Віленшчына ў 1939 - 1944 гадах

Вільня пад летувіскай уладай

Далучэнне Вільні да Летувы прывяло да хуткага росту тут летувіскага насельніцтва, якое раней складала ўсяго 1,5%. 3 этнічнага летувіскага абшару сюды пераязджала чынавенства, ехалі вайскоўцы, паліцыя, перасялялі рабочых і сялянаў. Іншамоўных жыхароў, якіх па-ранейшаму была значная большасць, новая ўлада абвясціла колішнімі летувісамі, якіх трэба вярнуць да сваіх «сапраўдных каранёў». Такую ідэю і паклалі ў падмурак палітыкі на атрыманых ад Сталіна землях.

У грамадзянстве вельмі часта адмаўлялі нават народжаным у Вільні і на Віленшчыне. Афіцыйная прапаганда і чынавенства сцвярджалі, што беларускае насельніцтва - гэта насамрэч «страчаныя летувісы», якія мусяць дадаць да прозвішчаў канчаткі «ас», «іс», «ус» і вярнуцца да сваёй праўдзівай нацыянальнасці. Беларусы цярпелі дыскрымінацыю пры ўладкаванні на дзяржаўную службу. Сярод іх значна павялічылася беспрацоўе.

Гэтая палітыка, па сутнасці, не змянілася і пасля абвяшчэння ў ліпені 1940 г. Летувіскай ССР. У тым самым годзе Масква перадала новай «братняй рэспубліцы» частку тэрыторыі БССР плошчаю болей за дзве з паловай тысячы квадратных кіламетраў з насельніцтвам 82 тысячы чалавек, пераважную большасць якога складалі беларусы. Гэты падарунак Сталіна мусіў падсаладзіць «літоўскім таварышам» іхнюю «радасць» з нагоды ўлучэння Летувы ў склад Савецкага Саюза.

Прэм'ер-міністр незалежнай Летувы Антанас Мяркіс, якога прызначылі кіраўніком віленскай адміністрацыі, казаў, што трэба «прымусіць усіх думаць, як летувісы», і «вывесці з Віленскага краю ўсялякі чужынскі элемент», пад якім разумелі найперш беларусаў, палякаў і габрэяў.

Новая адміністрацыя зачыняла беларускія школы і культурна-асветныя арганізацыі, усяляк імкнучьіся сцерці праявы беларускай прысутнасці ў горадзе і на Віленшчыне. На гары Гедзіміна быў спалены мемарыяльны драўляны крыж, усталяваны у 1921 г. на месцы пахавання Кастуся Каліноўскага і яшчэ чатырнаццаці пакараных смерцю паўстанцаў. Мармуровая пліта з імёнамі ўсіх змагароў бясследна знікла.

Звесткі пра нацыянальны склад насельніцтва Віленскага краю да 1939 г. (як і пра тое, што напачатку Вільня з прылеглым абшарам знаходзілася ў складзе Беларусі) былі засакрэчаныя.

Нямецкая акупацыя

Пад час акупацыі Летувы гітлераўскай Нямеччынай колькасць беларускай інтэлігенцыі і наагул свядомых беларусаў у Вільні хутка зніжалася. 3 аднаго боку, ініцыятарамі карных антыбеларускіх акцыяў выступалі польскія шавіністы. Яны або «здавалі» беларусаў (абвінавачваючы іх у сімпатыях да камуністаў) немцам, або дзейнічалі наўпрост праз аддзелы падпольнай польскай Арміі Краёвай. У сваю чаргу і летувіскія паліцэйскія фармаванні, якія вылучаліся не меншай жорсткасцю, таксама разглядалі гарадское і вясковае беларускае насельніцтва як сваіх ворагаў. (Большая частка Віленшчыны разам з Вільняй была ў гэты час далучаная да генеральнай акругі «Летува».) Трэцяй антыбеларускай сілай былі засыланыя з-за лініі фронту агенты НКВД, што мелі заданне не дапусціць стварэння нашых незалежніцкіх арганізацый.

Тым не менш у гады вайны ў Вільні працавалі некалькі пачатковых беларускіх школаў, гімназія і настаўніцкая семінарыя. Аднавіў дзейнасць Беларускі музей імя Івана Луцкевіча. Выдавалася беларускамоўная газета «Беларускі голас», якую рэдагаваў славуты драматург Францішак Аляхновіч. Ён жа стаў кіраўніком віленскага камітэта падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі (БНП), што мела на мэце ўтварыць адзіны нацыянальны фронт дзеля змагання з нацыстамі і бальшавікамі за незалежную Беларусь. Сярод актывістаў партыі былі Вацлаў Іваноўскі і Станіслаў Грынкевіч.

Своеасаблівым прыкрыццём для нелегальнай дзейнасці патрыётаў служыў дазволены немцамі Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні, куды разам з Францішкам Аляхновічам уваходзілі вядомыя беларускія дзеячы Адам і Янка Станкевічы. У сакавіку 1944 г. савецкі агент Ё. Пятрайціс застрэліў Аляхновіча ва ўласнай кватэры.

У лютым 1944 г. адбылася адміністрацыйная рэарганізацыя акупаваных украінскіх, беларускіх і прыбалтыйскіх земляў. Паводле ўказу Гітлера з складу райхскамісарыята «Украіна» былі выдзеленыя і далучаныя да генеральнай акругі «Беларусь» Берасцейскі, Кобрынскі, Пінскі і Петрыкаўскі раёны. Адначасова ў склад акругі «Беларусь» была перададзеная частка акругі «Летува» зь Вільняй. Нацысты дзейнічалі ў сваіх мэтах, але, безумоўна, улічвалі этнічныя і гістарычныя аспекты. Беларускія незалежнікі звязвалі з рэарганізацыяй свае спадзяванні.

Між тым, 13 ліпеня 1944 г. савецкія войскі пры падтрымцы польскіх аддзелаў выбілі немцаў з Вільні. Пра свае прэтэнзіі на горад заявілі палякі, чыя Армія Краёва змагалася не толькі за незалежнасць Польшчы, але і за вяртанне ёй Вільні. Летувісы, натуральна, лічылі, што горад мусіць належаць ім, але былі надзвычай устрывожаныя. Іхны масавы калабарацыянізм і, наадварот, шырокі супраціў беларусаў нацысцкай акупацыі (разам з велізарнымі чалавечымі і эканамічнымі стратамі) у той час давалі падставы для перагляду лёсу Вільні з Віленшчынай і вяртання гістарычнай справядлівасці. Але Сталін палічыў, што больш выйграе, калі пакіне горад летувісам, і аднавіў Летувіскую ССР з сталіцай у Вільні.

Захаваліся прысвечаныя тым падзеям згадкі вядомага пісьменніка Юстаса Палецкіса, які займаў пасаду старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета ЛССР і ў складзе ўрадавай дэлегацыі трапіў на прыём да Сталіна: «Мы меркавалі пра будучыню Вільні, баючыся, што яна нам не дастанецца. Ведалі, што Беларусь моцна пацярпела ў вайне і там актыўна змагаліся з немцамі, тым часам у нас усё было іначай. Сядзім, маўчым... Сталін кажа: «Ну што прыціхлі?» Мы не адважваемся сказаць, а ён гаворыць: «Я думаю, што мяжа павінна прайсці вось так», - і пазногцем правёў па карце. Тады мы, узрадаваныя (Вільня з нашага боку!), падаліся да карты, каб сёе-тое падправіць. Так мы здабылі Вільню».

© У. Арлоў
"Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012.