Вільня

Пошук па сайту

Гл. таксама

Катэгорыі

Рэклама:

"З ХРОНІКІ ЛІТОЎСКАЙ I ЖАМОЙЦКАЙ":

"... Гедымін, заехаўшы ў ловы, прыехаў на кастрышча, прысвечанае продкам сваім, дзе рака Вільня ў Віллю ўпадае, ад Трок Старых мілі чатыры. Там застрэліў тура вялікага,... забіў яго на той гары, дзе цяпер Верхні замак Віленскі.
... А калі пасля працы моцна заснуў, бачыў у сне, што на той гары і на тым месцы, дзе забіў тура, бачыў ваўка вялікага, нібыта жалезнага, а ў тым ваўку чуў Як бы сто ваўкоў вялізных, што вылі, і голас якіх па ўсіх баках разліваўся... А назаўтра Гедымін, устаўшы, паклікаў усіх паноў і дваран сваіх, і распавядаў сон свой, радзячыся, што б значыў той сон.
... Аж потым паклікаў біскупа свайго паганскага, якому імя было Лыздзейка, а той Лыздзейка пры жыцці Віценя, бацькі Гедымінавага, быў знойдзены ў гняздзе арліным у гаі... Будучы на двары княжым, навучыўся звяздарства паводле бегаў нябесных і сноў выкладу".
... і ў паганскіх выкрутнях і сноў разгадванні і ўсякай мудрасці быў дасведчаны, а потым біскупам паганскім ад Гедыміна быў абраны. А калі Гедымін сон свой Лыздзейку сказаў, а ён яму так яго растлумачыў, пачціва і праўдзіва мовячы:
"Княжа вялікі Гедымін і пане мой! Воўк, якога бачыў як бы выкаванага з жалеза — то значыць, што на тым кастрышчы будзе галоўны замак, і месца таго панства галоўнае, а сто ваўкоў, што ў адным выюць, якіх голас ва ўсе канцы ідзе, то значыць, што замак той і месца справамі і значнасцю будуць знакамітыя ва ўсіх канцах света, знакамітыя і вялікімі справамі патомкаў тваіх, вялікіх княжат літоўскіх, якія тут будуць месці сталіцу тваю". Маці Божая Вострабрамская
Тое тлумачэнне пахваліўшы, Гедымін ахвяру багам сваім на кастрышчы ўчыніў, і зараз жа, не адкладаючы, паслаў у воласці навакольныя і, у дастатку набраўшы рамеснікаў, цесляў, муляроў, кавалёў і капачоў, пачаў мураваць. Наперад Вышэйшаму замку на Туравай гары вымераў пляц, Ніжэйшы замак на Свінтарожскай гары, у той час Крывою далінай названай, ... збудаваў з дрэва..." Паводле гістарычных крыніц, у гэты дзень ім тут быў падпісаны трактат з магістрам мечаносцаў і арцыбіскупам рыжскім.
...Цудоўны горад Вільня, зразумела, не мог абыйсціся без прыгожай легенды. Асабліва ж цікавыя звесткі тут падаюцца пра Лыздзейку, па сутнасці, першага беларускага астранома. Гэтыя звесткі гавораць пра тое, што пры двары вялікага князя Беларуска-Літоўскай дзяржавы быў свой астраном, астролаг, што беларуска-літоўскае баярства стаяла на даволі высокім узроўні развіцця.
У іншых крыніцах кажуць, што хлопчыка звалі Радзівілам. Магчыма, гэта легенда саміх Радзівілаў. Хлопчык з арлінага гнязда, які выхоўваўся нароўні з сынам вялікага князя ,— гэта, сапраўды, зайздросны продак!
Але, перш чым Гедымін заснаваў тут сталіцу ВКЛ ( Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага), на месцы Вільні было паселішча. Яно мела паганскае капішча, і, мабыць, цікава ведаць, што першая назва Вільні была Крывы-горад (што можна разумець і як "горад крывічоў").
У той жа "Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай" ёсць апісанне язычаскага капішча:
"Паставіў Кгедымін балвана перунова з каменя крамністага вялікага, з якога агонь папы паганскія выкрасалі, у руках трымаючы, і агонь яму вечны з дубіны ўдзень і ўначы палілі на тым месцы, дзе цяпер касцёл святога Станіслава".
Што характэрна — у Вільні, побач, жылі мірна паганцы і хрысціяне, аб гэтым гавораць раскопкі. Адны ўслаўлялі Хрыста, другія шанавалі вужоў і абагаўлялі дубы. Ды менавіта ў часы Гедыміна пачалося будаўніцтва першых храмаў, двух замкаў — Верхняга і Ніжняга. Мабыць, з тых часоў да XIX стагоддзя ў беларускім фальклоры захавалася прымаўка: "Каб табе хадзіць у Вільню горы капаці".
Цікавая дэталь: Мікола-цудатворац, каму прысвечаны першы храм у Вільні, да 1484 г. лічыўся патронам і каталікоў, якія свой першы касцёл збудавалі яму ў хвалу.

I толькі пазней патронам Вільні (прынамсі каталіцкай часткі насельніцтва) стаў Св. Казімір.
Вільня для кожнага беларуса — сапраўдная святыня, бо значны перыяд нашай гісторыі непарыўна звязаны з гэтым прыгожым, па-сапраўднаму еўрапейскім горадам.

© Вольга ІПАТАВА, Уладзімір СТАРАСЦЕНКА