Віленская акадэмія

Магчымасць атрымліваць вышэйшую адукацыю на радзіме ў ліцьвінскай моладзі з'явілася пасля адкрыцця Віленскай акадэміі. У 1579 г. калегіюм, які дзейнічаў у сталіцы дзяржавы, прывілеем вялікага князя Сцяпана Батуры (Стэфан Баторый) быў пераўтвораны ў першую ва Усходняй Еўропе акадэмію з усімі правамі ўніверсітэта. Новая навучальная ўстанова, такім чынам, вызвалялася ад падаткаў і набывала права прысвойваць вучоныя ступені, мець уласнае выбарнае кіраўніцтва і сваю юрысдыкцыю. Да заснавання акадэміі прычынілася Таварыства Ісуса, якое стварыла самую перадавую для таго часу сістэму адукацыі. Першым рэктарам акадэміі стаў Пётра Скарга - знака-міты прапаведнік, пісьменнік і красамоўца, які нарадзіўся ў Польшчы, але добра валодаў беларускай моваю і напісаў на ёй шэраг твораў.

 

Напачатку віленская альма-матэр мела тэалагічны і філасофскі факультэты, а з 1641 г. - і юрыдычны. Студэнтамі, як і выкладчыкамі, былі пераважна выхадцы з беларускіх земляў. У 1632 г. у акадэміі навучаліся блізу 1200 юнакоў.

У розны час тут чыталі лекцыі Пётра Скарга; славуты паэт, філосаф і тэарэтык літаратуры XVII ст. Мацей Казімір Сарбеўскі; ягоны сучаснік, вядомы ў Еуропе знаўца рыторыкі Жыгімонт Лаўксмін; правазнавец Арон Алізароўскі; гісторык Альберт Каяловіч; паэт Міхал Карыцкі; астраном і асветнік Марцін Пачобут-Адляніцкі ды шмат якія іншыя ~ знакамітыя вучоныя, педагогі, дзеячы мастацтва. Многія з іх, у тым ліку М. Сарбеўскі, А. Каяловіч і А. Алізароўскі, самі былі выхаванцамі акадэміі. Сярод найбольш знаных яе выпускнікоў пісьменнік і філолаг Мялет Сматрыцкі; педагог, пісьменнік і асветнік Сімяон Полацкі; філосаф Марцін Сміглецкі; архітэктар Лаўрын Гуцэвіч.

У Віленскай акадэміі вучыліся дзеці беларускай шляхты і магнатаў Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Валовічаў, Пацаў, Тышкевічаў, Пузынаў Завішаў ды іншых. Арыстакратыя падтрымлівала акадэмію шчодрымі ахвяраваннямі. Сын Льва Сапегі - Казімір Леў падараваў багатую бібліятэку і стаў фундатарам юрыдычнага факультэта. На сродкі амсціслаўскай кашталянкі Лізаветы Пузыны тут была заснаваная адна з першых у Еўропе навуковых астранамічных абсерваторый. Князь Мікалай Радзівіл Сіротка перадаў акадэміі друкарскае абсталяванне і шрыфты.

Адчыненая ў 1586 г. акадэмічная друкарня выдавала на некалькіх еўрапейскіх мовах падручнікі, слоўнікі, тэалагічную, філасофскую, юрыдычную літаратуру, гістарычныя даследванні, мастацкія творы. Тут, у прыватнасці, убачылі свет трактаты Арыстоцеля і Пётры Скаргі, некалькі выданняў «Гісторыі Вялікага Княства Літоўскага», «Гісторыя Англіі», «Радзівілаўскія хронікі з кароткім зместам подзвігаў роду князёў Радзівілаў». 3 друкарняй супрацоўнічалі славутыя беларускія гравёры Тамаш Макоўскі, Аляксандр і Лявон Тарасевічы.

У першай палове XVI ст. якасцю навучання Віленская акадэмія не саступала суседнім універсітэтам у Караляўцы і Кракаве або ў Ляйпцыгу. Паводле звестак акадэмічнага архіва, за час свайго існавання наша альма-матэр надала вучоныя ступені 4076 сваім выпускнікам.

 

У 1781 г. акадэмія была пераўтвораная ў Галоўную школу Вялікага Княства Літоўскага, а пазней - у Віленскі ўніверсітэт.

    ХРАНАЛОГІЯ АСНОЎНЫХ ПАДЗЕЙ
    1579 г. Віленскі калегіюм пераўтвораны ў акадэмію.
    1586 г. Адкрыццё акадэмічнай друкарні.
    1753 г. Стварэнне астранамічнай абсерваторыі.
    1781 г. Акадэмія пераўтвораная ў Галоўную школу Вялікага Кляства Літоўскага.

 

© “У. Арлоў "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае", 2012