Вільня - сталіца нашай дзяржавы

Крывы горад

Летувіскія гісторыкі трымаюцца думкі, нібыта Вільню заснаваў вялікі князь Гедзімін. Гэта не болей як прыгожая легенда, якая не вытрымлівае праверкі гістарычнымі фактамі. Ужо ў XI ст. на месцы сучаснай Вільні існавала заснаванае крывічамі гарадское паселішча, што першапачаткова называлася Крывым горадам. Славянскае паходжанне меў і пазнейшы назоў - ад ракі Вільні, якая тут зліваецца з Вяллёй (Віліяй).

Крывы горад (часам яго менавалі таксама Крывіч-горадам) быў сталіцаю ўдзельнага княства Полацкай зямлі. У ім валадарылі князі полацкай дынастыі: у 1070 г. - Расціслаў Рагвалодавіч, а пазней - ягоныя сыны. У часы вялікага князя Войшалка Віленскае княства ўвайшло ў Вялікае Княства Літоўскае. Крывы горад згадваецца ў гістарычных крыніцах яшчэ і ў XIV ст. Нямецкія хронікі паведамляюць, што гэта - «русінскае места». Назоў Вільня ўпершыню сустракаецца ў грамаце нямецкіх гарадоў Ганзейскага гандлёвага хаўрусу, датаванай 1323 г.

Віленскае насельніцтва

Пераважная частка насельніцтва Віленскага княства, як і самой старажытнай Вільні, была крывічамі. Славяне, а дакладней нашыя продкі - беларусы-ліцьвіны складалі бальшыню жыхароў Вільні на працягу некалькіх стагоддзяў. Паводле перапісу 1897 г., летувісаў сярод віленчукоў налічвалася менш за 2%.

Пра беларускі характар віленскага жыцця ў Сярэднявеччы і ў пазнейшы перыяд пераканаўча сведчыць гарадская тапанімія: вуліца Вялікая, Крывая (Лысая) гара, Зялёны мост, Траецкая, Мокрая, Вострая брама, прадмесці Зарэчча, Пагулянка, Паплавы, Папоўшчына.

Яшчэ адно яскравае сведчанне таго, што асноўным насельніцтвам тагачаснай Вільні былі праваслаўныя беларусы, - колькасць храмаў. У 1511 г. места Віленскае мела 14 праваслаўных цэркваў, у тым ліку Прачысценскую, Спасаўскую, Міхайлаўскую, Кацярынінскую, Пятніцкую, Юр'еўскую на Росах, Петрапаўлаўскую на Зарэччы... Побач з імі мірна стаялі сем касцёлаў, прыхаджанамі якіх таксама былі пераважна беларусы.

Апрача беларусаў і нязначнай колькасці жмудзінаў (летувісаў) у месце ад Альгердавых часоў жылі габраі і немцы. Гаспадар Вітаўт пасяліў тут частку крымскіх татараў, якія перайшлі да яго на службу і хутка збеларусіліся, але захавалі пры гэтым сваю рэлігію. У першай палове XV ст. вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч запрасіў сюды колькі дзясяткаў майстроў з Італіі і Польшчы. Не выклікае сумневу беларускае паходжанне абсалютнай большасці службовых асобаў, згаданых у актах Віленскага магістрата: войт Вышка, бурмістры і радцы Юрай Нястука, Васіль Фядкевіч, Гаўрыла Аліфаровіч, Мікола Сяльковіч, Рыгор Мэка..

Палітычны цэнтр краіны

У 1323 г. Вільня пераняла ў старажытнага Новагародка ролю сталіцы. Падпісаная ўвосень таго самага года мірная дамова Вялікага Княства Літоўскага з Інфлянцкім ордэнам і Рыгай ужо называе места Віленскае сталічным і згадвае размешчаны ў ім палац гаспадара Гедзіміна.

У Вільні знаходзілася не толькі рэзідэнцыя вялікіх князёў, але і ўсе галоўныя дзяржаўныя органы і ўстановы. Тут звычайна збіралася вялікакняская Рада, найчасцей праводзіліся паседжанні Сойму, падпісваліся важныя міжнародныя дамовы. У 1401 г. князі і паны нашай дзяржавы замацавалі тут сваімі подпісамі і 40 пячаткамі акт Віленска-Радамскай вуніі з Польшчай. Ён пацвярджаў правы князя Вітаўта на самастойнае кіраванне, а абедзве дзяржавы рабіў раўнапраўнымі ўдзельніцамі палітычнага і вайсковага альянсу. Адным з вынікаў гэтай вуніі сталася Грунвальдская перамога над Тэўтонскім ордэнам.

