добра адказаў акадэмiк Б.А. Рыбакоў : “Неабходна адмовiцца ад разумення ўсёй эпохi феадальнай раздробленасцi як часу рэгрэсу, руху назад… Кiеўская Русь была як мацi, якая вырасцiла многiх сыноў, што склалi новае пакаленне”.
Калi знешнепалiтычная дзейнасць Усяслава яскрава прасочваецца па летапiсах, то яго ўнутраная палiтыка засталася неасветленай ў гiстарычных крынiцах i толькi па асобных намёках можна здагадвацца пра яе змест. Выраз “Слова…”, што “Всеслав князь людям судяше”, сведчыць аб яго актыўнай прававой дзейнасцi. Бясспрэчна, на першым плане стала ўмацаванне княжацкай улады, дружыны, ахова маёмасцi знацi. Улiчваючы вялiкую ролю гандлю для Полацкага княства, якое знаходзiлася на скрыжаваннi водных шляхоў, можна думаць, што Усяслаў увагу надаваў пытанням рэгулявання гандлю i асаблiва спагнання падаткаў. Пры iм быў пабудаваны ў сутоцы Нямiгi i Свiслачы Менск пасля знiшчэння кiеўскiмi князямi горада на Менцы. Адной з плённых старонак дзейнасцi Усяслава было ўзвядзенне Полацкай Сафii. Гэтым быў дадзены новы iмпульс для развiцця мастацтва i асветы – для функцыянавання сабора патрэбны былi адукаваныя людзi, кнiгi, культавыя рэчы, абразы. Шматгранная грамадская дзейнасць Усяслава не ў меншай ступенi, чым ратная, садзейнiчала ўмацаванню трываласцi Полацкай дзяржавы. Што ж датычыць далучэння Усяславам новых тэрыторый, то нiводная крынiца на гэта не ўказвае.

Эпоха Усяслава з’яўляецца адным з самых важных i яркiх перыядаў нашай старажытнай гiсторыi. Гэта быў час найбольшай магутнасцi Полацкага княства. Галоўная заслуга Усяслава ў тым, што ен правiльна зразумеў i ананiў аб’ектыўныя ўмовы развiцця беларускiх зямель у другой палове XI ст. i скiраваў сваю дзейнасць на абарону дзяржаўнага суверэнiтэту сваей Бацькаўшчыны. Ён быў разважлiвым i прадбачлiвым палiтычным дзеячам, якi удала спалучаў задачы ўнутранага i знешняга ўмацавання сваей дзяржавы. Дзейнасць Усяслава выклiкала ў гiсторыкаў супярэчлiвыя ацэнкi. Калi глядзець з пазiцыi адзiнадзяржаўя Кiеўскай Русi, можна ўбачыць у iм сепаратыста i драпежнiка. Але бачыць за гiстарычнымi падзеямi другой паловы XI ст. волю аднаго чалавека нельга. Усяслаў не змог бы ўсё жыццё пратрымацца на полацкiм прастоле, калi б яго не падтрымлiвалi палачане, а праз iх – жыхары ўеёй Полацкай зямлi. Гэта сведчыць аб тым, што князь як дзяржаўны дзеяч цалкам адпавядаў iнтарэсам свайго народа i краiны.
“В лето 6609 (1101) преставйлся Всеслав, Полоцкйй князь, месяца апреля, в 14 день, в 9 час.дня, в среду” – незвычайная для летапiсаў храналагiчная дакладнасць, як i незвычайная сама гiстарычная постаць. У Кiеве, дзе пiльна сачылi за падзеямi ў Полацку, гэту вестку сустрэлi, калi не з радасцю, то з палёгкай, бо не стала iх даўняга грознага працiўнiка.

© Гісторыя Беларусі : У 2 ч. ч.1 . Са старажытных часоў да канца XVIII ст.: Курс лекцый. / І.П.Крэнь, І.І.Коўкель, С.В.Марозава, С.Я.Сяльверстава, І.А. Фёдараў. – Мн.: РІВШ БДУ, 2000. – 656 с.

Падзяліцца:
  • 8
    Падзяліліся