Пасля Гарадзельскай вуніі 1413 г. Вільня зрабілася адначасова цэнтрам Віленскага ваяводства, куды напачатку ўваходзілі вялізныя абшары ад Вількаміра і Уцянаў на поўначы да Рэчыцы і Чачэрска на поўдні. Ад 1416 г. у Вільні знаходзілася рэзідэнцыя праваслаўнага мітрапаліта Вялікага Княства Літоўскага.

У 1495 г. пачаў Дзейнічаць Віленскі манетны двор - асноўны цэнтр грашовай эмісіі ў краіне. Аднак гісторыкі мяркуюць, што манеты ў Вільні білі яшчэ значна раней - ад канца XIV ст. На ўсіх манетах нязменна адціскаўся дзяржаўны герб - «Пагоня».

Гарадская культура

Магдэбургскае права, атрыманае Вільняй у 1387 г., прычынілася да росквіту рамёстваў і гандлю. Вялікакняскі прывілей даваў мясцовым купцам права бязмытна гандляваць на ўсім абшары дзяржавы. Два разы на год у Вільні віравалі велізарныя кірмашы, на якія з'язджаліся купцы з дзясяткаў краін і гарадоў. У месце існавалі Нямецкі і Маскоўскі гандлёвыя двары. Віленскіх майстроў больш чым ста спецыяльнасцяў аб'ядноўвалі 20 рамесніцкіх цэхаў, першы з якіх - кушнерскі - узнік у 1458 г.

У сярэдзіне XVI ст. Вільня мела больш за 20 тысяч жыхароў і колькасцю насельніцтва саступала ўва ўсёй дзяржаве толькі Полацку. 3 Вільняй звязаная дзейнасць вялікакняскай канцылярыі, працоўнай мовай якой была беларуская. Пры канцылярыі захоўваўся дзяржаўны архіў - Метрыка Вялікага Княства. 3 пашырэннем кнігадруку там па-беларуску «бітымі літарамі» выдаваўся Статут - агульнадзяржаўны збор законаў.

На пачатку XVI ст. горад уражваў замежных паслоў і падарожнікаў сваей еўрапейскай планіроўкай, велічнымі храмамі і раскошнымі палацамі Радзівілаў, Хадкевічаў, Астрожскіх, Сапегаў, Кішкаў ды іншых беларускіх арыстакратаў. Памерамі Вільня была роўная Кракаву з усімі яго перадмесцямі. Тут налічвалася больш за 100 двух- і трохпавярховых мураваных будынкаў. Разам з нашымі ў Вільні працавалі архітэктары, запрошаныя з Нямеччыны, Галандыі, Італіі. Тады ўжо дзейнічаў першы гарадскі водаправод з драўлянымі трубамі.

 

Вільня зрабілася адным з еўрапейскіх культурных цэнтраў. Гістарычныя дакументы паведамляюць пра высокі ровень ведаў, якія давала заснаваная ў другой палове XIV ст. школа для дзяцей месцічаў. Апрача дзяржаўнай беларускай там выкладаліся лацінская, грэцкая, нямецкая і габрайская мовы. Больш за сто выпускнікоў школы паступілі ў Кракаўскі ўніверсітэт. У 1579 г. была заснаваная свая вышэйшая школа - Віленская акадэмія, якая мела ўніверсітэцкі статус.

На пачатку XVI ст. беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар Францішак Скарына выдаў у Вільні першыя ў Вялікім Княстве друкаваныя кнігі. Ягоную справу працягвалі тут Пётра Мсціславец, Кузьма, Лукаш і Лявон Мамонічы.

Сталіцу нашай дзяржавы ў розныя часы наведвалі і знаходзілі тут гасцінны прытулак шмат якія выдатныя дзеячы еўрапейскай культуры. У 1413 г. вялікі князь Вітаўт з пашанаю прымаў у Вільні паплечніка Яна Гуса магістра Гераніма Пражскага, які цэлы год свабодна прапаведваў у нашай краіне гуманістычныя ідэі гусітаў. Пры вялікакняскім замку пад апекаю гаспадара Аляксандра жылі астраном Войцех з Брудзева і публіцыст Эразм Вітэлій.

    ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
    Сярэдзіна XI ст. Утварэнне Віленскага княства.
    1070 г. У Вільні ўладарыць полацкі князь Расціслаў Рагвалодавіч.
    1264 г. Віленскае княства ўвайшло ў Вялікае Княства Літоўскае.
    1323 г. Вялікі князь Гедзімін перавёў у Вільню сталіцу дзяржавы.
    1387 г. Вільня атрымала прывілей на магдэбургскае права.
    1413 г. Утварэнне Віленскага ваяводства.
    1495 г. Заснаванне Віленскага манетнага двара.

 

© “У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012